Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 верасьня 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Міжнародны Гаагскі Трыбунал у справе расьследаваньняў ваенных злачынстваў у былой Югаславіі быў створаны у 1993 годзе. Апошнія тры гады яго ўзначальвала судзьдзя з Канады Луіза Арбур. У верасьні яна перадае свае паўнамоцтвы гэнэральнаму пракурору Швайцарыі Карле дэль Понтэ. Сёньня агэнцыя "Reuters" зьмясьціла камэнтар з гэтай нагоды.

Калі Луіза Арбур у кастрычніку 96-га году пераймала паўнамоцтвы, суд яшчэ змагаўся за міжнароднае прызнаньне й падтрымку. Яго крытыкі сьцьвярджалі, што Гаагскі трыбунал паставіў перад сабой занадна маштабную задачу: на той момант у турме гаагскага прадмесьця Шэвенінгэн была толькі купка затрыманых невысокага рангу. За час знаходжаньня на пасадзе Луізы Арбур колькасьць затрыманых патроілася і, галоўнае, сярод іх зьявіліся высокапастаўленыя асобы. Так, адзін зь іх, Мамір Таліч – начальнік штабу арміі басьнійскіх сэрбаў – быў абвінавачаны за крывавыя расправы над басьнійскімі мусульманамі й харватамі ў 92-м годзе і заарыштаваны толькі 25 жніўня сёлета аўстрыйскай паліцыяй.

Арбур, у адрознасьці ад яе папярэдніка, Рычарда Голдстана, пачала выкарыстоўваць практыку вынясеньня сакрэтных абвінавачваньняў, што, паводле ейнага досьведу, павышала верагоднасьць затрымаць абвінавачаных і зьмяншала рызыку супраціву. Яе тактыка прынесла вынікі і, калі й застаецца пра нешта шкадаваць, – піша камэнтатар "Reuters", – дык гэта пра тое, што дасюль не ўдалося затрымаць былога лідэра басьнійскіх сэрбаў Радавана Караджыча ды вайсковага камандзіра Радка Младзіча, абвінавачаных за правядзеньне гэнацыду ў Босьніі.

Карла дэль Понтэ, прызначаная на пасаду кіраўніка Трыбуналу ў Гаазе Кофі Ананам, на працягу пяці гадоў была генеральным пракурорам Швэйцарыі. За гэты час яна мела дачыненьне да расьсьледаваньня справаў італьянскае мафіі, лацінаамэрыканскіх гандляроў наркотыкамі й адмываньня расейскіх "брудных" грошай праз швайцарскія банкі й фірмы.

Карла дэль Понтэ мае рэпутацыю дасьведчанага й высокапрафэсійнага пракурора, мае яна як сваіх крытыкаў, так і прыхільнікаў. Першыя лічаць, што Карла дэль Понтэ занадта хуткая на вынясеньне санкцыяў на арышт і нярэдка потым адпускае падазраваных без вынясеньня абвінавачваньняў. Аднак іншыя цэняць яе ўменьне арганізоўваць расьсьледаваньне на міжнародным узроўні, а таксама справядлівы падыход да людзей без аглядкі на іхныя пасады й статус.

Луіза Арбур, пакідаючы свой офіс у Гаазе, і зьбіраючыся на радзіму ў Канаду, выказала задавальненьне тым, што яе наступніцай стане кампэтэнтны прафэсіянал. Бо, як яна меркавала, было б горш, калі на гэтую пасаду быў бы прызначаны кар'ерны дыплямат. Афіцыйна тэрмін паўнамоцтваў Луізы Арбур сканчаецца 15 верасьня.

Яна, як падсумоўвае камэнтатар "Reuters", была аўтарам першага абвінавачваньня ў ваенных злачынствах, вынесенага кіраўніку дзяржавы – югаслаўскаму прэзыдэнту Слабадану Мілошавічу. Ад яе наступніцы Карлы дэль Понтэ чакаюць, што Мілошавіч, нарэшце, паўстане перад судом.

XS
SM
MD
LG