Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 жніўня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Сёньня Дзень Незалежнасьці Кыргыстану. Але сьвята ў гэтай сярэднеазіяцкай краіне азмрочанае баявымі дзеяньнямі паміж урадавым войскам і ўзброенай групоўкаю, якая ўвайшла ў паўднёвыя раёны краіны з суседняга Таджыкістану і замацавалася ў гарах. Пра сытуацыю ў Кыргыстане з нашым кыргыскім калегам Нарынам Айыпам гаворыць Сяржук Сокалаў-Воюш.

(Карэспандэнт: ) "Нарын, у чым сутнасьць узброенага канфлікту, які цяпер разгараецца ў Кыргыстане?"

(Айып: ) "Межы паміж Кыргыстанам, Таджыкістанам і Ўзбэкістанам былі занадта адвольна вырабленыя ў 20-х гадох і таму насельніцтва ў памежных раёнах гэтых краінаў моцна памяшанае. Шмат кыргызыаў жыве ў Таджыкістане й Ўзбэкістане, узбэкаў – у Таджыкістане й Кыргыстане і гэтак далей. Таму падставы для этнічных канфліктаў закладзеныя тут з 20-х гадоў.

Калі пачалася грамадзянская вайна ў Таджыкістане, шмат кыргызаў, якія там жылі, уцяклі ў Кыргыстан. Межы паміж трыма краінамі амаль не ахоўваюцца. Толькі ў апошнія год–два Ўзбэкістан пачаў умацоўваць свае межы. Кыргыстан жа асабліва не ахоўваў свае межы, бо і вялікай патрэбы ў тым ня было.

Пасьля таго як пачала дзейнічаць дамова пра мір паміж таджыцкімі ўрадам і апазыцыяй, усе ўзброеныя фармаваньні мусілі быць раззброенымі. Але на баку таджыцкай апазыцыі ваявала шмат узбэкаў, якія былі і супраць ураду Таджыкістану, і супраць ураду Ўзбэкістану. Паколькі цяпер у Таджыкістане ім мейсца ня стала, яны вырашылі перайсьці ва Ўзбэкістан па самай кароткай дарозе – праз Кыргыстан. У час пераходу напрыканцы ліпеня яны былі спыненыя і ўзятыя ў аблогу кыргыскімі памежнікамі. Гэта стала пачаткам канфлікту.

Ад пачатку баявікі захапілі некалькі афіцыйных асобаў Кыргыстану. Дзяржава выкупіла сваіх людзей за 50 тысячаў даляраў. Калі баявікі зразумелі, што за закладнікаў можна атрымаць грошы, яны ў мінулыя выхадныя – 29 жніўня – вялікай групай увайшлі ў Кыргыстан і пачалі, можна так сказаць, лякальную вайну.

Краіна ня мае сілаў каб лякалізаваць і абяззброіць баявікоў, якія вельмі моцна ўзброеныя і паводле дзе якіх зьвестак прайшлі падрыхтоўку на вайсковых базах ў Аўганістане.

На сёньня захопленыя пяць вёсак у Баткінскім раёне. Усе іхныя жыхары – каля 300 чалавек – сталі закладнікамі. Апрача гэтага некалькі чалавек захопленыя ў суседнім Чулмалайскім раёне. Сярод закладнікаў: начальнік войскаў міністэрства нутраных справаў Кыргыстану гэнэрал Шамкіеў і чатыры японскія гэолягі, якія працавалі там на залатым радовішчы. Улады цьвердзяць, што робяць усё магчымае, але вялікая колькасьць закладнікаў замінае больш актыўным дзеяньням".

(Карэспандэнт: ) "Кыргыстану дапамагаюць іншыя рэспублікі, і часам гэта прыводзіць да непажаданых наступстваў…"

(Айып: ) "Так, сапраўды. Паводле дамовы з урадам Кыргыстану ўзбэцкая авіяцыя некалькі разоў бамбавала мейсцы дысьлякацыі баявікоў. Узбэкістан вельмі моцна ў гэтым зацікаўлены, бо баявыя дзеяньні ідуць на тэрыторыі іншае краіны і гэта не пагражае самому Ўзбэкістану, да таго ж гэтыя баявікі – этнічныя ўзбэкі, якія хочуць прайсьці на тэрыторыю Ўзбэкістану і ваяваць супраць узбэцкага ўраду.

Але гэтым разам здарылася памылка і 29 жніўня бомбы ўпалі на мірную вёску Картэіт. Загінулі тры асобы, сярод якіх адно дзіцё, і 17 чалавек былі параненыя. Шасьцёра зь іх – цяжка. 30 жніўня кыргыскае МЗС падало ноту пратэсту Ўзбэкістану й часова забараніла палёты ўзбэцкай авіяцыі над сваёй тэрыторыяй".

(Карэспандэнт: ) "У зоне канфлікту працуюць нашыя карэспандэнты. Якая розьніца паміж афіцыйным асьвятленьнем падзеяў і тым, што перадаюць журналісты?"

(Айып: ) "Напрыклад, гэнэрал Малот Дзенузакаў – начальнік аддзелу абароны й бясьпекі прэзыдэнцкае адміністрацыі ў часе прэсавае канфэрэнцыі 31 жніўня сказаў, што ў апошнія некалькі дзён баявых дзеяньняў у Кыргыстане ня было, і што сытуацыя спакойная, аднак нашыя карэспандэнты зь мейсца падзеяў перадаюць пра баі".

(Карэспандэнт: ) "Якое можа быць далейшае разьвіцьцё падзеяў у рэгіёне?"

(Айып: ) "Я думаю, канфлікт можа моцна разрасьціся, таму што сытуацыя ў гэтым раёне і так нестабільная. Нядаўная вайна ў Таджыкістане, вострыя супярэчнасьці паміж урадам і апазыцыяй Узбэкістану й некаторыя непаразуменьні паміж самімі рэспублікамі не спрыяюць разьвязаньню сытуацыі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG