Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 верасьня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Скандал вакол адмываньня расейскіх грошай праз Банк Нью-Ёрку набыў новае разьвіцьцё. Адміністрацыя ЗША, якая дагэтуль адмоўчвалася, учора нарэшце выступіла з афіцыйнымі тлумачэньнямі. Міністар фінансаў Лары Самэрс учора заявіў, што ЗША, як найбуйнейшы акцыянэр МВФ, не падтрымаюць выдзяленьне Расеі новых крэдытаў, пакуль ня будзе разгледжаная справаздача аб выкарыстаньні выдадзеных раней сродкаў.

Варта зазначыць, што адміністрацыя Клінтана ў зьвязку з апошнімі публікацыямі вакол адмываньня расейскіх грошай зараз рэзка крытыкуецца прэсаю і сваімі палітычнымі апанэнтамі – рэспубліканцамі. Асабліва дастаецца віцэ-прэзыдэнту Альбэрту Гору, які, як ведама, узначальваў сумесныя камісіі з расейскімі прэм'ер-міністрамі. Пад сумнеў ставіцца ўвогуле эфэктыўнасьць усёй клінтанаўскай палітыкі што да постсавецкай Расеі.

Джон Падэста, галава адміністрацыі прэзыдэнта ЗША, вымушаны быў абараняць дасягненьні адміністрацыі Клінтана ў адносінах з Расеяй, заявіўшы, што надусім гэтая палітыка мела посьпех – ад раззбраеньня да стварэньня рынкавае эканомікі.

Заява міністра фінансаў ЗША шакавала многіх у Расеі, дзе загаварылі аб імкненьні Злучаны Штатаў пачаць стварэньне новай жалезнай заслоны. Цікава, што расейскія палітычныя дзеячы самых розных кірункаў, як і расейская прэса, выступілі адзіным фронтам супраць абвінавачваньняў заходняй прэсы. Нават Анатоль Чубайс, якога лічаць самым праамэрыканскім палітыкам у Расеі, заявіў: "У ЗША ёсьць пэўныя палітычныя сілы, якія зацікаўленыя паказаць, што ўсё ў Расеі абвалілася, ўсё разбуранае і ўсё раскрадзенае".

Расейскі ўрад, настойвае, што справа з адмываньнем грошай была наўмысна разьдзмутая заходнімі СМІ й палітыкамі. Міністар замежных справаў Ігар Іваноў назваў гэта часткаю прадуманае палітыкі "пэўных колаў, якія не жадаюць, каб Расея сьцьвярджала сваю ролю вялікае дзяржавы". "Расея ніколі не пагадзіцца са спробамі Захаду з дапамогаю непадцьверджаных фактаў кінуць цень на нашую краіну", – сказаў Іваноў, заявіўшы, што гэтыя колы хочуць дыскрэдытаваць расейскае грамадзства й прадпрымальнікаў.

Расейскія прэса актыўна вылучае вэрсіі паходжаньня скандалу, сярод якіх самай распаўсюджанай ёсьць спасылка на пачатак у ЗША барацьбы за прэзыдэнцкае крэсла, у якой антырасейскую карту разыгрываюць рэспубліканцы. Паводле іншай вэрсіі, заходнія крэдыторы такім незвычайным спосабам адказваюць на расейскі дэфолт – няздольнасьць аддаваць запазыкі.

Расейскія журналісты адзначаюць неверагоднасьць названых у паведамленьнях амэрыканскае прэсы лічбаў, якія вырасьлі ад 4 да 15 мільярдаў нібыта "адмытых" даляраў. За ўсе гады рэформаў Расея атрымала ад МВФ 16 мільярдаў даляраў, а яе гадавы бюджэт цяпер роўны 20 мільярдам. Зьвяртаецца таксама ўвага, што найбольш скандальны артыкул на гэтую тэму выйшаў у газэце "USA today", якая не зьяўляецца дастаткова аўтарытэтным выданьнем.

Якімі б не былі матывы паводзінаў усіх удзельнікаў скандалу, відавочна, што яны выклікалі новую хвалю аналітычных артыкулах у заходнім друку, прысьвечаных Расеі. І калі некаторыя акалічнасьці цяперашняга скандалу могуць выглядаць дастаткова сумніўнымі ці супярэчлівымі, то сьцьверджаньні аб вялікім узроўні ў карупцыі ў Расеі наўрад ці можна аспрэчыць.

"Нажаль, нічога новага ў тым, што ў Расеі карупцыя", – пад такім загалоўкам аналізуе сытуацыю нямецкая "Suddeutsche Zeitung". "Усеабдымная карупцыя ў Расеі на стагодзьдзі старэйшая за партыйную сыстэму. Яшчэ Карл Маркс пісаў у сваім аналізе расейскае гісторыі, што карупцыя зьяўляецца нормаю ў азіяцкіх грамадзтвах, да якіх ён адносіў і Расею з-за яе строгай ўладнай герархіі ды адсутнасьці разьдзяленьня ўладаў. Гэта было пры цары, засталося за камуністамі, і сёньня пры Ельцыне", – адзначае нямецкае выданьне.

"У Расеі кожная галіна ўлады служыць выключна эліце, а не грамадзянам, і вярхоўны правіцель не супраць таго, каб ягоныя міністры ўзбагачалі сябе прынамсі да тае пары, пакуль яны абараняюць ягоныя інтарэсы. Горш за ўсё, бальшыня грамадзянаў проста прымаюць карупцыю як факт жыцьця, штосьці такое, з чым расейскія людзі заўсёды былі прывучаныя мірыцца", – піша "Suddeutsche Zeitung".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG