Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 30 жніўня 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Кожны месяц ад аднаго да двух мільярдаў даляраў банкаўскіх пераводаў накіроўваецца на Захад з Расеі. Частка гэтых грошай вывозіцца легальна, але бальшыня – з дапамогаю сфальшаваных экспарта-імпартных дакумэнтаў, несапраўных банкаўскіх авіза ды іншых махінацыяў. Як лічаць спэцыялісты, ад 1992 году з Расеі такім чынам было вывезена да 150 мільярдаў даляраў.

Вываз капіталаў – адзін з найбольш дэстабілізацыйных фактараў, які не дазваляе расейскай гаспадарцы выйсьці з пэрманэнтавага крызысу. Ён выклікае гіпэр'інфляцыю, палітычныя катаклізмы, разгул арганізаванае злачыннасьці ды іншыя негатыўныя зьявы, характэрныя для сёньняшняй Расеі. Капіталы, якія вывозяцца з Расеі, ў 4–5 разоў пераўзыходзяць адваротны фінансавы плыў: заходнія капіталаўкладаньні й крэдыты міжнародных фінансавых арганізацыяў.

Усё гэта было вядома й раней, але калі на мінулым тыдні амэрыканскае ФБР пачало расьсьледваньне справы ўдзелу буйных амэрыканскіх банкаў у "адмываньні брудных расейскіх грошай" на суму каля 15 мільярдаў даляраў, справа трапіла ў цэнтар увагі амэрыканскае грамадзкае думкі. Слуханьне гэтае справы прызначана на пачатак верасьня ў кангрэсе ЗША.

Расейскія эканамічныя аналітыкі, аднак, лічаць, што дзеяньні "Банку Нью-Ёрку" ў галіне адмываньня расейскіх грошай тыповыя для фінансавых дачыненьняў амэрыканскае банкаўскае сыстэмы з Расеяй. На расейскіх грошах штогод банкі ЗША зарабляюць сотні мільёнаў даляраў. Пры гэтым, даволі часта грошы трапляюць у Амэрыку ўжо "чыстыя", адмытыя ў банках Швайцарыі, Кіпру ды іншых краінаў.

Расейскі фінансавы крызыс, які здарыўся дакладна год таму назад, выявіў усю глыбіню й складанасьць праблемы. Грошы пераводзяць за мяжу ня толькі пасьпяховыя бізнэсмэны й буйныя мафіёзі, але й сябры крамлёўскае адміністрацыі, правінцыйныя палітыкі, дырэктары прадпрыемстваў і нават гандляры сярэдняга пласту.

Адным з найбольш яскравых прыкладаў пераводу значных фінансавых сродкаў за мяжу быў прадаж кантрольнага пакету акцыяў нафтавае кампаніі "ЮКАС". Прададзены былі акцыі шэрагу афшорных фірмаў на Кіпры й на брытанскім востраве Мэн. Расейская пракуратура цяпер вядзе расьсьледваньне гэтае справы. Ёсьць падазрэньні, што гэтыя афшорныя кампаніі належаць самому галоўнаму ўладальніку "ЮКАСу" Міхалу Хадаркоўскаму, а сам ён абраў менавіта такі спосаб вывазу свайго вялізнага капіталу за мяжу.

"Грошы маюць сёньня міжнародны характар, – лічыць аналітык гарбачоўскага фонду ў Маскве Валеры Салавей, – яны перасякаюць межы й шукаюць мейсцы, дзе найлепшыя прыбыткі. Грошы любяць цішыню й бясьпеку. Расея ж абсалютна не адпавядае гэтым варункам. Тут няма бясьпекі й вялікіх прыбыткаў… І прыпыніць вываз капіталу можна толькі тады, калі будуць створаныя прывабныя варункі для капіталу ў Расеі".

Галоўная рыса заходняе банкаўскае сыстэмы – гэта ейная стабільнасьць, гэта давер насельніцтва. У Расеі ж банкі адыгрываюць зусім іншую ролю. Гэта хутчэй зброя, якая дазваляе групе алігархаў падпарадкоўваць сабе краіну і ў выпадку пагрозы хаваць свае грошы за мяжою.

Прыгадаем, што на слуханьнях у амэрыканскім кангрэсе, якое адбудзецца напачатку верасьня, сэнатары маюць намер заслухаць у справе адмываньня расейскіх брудных грошай праз амэрыканскія банкі шэраг высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў.

XS
SM
MD
LG