Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 верасьня 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Ва Ўсходнім Тыморы пачаўся падлік галасоў паводле вынікаў галасаваньня аб статусе правінцыі. Гэтым займаецца пэрсанал Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў, пры чыім непасрэдным удзеле ў гэты панядзелак быў праведзены рэфэрэндум.

Пасьля адноснага спакойнага – паводле мяйсцовых мерак – дня рэфэрэндуму ўчора ва Ўсходнім Тыморы йзноў узрасла напружанасьць. Тутэйшыя праціўнікі адлучэньня правінцыі ад Інданэзіі cкіравалі свой гнеў супраць місіі ААН, якая займаецца падлікам галасоў.

У панядзелак адзін зь мяйсцовых супрацоўнікаў місіі быў забіты, калі вяртаўся дадому з участка для галасаваньня. Учора канвой ААН, які адвозіў урны з галасамі, быў заблякаваны ля вёскі Глено. У канвоі знаходзілася каля 150 супрацоўнікаў місіі. Паводле інфармацыі былога намесьніка прэм'ер-міністра Аўсталіі Ціма Фішэра, трое зь іх былі забітыя.

У многіх мейсцах узброеныя аддзелы блякавлі дарогі, а таксама мяйсцовы порт і аэрапорт. Быў абстраляны адзін зь гелікоптэраў місіі ААН, які перавозіў выбарчыя бюлютэні.

Праінданэзійскія сілы абвінавачваюць ААН у перадузятым стаўленьні да рэфэрэндуму, называючы яго "міжнароднай змоваю". З гэтай жа прычыны кіраўніцтва ўрадавае міліцыі ўчора не зьявілася на першае паседжаньне новае Прымірэнчае рады.

Прадстаўнік адной з узброеных груповак таксама заявіў, што цяпер тымарыйская эліта мусіць будзе застацца ў правінцыі і несьці адказнасьць за вынікі рэфэрэндуму. Як прагназуецца, за незалежнасьць ад Інданэзіі выказаліся каля 85 адсоткаў жыхароў Усходняга Тымору.

Аднак, як адзначаецца некаторымі назіральнікамі, рэальнага пляну будаўніцтва незалежнага Ўсходняга Тымору, выглядае, пакуль не йснуе. На тэрыторыі гэтай правінцыі Інданэзіі гадамі вялося крывапралітнае змаганьне. Нядаўна гэтую бяднейшую і неспакойную правінцыю пакінуў апошні хірург, а вайсковым лекарам Інданэзіі аддадзены загад мяйсцовае насельніцтва не абслугоўваць.

Тым ня менш сусьветная супольнасьць вітала само правядзеньне галасаваньня як спосаб вырашэньня даўняга канфлікту. Паведамляецца, што Пакістан, які вядзе спрэчку зь Індыяй за Кашмір, прапанаваў індыйскаму ўраду ўрэгуляваць праблему Кашміра паводле прыкладу рэфэрэндуму ва Ўсходнім Тыморы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG