Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 жніўня 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Правядзеньне выбараў і раззбраеньне Арміі вызваленьня Косава – на гэты момант застаюцца найважнейшымі ўмовамі працэсу урэгуляваньня ў Югаславіі.

Афіцыйны пункт погляду югаслаўскіх уладаў на выбары быў яшчэ раз падцьверджаны ўчора. Прэсавы сакратар Мілошавіча Івіца Дачыч заявіў у тэлевізійным інтэрвію, што выбары, заплянаваныя на канец 2000 году могуць быць праведзеныя раней, аднак без удзелу міжнародных назіральнікаў.

Афіцыйны Бялград яшчэ раз асудзіў амэрыканцаў за падтрымку югаслаўскае апазыцыі. Дачыч назваў гэта "спробамі раскалоць краіну, раз'яднаць людзей, стварыць хаос і акупаваць нашую тэрыторыю". Аднак апазыцыя і, у прыватнасьці, такі яе папулярны прадстаўнік як Вук Драшкавіч, настойваюць на правядзеньні датэрміновых выбараў менавіта з удзелам назіральнікаў АБСЭ. Драшкавіч заяўляе таксама, што ён пагодзіцца на ўдзел у выбарах толькі тады, калі сродкі масавае інфармацыі будуць выведзеныя з-пад поўнага кантролю прэзыдэнта.

Агэнцыя "Associated Press" сёньня таксама закранае тэму перамоваў паміж амэрыканскім амбасадарам у ААН Рычардам Голбрукам і кіраўніцтвам Арміі вызваленьня Косава пра лёс гэтага фармаваньня. Нагадаю, што Голбрук зараз знаходзіцца ў Косаве і альбанскія баявыя камандзіры падцьвердзілі яму гатоўнасьць правесьці раззбраеньне да 19 верасьня.

Амэрыканскі сэнатар Джо Байдэн, які суправаджае Голбрука ў балканскай паездцы, папярэдзіў, што калі гэтае абяцаньне не будзе выкананае, амэрыканскі Кангрэс спыніць дапамогу правінцыі.

Зараз актыўна абмяркоўваецца й пытаньне, чым жа будуць займацца тысячы маладых байцоў Арміі вызваленьня пасьля таго, як здадуць зброю і здымуць уніформу. Як мяркуе адзін з камандзіраў, Агім Чэку, частка вайскоўцаў мусіць перайсьці на службу ў паліцыю, частка – у цывільную адміністрацыю, частка – застацца ў арміі Косава. Некаторая частка можа аб'яднацца ў палітычную партыю.

Рычард Голбрук не пракамэнтаваў гэтай заявы Чэку, аднак сказаў, што лёс фармаваньня мусіць вырашыць міжнародная супольнасьць і, у прыватнасьці, кіраўніцтва місіі ААН у Косаве.

Голбрук у часе сустрэчаў з альбанскімі лідэрамі нагадваў і пра гістарычнае права сэрбаў жыць у правінцыі, яшчэ раз заклікаючы ўстрымлівацца ад актаў помсты.

Між тым, сёньня газэта "The Wall Street Journal" надрукавала сэнсацыйныя сьведчаньні пра мэтады, якімі ў часе вайны сэрбскія фармаваньні праводзілі этнічныя чысткі ў Косаве.

У артыкуле пад назваю "Фабрыка сьмерці, або як для сэрбаў этнічныя чысткі сталі бізнэс-прапановаю" карэспандэнт газэты спасылаецца на зьвесткі, атрыманыя непасрэдна ад добрахвотнікаў. Адзін зь іх быў крымінальнікам, і далучыўся да сэрбскіх аддзелаў у Косаве, каб пазьбегнуць турмы. Другі – студэнтам-эканамістам, для якога гэта была магчымасьць пачаць свой бізнэс. Для трэцяга, сэрбскага нацыяналіста, гэта была магчымасьць пазмагацца за вялікую Сэрбію.

"Праца" іх была добра зарганізаваная і высока аплочвалася – да 15 тысячаў марак за месяц. Кожная каманда за вечар узламывала дзьверы пяці-шасьці альбанскіх дамоў, прычым, дзейнічалі яны не наўгад, а маючы кампутаровыя раздрукоўкі з адрэсамі "багатых ахвяраў".

У выніку этнічных чыстак, як мяркуюць, загінула каля 11 тысячаў альбанцаў. Сьведчаньні пра такі "бізнэс" дадаюць ня толькі новыя дэталі пра мэтады кіраваньня Мілошавіча, але ў многім прадвызначаюць ягоны лёс, ягоны сьлед у жыцьці нацыі. Грамадзтва й краіна, дзе з палітычных меркаваньняў злодзеі і забойцы набываюць поўную свабоду, непазьбежна прыйдуць да краху.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG