Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 жніўня 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

З гонарам і аптымізмам, поўныя рашучасьці сказаць сваё апошняе слова, амаль усе выбаршчыкі Ўсходняга Тымору ўзялі ўдзел ва ўчорашнім рэфэрэндуме, які павінен вырашыць лёс іх краіны. Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў сёньня абвясьціла, што ў галасаваньні ўзялі ўдзел 98,6% з 450 тысячаў выбаршчыкаў.

Нагадаю, што Ўсходні Тымор – невялікая правінцыя вострава Тымор, які знаходзіцца ў Ціхім Акіяне і суседнічае з Інданэзіяй і Аўстраліяй. 300 гадоў гэтая тэрыторыя была калёніяй Партугаліі, а ў 1975 годзе была захопленая войскамі Інданэзіі і вызначалася як мейсца найбольш жахлівых парушэньняў правоў чалавека.

Цяперашні прэзыдэнт Інданэзіі Габібі, беручы пад увагу настойлівасьць змаганьня Ўсходняга Тымору за незалежнасьць, прапанаваў правінцыі статус пашыранае аўтаноміі. Жыхары мусілі былі вырашыць – прыняць гэтую прапанову або выбраць незалежнасьць.

Назіральнікі й заходнія карэспандэнты перадаюць, што дзень рэфэрэндуму стаў якраз найбольш спакойным днём у параўнаньні з ранейшымі месяцамі сутычак і гвалту.

Жыхары, нягледзячы на пагрозы міліцыі, масава зьбіраліся ля выбарчых участкаў і гадзінамі цярпліва чакалі сваёй чаргі. Увагу рэпарцёра "The New York Times" прыцягнула адная з жанчынаў у жалобе, якая прыйшла з фатаграфіяй свайго мужа, забітага два гады таму й сьлёзна прасіла прагаласаваць і за яго, што ёй, аднак, не было дазволена.

"The Washington Post" паведамляе,што на адзін з участкаў для галасаваньня з-пад хатняга арышту быў дастаўлены Ксанана Гусмао, вядомы змагар за незалежнасьць, якога разглядаюць як верагоднага першага прэзыдэнта Ўсходняга Тымору. Іншы вядомы незалежнік, Нобелеўскі ляўрэат міру Джосе Рамос Горта галасаваў на выбарчым участку ў Аўстраліі, паколькі інданэзійскі ўрад забараніў яму ўезд на радзіму.

Назіральнікі таксама адзначылі факты подкупу выбаршчыкаў. Міліцыя дастаўляла на ўчасткі грузавікі, пасажырам якіх было загадана галасаваць супраць незалежнасьці. За гэта кожны зь іх атрымліваў ад 50 да 100 тысячаў інданэзійскіх рупіяў – у пераліку – ад 6 да 13 даляраў.

Усходні Тымор лічыцца адной зь бяднейшых тэрыторыяў рэгіёну, каля 80 адсоткаўнасельніцтва тут ня ўмеюць чытаць і пісаць. Тым ня менш, як мяркуюць назіральнікі, народ Усходняга Тымору дастаткова дасьведчаны, кад ведаць цану незалежнасьці.

Афіцыйныя вынікі рэфэрэндуму чакаюцца не раней як праз тыдзень. Іх мусіць зацьвердзіць як інданэзійскі парлямэнт, так і гэнэральны сакратар ААН Кофі Анан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG