Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 верасьня 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Заходняя прэса па-ранейшаму шмат увагі надае тэме карупцыі ў Расеі. Мэдыі, аднак, цікавяць зараз ня столькі падрабязнасьці апошніх скандалаў, колькі пытаньне – ці ёсьць карупцыя ў Расеі вынікам курсу палітычных рэформаў. І ці не адаб'юцца апошнія фінансавыя афэры на стасунках паміж Расеяй і Захадам?

Газэта "The New York Times" у сёньняшнім нумары зьвяртае ўвагу на тое, што расьсьледваньне ў справе адмываньня расейскіх грошай у ЗША прымусіла адміністрацыю Клінтана ўсумніцца ў правільнасьці эканамічнае палітыкі, скіраванае на падтрымку рэформаў у Расеі цягам апошніх сямі гадоў.

Некаторыя афіцыйныя асобы, у тым ліку з адміністрацыі, крытыкуюць амэрыканскі ўрад за тое, што яму было вядома аб фактах карупцыі ў, Расеі, у прыватнасьці, у вышэйшых уладных структурах. Але ён не надаваў гэтым фактам вялікага значэньня. Такая пазыцыя тлумачылася неабходнасьцю падтрымліваць прэзыдэнта Ельцына ў разьвіцьці рынкавае сыстэмы.

На пачатку году, калі адміністрацыя зьвярнулася ў кангрэс з просьбаю вылучыць 18 мільярдаў даляраў зь бюджэту ў Міжнародны валютны фонд, ужо было вядома аб праблемах з выкарыстаньнем крэдытаў МВФ у Расеі. Але прадстаўнікі адміністрацыі неахвотна гаварылі на гэтую тэму ў Капітоліі.

Намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША Строўб Тэлбат, які лічыцца галоўным архітэктарам палітыкі Біла Клінтана ў адносінах да Расеі, сказаў нядаўна ў інтэрвію, што "галоўнае пытаньне палягае на тым, наколькі шмат было грошай, і які быў мэханізм іхнага адмываньня".

Былы дыплямат Тэлбат, які доўгі час жыў у Маскве ды часта бывае ў ёй цяпер, сьцьвярджае, што адміністрацыя старалася не закранаць тэму карупцыі на высокім узроўні, баючыся, што гэта пашкодзіць супрацоўніцтву ў галіне бясьпекі з Расеяй як ядравай дзяржаваю, альбо падштурхне яе да больш актыўнага супрацоўніцтва зь Іракам ды Іранам.

Рашэньне дапамагаць рэформам складала дагэтуль сутнасьць палітыкі Клінтана адносна Расеі. У рэчышчы гэтае палітыкі лічылася добрым тое, што расейскія алігархі дапамаглі грашыма выбарчай кампаніі Барыса Ельцына ў 96-м годзе, бо ў выніку ён перамог лідэра камуністаў Генадзя Зюганава.

Праблема карупцыі сярод высокапастаўленых чыноўнікаў ў Расеі зусім ня новая. Вось толькі адзін прыклад:

"Напачатку 1995 году віцэ-прэзыдэнт ЗША Альбэрт Гор зьвярнуўся да ЦРУ з просьбаю праверыць інфармацыю аб карупцыі тагачаснага прэм'ера Віктара Чарнамырдзіна. (Запыт быў зроблены напярэдадні пачатку дзейнасьці амэрыкана-расейскае камісіі Гор-Чарнамырдзін) Паводле супрацоўнікаў ЦРУ, Гор адхіліў прадстаўлены яму пазьней даклад".

Зараз, перад новай пагрозаю краху рэформаў у Расеі, адміністрацыя Клінтана спрабуе дапамагчы ёй выкараскацца са скандалу з адмываньнем грошай. Вашынгтон нават накіраваў некалькі экспэртаў у пытаньнях валюты ды спэцыялістаў ФБР у Маскву дзеля ўдзелу ў расьсьледваньні абставінаў справы магчымага адмываньня грошай у Банку Нью-Ёрку.

Шмат хто з высокапастаўленых асобаў у ЗША, а таксама ў кіраўніцтве МВФ, падкрэсьліваюць, што пакуль няма доказаў выкарыстаньня грошай фонду ў карысьлівых мэтах, альбо датычнасьці да адмываньня грошай Ельцына ды ягонай сям'і.

Брытанская "Financial Times" узгадвае ў гэтай сувязі гэнэральнага пракурора Расеі Юрыя Скуратава, адпраўленага ў адстаўку Барысам Ельцыным. У артыкуле пад назовам "Скуратаў сьмяецца апошнім" пералічваюцца гучныя фінансавыя афэры ў Расеі за апошні час, якімі займалася гэнэральная пракуратура.

Наша даведка:

"У верасьні 1998 году, адразу пасьля фінансавага крызысу, Дзяржаўная падліковая палата выявіла, што прыватная фірма "Фімако" ў сваёй дзейнасьці выкарыстоўвала валютныя рэзэрвы Цэнтральнага банку Расеі на рынку дзяржаўных каштоўных аблігацыяў (ДКА).

У студзені 99-га гэнэральная пракуратура пачала сьльедзтва ў справе незаконнага пералічэньня грошай у швайцарскую фірму "Андава", якая супрацоўнічала з расейскай кампаніяй "Аэрафлот". У справе фігуравала імя Барыса Беразоўскага.

Амаль адначасна пачалося сьледзтва ў справе кампаніі "Мабітэкс", галоўны офіс якой знаходзіцца ў швайцарскім Лугана. Менавіта пасьля гэтага Скуратаў, які пачаў супрацоўнічаць са швайцарскай пракуратураю, быў звольнены з пасады "за амаральныя паводзіны". Але верхняя палата Фэдэральнага сходу Расеі не прыняла адстаўку. Дарэчы, адзін са сьледчых пракуратуры, які займаўся справаю "Мабітэксу" і які быў адхілены ад сьледзтва, Чуглазаў заявіў днямі, што скандальныя факты, апублікаваныя газэтаю "Corriere della Sera", у тым ліку наконт рахункаў Ельцына і ягоных дачок у швайцарскіх банках, спраўджваюцца на 90 адсоткаў.

У жнівені 1999 году Банк Нью-Ёрку западозрыў дзьвюх сваіх супрацоўніцаў у незаконных банкаўскіх апэрацыях, цягам якіх у банк былі пераведзеныя з Расеі празь Нямеччыну каля 10 мільярдаў даляраў. Адна зь іх была звольненая. Банк пачаў праверку сваіх фінансавых дакумэнтаў".

Карупцыя ў Расеі наогул мае татальны характар. Яна пранізвае самыя шырокія пласты грамадзтва, уключаючы высокапастаўленыя колы, істэблішмэнт, сілавыя ды праваахоўныя структуры, суды. Карумпаванасьць чыноўнікаў і палітыкаў самым непасрэдным чынам выкарыстоўвае арганізаваная злачыннасьць або, як яе яшчэ называюць, расейская мафія. Пра гэта адкрыта пішуць расейскія мэдыі.

Карупцыя, варта нагадаць, заўсёды была праблемаю нават у цэнтралізаваным Савецкім Саюзе. Пасьля 1991 году яна расквітнела на ўсю моц. Паводле самых сьціплых ацэнак, у Расеі налічваецца зараз 5700 крымінальных груповак. Аднак, ці азначае гэта, што карпуцыя ёсьць простым вынікам дэмакратычных рэформаў, як сьцьвярджаюць некаторыя аглядальнікі ў Расеі ды іншых пастсавецкіх рэспубліках?

Аглядальнік "The Washington Post" Фрэд Хаят, які працаваў раней у Маскве і дарэчы не аднойчы пісаў пра сытуацыю ў Беларусі, выказвае ўласную ацэнку:

"На пачатку 90-х гадоў рэфарматары ня горш за іхных крытыкаў зьлева разумелі небясьпеку прыватызацыі ва ўмовах адсутнасьці прапісанага заканадаўства, жорсткай ды эфектыўнай судовай сыстэмы. Аднак, яны спадзяваліся, што пасьля пэўнага пэрыяду хаосу новыя ўласьнікі маёмасьці пераканаюцца, што ім самім выгадна панаваньне закону й парадку".

Пакуль, на думку аўтара "The Washington Post", ранам даваць ацэнку, ці гэтыя спадзяваньні спраўдзіліся. На пасьлясавецкай прасторы ёсьць шырокае поле для параўнаньня. Ва Ўзбэкістане, Казахстане, некаторых іншых рэспубліках Цэнтральнае Азіі не пайшлі шляхам прыватызацыі. Але гэтыя краіны ня толькі не выглядаюць лепшымі за Расею ў пляне эканомікі, але ператварыліся ў звычайныя дэспатыі. У Расеі, – піша "The Washington Post", – у выніку прыватызацыі паўсталі ня толькі праблемы – зьявілася цэлая кляса людзей, якія пачалі жыць нашмат лепш як раней".

У Беларусі, як добра вядома, улады, мяккка кажучы, непрыхільна ставяцца да прыватызацыі і ўвесь час змагаюцца з карупцыяй. Аднак, сам факт досыць вялікай колькасьці гучных працэсаў, на якіх судзяць карумпаваных чыноўнікаў прымушае задумацца. І ня толькі над тым, што частка падобных справаў можа быць сфабрыкаванай, але ж і над тым, што адсутнасьць эканамічных рэформаў і дэмакратыі зусім не азначае адсутнасьці ў грамадзтве карупцыі. І наадварот – публічнае абмеркаваньне ў мэдыях усіх праблемаў – у тым ліку карупцыі на самым версе ўлады, як паказвае практыка заходніх краінаў, гарантуе грамадзтву стабільнасьць і магчымасьць разьвіцьця.

XS
SM
MD
LG