Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 верасьня 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

Сёньня распачалася агульнарэспубліканская акцыя пратэсту супраць уводу ў дзеяньне дэкрэту Лукашэнкі № 14: аб канфіскацыі тавараў пры адсутнасьці сэртыфікатаў да іх ці суправаджальных дакумэнтаў.

Акцыя паўстала стыхійна й ахапіла рэчавыя кірмашы шмат якіх беларускіх гарадоў. Не працавалі гандляры Гародні, Пінску, Баранавічаў, былі пустымі рэчавыя кірмашы сталіцы.

Прадстаўнікі ня самай беднай часткі беларускага грамадзтва баяцца згубіць тое, што маюць. А згубіць — праз канфіскацыю — яны могуць свой тавар, калі на яго ня будзе сапраўднай накладной ды даведкі пра законную куплю валюты на біржы ці ў абменным пункце.

Што да валюты, то, ва ўмовах значнае розьніцы рынкавага курсу й афіцыйнага, набыць яе легальна немагчыма ўжо працяглы час. Адносна дакумэнтаў аб паходжаньні тавару, адная са сталічных прадпрыймальніцаў, Мая Сінайская адзначыла: "Я не магу давесьці, што кітаец, які жыве ў Маскве, зьяўляецца грамадзянінам Расеі і сумленна плаціць падаткі. Падаткоўцы зараз забавязваюць мяне гэта даводзіць! Дасылаюць туды запыт, і калі кітайца няма ў рэестрах — значыць я немаведама як набыла свой тавар, я — парушальніца! За гэта яго канфіскуюць!"

Да 1 верасьня прадпрыймальнікам была дадзеная адтэрміноўка ў канфіскацыйных дзеяньнях. Разам з тым сталічныя падаткоўцы патрабавалі распісацца што ганляры азнаёмленыя з новымі правіламі гандлю і, іншымі словамі, пагаджаюцца са штрафам і канфіскацыяй.

Прадпрыймальнікі настроены рашуча:

"Першы хапун — няважна дзе: у Маладэчне, Дрыбіне, любым горадзе Беларусі — за адсутнасьць накладных або дакумэнтаў аб набыцьці валюты — і спыняецца ўся краіна! Кожны пойдзе ў падатковую інспэкцыю і падасьць заяву, што спыняе прадпрыймальніцкую дзейнасьць і аплату падатку, стане на ўлік на біржы працы як беспрацоўны..." — гэткія інструкцыі аб далейшых дзеяньнях гучалі сёньня на сталічным стадыёне "Дынама" — самым буйным рэчавым кірмашу Менска.

"Як доўга гандляры гатовыя не выходзіць на працу?" — спытаў я аднаго зь іх, на выгляд, настроенага ня вельмі рашуча:

"Нават год. Калі пачнуць канфіскоўваць кожны дзень, людзі ўвогуле перастануць працаваць. Гэтая мера ў першую чаргу закране сталіцу" — прагназуе прадпрыймальнік, які назваўся Уладзімерам.

Ягоныя калегі прагназуюць, што ў такім выпадку бюджэт краіны сутыкнецца зь відавочнымі цяжкасьцямі — пад час травеньскага страйку ў Гародні гараджанам былі затрыманыя заробкі, якія пачалі выплочваць толькі пасьля аплаты падаткаў гандлярамі.

З прычыны таго, што баранавіцкія гандляры не плацілі падатак на верасень, праблема з пэнсыямі, лічаць прадпрыймальнікі, закране 60 адсоткаў пэнсыянэраў гэтага гораду. Ня лепш будзе і ў сталіцы. Тут адаб'ецца вялікая колькасьць прыватнікаў і вялікія сумы наўпроставых і ўскосных аплатаў.

Што будзе заўтра, гандляры нават не прагназавалі, бо сёньня на рабочыя мейсцы ня выйшлі нават тыя, хто мае бездакорныя дакумэнты — прадпрыймальнікі чакаюць адказу на свой ліст з патрабаваньнем адмены канфіскацыйных санкцыяў. Ліст быў падпісаны 5-цю тысячамі гандляроў і накіраваны ў шэраг зацікаўленых ведамстваў.

Калі ўмовы выкананыя ня будуць, менскія гандляры абяцаюць зь першага кастрычніка не плаціць падаткі й далучыцца да акцыяў пратэсту, аб'яўленых Фэдэрацыяй прафэсыйных зьвязаў. Дарэчы, прадпрыймальніцкі прафэсыйны зьвяз таксама падтрымаў гэтую акцыю. А паколькі прыватнікі ёсьць у кожным больш-менш вялікім гарадку, акцыя можа ахапіць усю краіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG