Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 верасьня 1999 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Прадпрыймальнікі рэчавых кірмашоў Гарадзеншчыны ў падтрымку акцыі пратэсту сыйшлі ў адпачынак.

Зь 1 верасьня робіцца правамоцным пункт прэзыдэнцкага дэкрэту, у якім гаворыцца аб тым, што без наяўнасьці адпаведных дакумэнтаў у прадпрыймальнікаў таварна-матэрыяльныя аштоўнасьці будуць канфіскоўвацца ў даход рэспубліканскага бюджэту. У дзесяць гадзінаў раніцы сёньня самы буйны рэчавы кірмаш вобласьці — Паўднёвы — быў цалкам спусьцелым. На кірмашы Цэнтральным толькі адная жанчына развесіла штучныя кветкі, але, калі зьявіліся прадстаўнікі Свабоднага прафэсынага зьвязу, яна пачала хаваць тавар. Палова мейсцаў у харчовых шрагох таксама пуставала, паколькі гандляры, скажам так, каляніяльнымі таварамі, каваю, гарбатаю ды іншым — адназначна падтрымалі акцыю.

У яе падтрымку выказаліся й прадпрыймальнікі іншых гарадоў вобласьці. Прынамсі, мне канкрэтна вядома, што 1 верасьня не працавалі кірмашы ў Лідзе й Ваўкавыску.

Як ні дзіўна, улады досыць спакойна настроены адносна акцыяў прадпрыймальнікаў. Адзін чыноўнік гарадзкога выканаўчага камітэту растлумачыў мне, у чым прычына: вядома, што тавары й харчы на кірмашах таньнейшыя за крамныя — карацей кажучы, кірмашы ствараюць рэальную канкурэнцыю гандлю, немалая частка якога застаецца па-ранейшаму дзяржаўным. Такім чынам, кірмашы спыніліся і пакупінкі больш тавараў і прадуктаў будуць зараз купляць у крамах.

Другая тэма сёньняшняга дня — гэта абвешчаная было галадоўка работніцаў сумеснага беларуска-галянцкага прадпрыемства "Альформа", дзе апрацоўваюцца крэвэткі. Падзеі адбываліся так: у аўторак а 23-й гадзіне дваццаць работніцаў прыйшлі да офісу свайго прадпрыемства, каб распачаць галадоўку. Аднак, зьявілася намесьнік старшыні гарадзкога выканаўчага камітэту Валянціна Лаўцэль і прадстаўнік адміністрацыі Ленінскага раёну гораду Аляксандар Сіўцоў.

Яны пачалі перамовы з прадстаўніцамі Свабоднага прафэсыйнага зьвязу "Альформы" Ірынаю Байрашэўскай і Сьвятланаю Занько. Прадстаўнікоў Рэспубліканскае рады Свабодных прафэсыйных зьвязаў Валерыя Леванеўскага і Гэльсынскага камітэту — Аляксандра Антанюка на перамовы не дапусьцілі.

Скончыліся перамовы ўначы. А 10-й гадзіне ўранку ў гарадзкім выканаўчым камітэце адбылася паўторная сустрэча паміж кіраўнікамі ўладаў і работніцамі "Альформы". Апошнім паабяцана, што паміж імі й кіраўніцтвам прадпрыемства будзе падпісаная калектыўная дамова, і што грошы работніцам надалей будуць выплочвацца своечасова.

Паводле апошніх зьвестак, грошы на прадпрыемства паступілі. Аднак галадоўка толькі прыпынена. Калі правы "крэвэтачніц" будуць уціскацца йзноў — яны могуць працягнуць акцыю пратэсту.

XS
SM
MD
LG