Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 жніўня 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Сёньня ва Ўсходнім Тыморы, што ў Інданэзіі, праходзіць рэфэрэндум. Жыхары правінцыі мусяць вырашыць свой далейшы лёс – незалежнасьць або статус пашыранае аўтаноміі ў межах Інданэзіі.

Каля трохсот гадоў гэтая тэрыторыя была партугальскай калёніяй, пазьней – чвэрць стагодзьдзя – пад вайсковай акупацыяй Інданэзіі. Сёньняшні рэфэрэндум праводзіцца тут пры непасрэдным удзеле ААН. Суседняя Аўстралія таксама прадаставіла магчымасьць прагаласаваць грамадзянам Усходняга Тымору, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі.

Як адзначае сёньня газэта "The Washington Post", сытуацыя ў правінцыі застаецца напружанай і небясьпечнай, нягледзячы на тое, што напярэдадні, у нядзелю было падпісанае мірнае пагадненьне паміж партызанскімі змагарамі за незалежнасьць і ўзброенымі фармаваньнямі міліцыі, якія процідзейнічаюць аддзяленьню Усходняга Тымору.

Тым ня менш, згодна паведамленьням назіральнікаў ААН, у першай палове дня не было зьвестак пра сур'ёзныя парушэньні ці канфлікты. Па ўсёй тэрыторыі да 10 гадзінаў у галасаваньні ўзялі ўдзел каля паловы выбаршчыкаў. Усяго зарэгістраваліся для ўдзелу ў галасаваньні каля 450 тысячаў чалавек, якія маюць права голасу.

Карэспандэнт "The Washington Post" перадае са сталіцы Ўсходняга Тымору – гораду Дзілі, што многія жыхары, хаця й былі запужаныя, вырашылі прыйсьці на ўчасткі для галасаваньня. Адна з жанчынаў, Марыя Гомэс, заявіла карэспандэнту: "Я буду галасаваць за незалежнасьць, гэта вартае рашэньне, бо ўсходнія тыморцы так набудуць вызваленьне".

Нагадаю, што Ўсходні Тымор – невялікая правінцыя аднайменнага востраву ў Ціхім акіяне. З гэтага мейсца апошнім часам прыходзілі паведамленьні аб найбольш сур'ёзных парушэньнях правоў чалавека. Адна з апошніх партугальскіх калёніяў, піша "The Washington Post", сталася й адной з апошніх ахвяраў палітыкі халоднае вайны. У 1975 годзе Ўсходні Тымор быў аддзелены ад Заходняга войскамі Інданэзіі, паколькі камуністы мелі намер ператварыць гэтую тэрыторыю у "ціхаакіянскую Кубу". Злучаныя Штаты тады з прымружанымі вачыма прынялі акупацыю – піша амэрыканская газэта. – Віетнамская вайна толькі зкончылася, і ЗША баяліся, што камуніісты ўвогуле падпарадкуюць сабе ўвесь гэты рэгіён.

На працягу наступных гадоў змаганьне Ўсходняга Тымору за незалежнасьць было падтрыманае міжнароднай супольнасцю. ААН прыняла адмысловую рэзалюцыю, Папа Ян Павал ІІ прыяжджаў сюды зь візытам, а ў 96-м годзе два прадстаўнікі Ўсходнягя Тымору сталі Нобэлеўскімі ляўрэатамі.

Урэшце, з падзеньнем інданэзійскага прэзыдэнта Сугарта летась, міжнародная супольнасьць убачыла шлях вырашэньня праблемы праз рэфэрэндум. Многія назіральнікі мяркуюць, што бальшыня жыхароў правінцыі сёньня выкажуцца за незалежнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG