Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 02 верасьня 1999 г.


Вольга Караткевіч, Менск

(Эфір 1 верасьня)
1 верасьня шматлікія менчукі, якія вярталіся з працы й праходзілі праз сталічны Міхайлаўскі сквэр, сталі сьведкамі чарговага намаганьня Таварыства Беларускае Мовы ў справе абароны нацыянальных каштоўнасьцяў. ТБМ зарганізаваў пікет у абарону правоў беларускае мовы, за стварэньне беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту, супраць перайменаваньня праспэкту Францішка Скарыны.

Удалае мейсца правядзеньня пікету й зразумелыя лёзунгі — гэта стыль пікетаў Таварыства Беларускае мовы. Шматлікія менчукі й ня ведалі пра ініцыятыву Лукашэнкі памяняць назоў прасьпекту імя Францішка Скарыны і актыўна ставілі свае подпісы супраць гэтае ідэі. Пасьля тактоўных і лягічных тлумачэньняў удзельнікаў пікету мінакі цікавіліся газэтаю "Наша Слова", а ўлётку з малітваю за беларускую мову, напісанай вучаніцаю дзясятай клясы сярэдняй школы № 199, акуратна клалі ў сумкі ці кішэні — як жа выкінуць словы: "Усемагутны Божа, уладар неба й зямлі! У шчырай пакоры просім Цябе — зьлітуйся над тымі, хто адрокся ад сваёй мовы". Маладыя і сталыя людзі ўжо каторы год выступаюць за беларускамоўную адукацыю, за павагу да роднага слова.

Гаворыць удзельнік пікету, 70-гадовы пэнсіянэр: "Лёс беларускае мовы мяне цікавіць ужо 50 гадоў. Ужо ў 18 гадоў ведаў — калі няма мовы, ня будзе й нацыі-народа, ня будзе сям'і. А вось гэтая ўрбанізацыя, горад, акупацыя, расейскі царызм, бальшавізм прыйшоў. І калі пачалі рабіць інтэрнацыяналістаў — зрабілі зьвяружыстую істоту, у якой няма анічога. І найперш — мовы. Мова — гэта душа, дух. Бяз мовы няма чалавека. Бог, кажуць, стварыў мовы. І калі Ён пасадзіў беларуса ці паляка, ці ліцьвіна вось на гэтай зямлі, дзе расьце бульба ці журавінка... Слова — "журавінка"! А ня "клюква".

На пікеце было шмат моладзі. Маладыя беларусы зьвязваюць абыякавасьць грамадзтва да праблемы захаваньня спадчыны, мовы й культуры з савецкай сыстэмаю выхаваньня: "немец размаўляе па-нямецку, па-гішпанску гутараць гішпанцы, беларус — чамусьці па-савецку, беларус — чамусьці на "трасянцы".

Я спыталася маладога чалавека, які трымаў плякат з цытаванымі словамі:

(Пікетовец: ) "Вырасьлі ўсе пад прыгнётам Расеі, вось і размаўляюць па-савецку..."

(Карэспандэнтка: ) "А Вы ж хіба не?"

(Пікетовец: ) "Проста мой дзядзька заўсёды выхоўваеў мяне ў беларускіх традыцыях. Бацькі мае таксама па-расейску размаўляюць".

(Карэспандэнтка: ) "Вы аптыміст у гэтай справе?"

(Пікетовец: ) "Можа я й дажыву... Але ня верыцца, што гэты пікет нешта зробіць".

(Карэспандэнтка: ) "Але тым ня менш Вы прыйшлі ў пікет..."

(Пікетовец: ) "Ну я прыйшоў проста пастаяць за справу".

(Карэспандэнтка: ) "А як вас завуць?"

(Пікетовец: ) "Кузьняцоў Віктар".

На пікеце прысутнічалі й тыя, хто адстаяў у няпростай барацьбе з чыноўнікамі й лянотаю права вучыцца на роднай мове:

(Пікетовец: ) "Я Павал. Вучуся ў 191-й школе, і мы яшчэ ўвесну змагаліся за сваю клясу, каб яе не зачынілі".

(Карэспандэнтка: ) "А чаму хацелі зачыніць?"

(Пікетовец: ) "Гэта ўсё тлумачылася так, што кляса была нерэнтабельная".

(Карэспандэнтка: ) "А што значыць "нерэнтабельная кляса"?"

(Пікетовец: ) "Мала вучняў, і ў настаўнікаў "прападае" шмат часу.

...Я прыйшоў, каб адстаяць назву праспэкта й права беларускае мовы".

Улётка Таварыства Беларускае Мовы нагадвае: "беларускамоўная адукацыя сёньня — гарант незалежнасьці Бацькаўшчыны заўтра". На сёньня ў Менску фармальна 13 школаў зь беларускамоўнымі клясамі — па дзьве школы на раён (апроч Савецкага раёну — там беларускае школы няма). У Беларусі 42-е дзяржаўныя расейскамоўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, і аніводнае — з толькі беларускамоўным выкладаньнем.

Неабыякавых да лёсу мовы Таварства Беларускае Мовы запрашае на чарговае мерапрыемства — мітынг, які адбудзецца 9 верасьня а 17:00 на пляцы перад Палацам чыгуначнікаў у Менску. А чыноўнікам, якія дэкляруюць роўнасьць моваў і права выбару мовы навучаньня, актывісты ТБМ адказваюць так: "для роднай мовы створаны ўмовы — паўсюдна на вачох чыжыя словы".

XS
SM
MD
LG