Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 жніўня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

(Эфір 30 жніўня)
Старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі сёньня сустракаўся з кіраўніком касультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску Гансам-Георгам Вікам. Мы зьвязаліся ў Вільні са спадаром Шарэцкім і папрасілі яго адказаць на некаторыя пытаньні.

(Карэспандэнт: ) "Ёсьць інфармацыя, што вы сёньня сутракаліся з кіраўніком кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску Вікам. Скажыце, пра што йшла размова і якія былі вынікі?"

(Шарэцкі: ) "Размова йшла пра адное — ці можна й на якіх умовах зарганізаваць перамовы з прадстаўнікамі сёньняшняе ўлады, якая трымае ў сваіх руках усе, як кажуць, лейцы кіраўніцтва ў Рэспубліцы з прадстаўнікамі апазыцыі. Вось аб гэтым і йшла размова".

(Карэспандэнт: ) "І калі можна, падрабязьней — якія былі вынікі ці якія дамоўленасьці? Да якіх Вы прыйшлі высноваў?"

(Шарэцкі: ) "Дамоўленасьці былі такія — што нешта яны там будуць рабіць, аб чым мы тут дамовіліся. Што яны будуць размаўляць далей, нешта вырашаць. І пасьля яны адразу прыедуць зноў сюды, і далей будзем працягваць перамовы.

Справа вось яшчэ ў чым — што ў мяне тут пад рукою ляжыць распараджэньне спадара Лукашэнкі, які прызначыў нейкую дэлегацыю не для перамоваў з апазыцыяй, а для кансультацыі з палітычнымі партыямі. Гэта можна лічыць і так... З такімі партыямі, як Чыкіна, Гайдукевіча і гэтак далей. Дзеля таго, каб яны менавіта выказалі свае думкі, як можна ўдакладніць выбары ці выбарчую сыстэму ў Беларусі. І ўсё гэта падалі на зацьверджаньне прэзыдэнту. Ну дзе ж тут слова "перамовы"? Дзе тут слова "дыялёг"? Тут анічога гэтага няма.

І ў мяне паўстае пытаньне: каму ж спатрэбіўся новы "Мюнхэн"? І каму гэта выгадна, каб вось той рэжым, які стварыўся пасьля так званага рэфэрэндуму 96-га году, а фактычна — дзяржаўнага перавароту, атрымаў легітымнасьць? Каму гэта выгадна?"

(Карэспандэнт: ) "Дарэчы, наконт легітымнасьці — ці абмяркоўвалася на сустрэчы са спадаром Вікам пытаньне стаўленьня заходніх краінаў і найперш Эўрапейскага Зьвязу да таго факту, што паўнамоцтвы прэзыдэнта пераходзяць да Вас?"

(Шарэцкі: ) "Пры чым тут такое абмеркаваньне? Гэта ж гаворыць пра гэта нашая Канстытуцыя, а не заходніх краінаў. І чаму мы такое пытаньне мусім абмяркоўваць зь Вікам? Навошта задаваць такое пытаньне? Гэта ж нашая Канстытуцыя патрабуе! Няўжо Амэрыка ці Францыя выносяць свае канстытуцыйныя патрабаваньні на абмеркаваньне нейкіх арганізацыяў ці іншых дзяржаваў? Няўжо ёсьць такое? Навошта нашым карэспандэнтам увесь час ставіць пытаньне: "а як ставяцца іншыя дзяржавы да нашай Канстытуцыі?"

(Карэспандэнт: ) "Таму што нашым карэспандэнтам і народу цікава, хто будзе прызнаны як легітымны кіраўнік Рэспублікі Беларусь".

(Шарэцкі: ) "Паслухайце, гэта ўжо сказалі міжнародныя арганізацыі ды іншыя дзяржавы пасьля так званага рэфэрэндуму 96-га году — што яны яго не прызнаюць, што яны прызнаюць адзіна сапраўдным заканадаўчым, прадстаўнічым ворганам на тэрыторыі Беларусі Вярхоўны Савет. Што яшчэ патрэбна?"

(Карэспандэнт: ) "Патрэбна ажыцьцяўленьне рэальнае ўлады гэтым ворганам".

(Шарэцкі: ) "Усё так. А што яшчэ патрэбна? Ці нам так хочацца, каб яны сказалі "не"? Вось чаго мы дамагаемся гэтым? — мне проста невядома. Яны сказалі "так", а мы ўвесь час ставім пад сумнеў і пытаемся: а што яны заўтра скажуць, а што яны пасьлязаўтра скажуць? Дык яны ж сваё ўсё сказалі. Ёсьць пятнаццаць рэзалюцыяў. Пятнаццаць! Рэзалюцыі, дзе Вярхоўны Савет прызнаны як адзіны заканадаўчы й вышэйшы прадстаўнічы ворган Рэспублікі Беларусь, а значыць, і ўсе ягоныя паўнамоцтвы. Што яшчэ патрэбна?"

(Карэспандэнт: ) "Сёньня ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй вы прадставілі Вярхоўнаму Савету кандыдатуру на пасаду прэм'ер-міністра — Міхала Чыгіра..."

(Шарэцкі: ) "Калі ласка, прабачце — я анікога яшчэ не прадставіў. Калі я нешта думаю... дык дзе Вы прачыталі гэта?"

(Карэспандэнт: ) "Вось у мяне дакумэнт ёсьць: "Прадстаўленьне..." — З вашым подпісам дакумэнт".

(Шарэцкі: ) "Хто гэта Вам перадаў?"

(Карэспандэнт: ) "Вы ня згодныя, што ёсьць такі дакумэнт?"

(Шарэцкі: ) "Пакуль гэты дакумэнт не патрапіць у Вярхоўны Савет, пакуль яго не пачнуць абмяркоўваць — вось тады вы ўжо будзеце пытацца. Больш за тое, я вам скажу — гэты дакумэнт могуць абмяркоўваць: пагадзіцца, не пагадзіцца, але я на гэта ўжо маю права. Я ж не мушу ўзгадняць гэта з карэспандэнтамі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG