Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 жніўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

(Эфір 30 жніўня)
Ня толькі для палітычных лідэраў, але й для звычайных грамадзянаў Беларусі застаецца не зусім зразумелым — ці пераняў Сямён Шарэцкі паўнамоцтвы кіраўніка Беларусі?

Лідэры буйнейшых апазыцыйных партыяў паставіліся да заяваў Сямёна Шарэцкага ў Вільні хутчэй песымістычна, чым аптымістычна. І лідэр Народнае Грамады Статкевіч, і лідэр АГП Багданкевіч, і нават прадстаўніца Партыі камуністаў беларускай з сумам канстатавалі, што кіраўніком беларускае дзяржавы па-ранейшаму застаецца Аляксандар Лукашэнка.

Разам з тым лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч зазначыў, што перайманьне Шарэцкім паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы — крок цалкам законны:

(Статкевіч: ) "Тут галоўнае — каб не выглядаць сьмешным у гэтай сытуацыі. Такое можа здарыцца, калі, да прыкладу, пачне прызначацца ўрад, выбары й гэтак далей. Толькі б не пачалася гульня ў нейкія віртуальныя парлямэнцкія выбары, дзялёжка пасадаў і гэтак далей. Бо тут якраз можна зрабіцца сьмешным.

Трэба стаяць рэальна на зямлі. Крок цалкам законны, але, нажаль, не пераняў Сямён Георгіевіч на сябе абавязкі кіраўніка дзяржавы. Я думаю, што фактычна спадар Шарэцкі не зрабіўся кіраўніком дзяржавы, гэта ж відавочна. Дэ факта дзяржаваю кіруе спадар Лукашэнка, але, безумоўна, спадар Шарэцкі мае ўсе юрыдычныя правы зрабіць гэты акт. Але аніякіх асаблівых наступстваў не прадбачыцца. Я думаю, што якраз з пункту гледжаньня перамоваў можна было б і пачакаць".

Лідэр Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Станіслаў Багданкевіч адмовіўся ад камэнтароў, заявіўшы, што пакуль ня бачыў аніводнага дакумэнта, у якім Шарэцкі падпісаўся б выканаўцам абавязкаў кіраўніка дзяржавы. На сёньняшнім прэзыдыюме Вярхоўнага Савету, паводле словаў Багданкевіча, быў зачытаны факс, у якім стаіць подпіс Шарэцкага, як старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня.

Станіслаў Багданкевіч паведаміў, што сытуацыя з перайманьнем Шарэцкім абавязкаў кіраўніка дзяржавы яму зусім незразумелая. Адзінае, пра што ён з пэўнасьцю можа сьцьвярджаць, дык гэта пра тое, што пасьля 20 ліпеня Шарэцкі застаўся адзіным легітымным дзяячом у Беларусі. Ці выкарыстае гэты факт Шарэцкі, і галоўнае — як, для Багданкевіча пакуль застаецца пытаньнем.

Гэтага ж меркаваньня прытрымліваецца й Партыя камуністаў беларуская. Дэпутатка-камуністка Алена Скрыган заявіла, што чуе пра перайманьне Шарэцкім функцыяў кіраўніка дзяржавы ўпершыню. Яна зазначыла, што ведае пра зварот Станіслава Шушкевіча, Радзіма Гарэцкага й Івонкі Сурвілы да старшыні Вярхоўнага Савету. Аднак, ці пераняў Шарэцкі паўнамоцтвы прэзыдэнта, камуністы так і не зразумелі.

XS
SM
MD
LG