Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 жніўня 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

(Эфір 28 жніўня)
Пасьля падпісаньня ўчорашняга звароту мы зьвязаліся са старшынёй Рады Беларускае Народнае Рэспублікі Івонкай Сурвілай, якая паставіла свой подпіс пад гэтым дакумэнтам.

(Карэспандэнт: ) "Спадарыня Івонка, Ваш удзел у сумесным звароце, які мае палітычны характар — зьява па-свойму ўнікальная і, можна сказаць, беспрэцэдэнтавая. чым тлумачыцца такі актыўны ўдзел Рады БНР у гэтай акцыі? Як Вы самі ацэньваеце ейнае значэньне?"

(Сурвіла: ) "Удзел Рады БНР зусім нармальны ў гэтым выпадку. Як Вам ведама, мы ўжо больш за 80 гадоў вядзем барацьбу за незалежнасьць Беларусі. І, паводле нашага Статуту, вядзецца гэтая барацьба ўсялякімі магчымымі, даступнымі мэтадамі. Адзін з гэтых мэтадаў — гэта ёсьць дапамога нашым змагаром за незалежнасьць, за долю беларускага народу ў Беларусі.

У гэтым мамэнце была вельмі добрая нагода дапамгчы якраз падзеям ў Беларусі, якія ёсьць вельмі крытычныя... Як Вам ведама, спадар Лукашэнка ўжо ня мусіў быць на пасадзе прэзыдэнта — а ён сілаю застаецца тамака, тады, калі праўдзівей цяперашні прэзыдэнт, дакладней, выконваючы функцыі прэзыдэнта, спадар Шарэцкі, апынуўся за мяжою дзеля гэтага, што была рызыка, што яго Лукашэнка пасадзіць у турму. Гэтая сытуацыя, безумоўна, цалкам недапушчальная.

Мы гаварылі са спадаром Шарэцкім — мы пагаджаемся ў бальшыні пытаньняў адносна незалежнасьці Беларусі. Ён робіць тую працу, што робім і мы: ён — тутака, а мы — у дыяспары, у гэтым мамэнце.

На маю думку, дзеля гэтага было толькі нармальна, што мы прыедзем.

Падзея гэтая — падпісаньне закліку да беларускага народу, да беларусаў усяго сьвету, а таксама да парлямэнтаў і ўрадаў дэмакратычных краінаў сьвету — каб памаглі Беларусі ў цяжкім мамэнце жыцьця — гэта ёсьць зусім нармальная рэч. Вельмі важная рэч дзеля гэтага, што гэта пачатак, я думаю, супольнага змаганьня ўсяго беларускага народу за незалежнасьць".

(Карэспандэнт: ) "Спадарыня Івонка, Вы казалі ўжо пра посьпех аб'яднанае беларускае апазыцыі. На Вашую думку, што сталася прычынаю гэтага посьпеху, бо яшчэ нядаўна здавалася, што апазыцыі вельмі далёка да гэтай мэты? І дарэчы, хто выступіў зь ніцыятываю звароту?"

(Сурвіла: ) "Гэта спадар Шарэцкі. Ён запрасіў, каб я прыехала, і таксама запрасіў іншых удзельнікаў гэтай падзеі, гэтага подпісу. Была вельмі пасьпяховая прэсавая канфэрэнцыя — было нешта 30-40 журналістаў, вельмі цікавыя пытаньні. Я думаю, што ён зрабіў велізарную працу таксама тутака, як і ў Беларусі. Вельмі пахваляю яго за тое, што ён робіць".

(Карэспандэнт: ) "Спадарыня Сурвіла, а ці ўпершыню Вы былі ў Вільні?"

(Сурвіла: ) "Гэта другі раз. Я ўжо была адзін раз, але толькі пару дзён — у 92-м годзе, калі была на канфэрэнцыі "Сьвет пасьля Чарнобылю" ў Менску, і добрыя сябры нас сюды прывезьлі, каб паказаць крышку Вільню, якая для майго сэрца вельмі дарагая, таму што тутака вучыўся мой тата, часта гаварыў аб Вільні. Так што я вельмі хацела сюды прыехаць. Цяпер я таксама вельмі задаволеная, ня толькі Вільня, але й віленчукі таксама надзвычайныя".

(Карэспандэнт: ) "Спадарыня Сурвіла, а ці плянуеце Вы ў бліжэйшай будучыні прыехаць у Беларусь? Ці ёсьць у Вашых плянах сустрэчы з прадстаўнікамі розных палітычных партыяў і рухаў, у прыватнасьці, зь лідэрам БНФ Зянонам Пазьняком?"

(Сурвіла: ) "На гэта цяпер не магу адказаць, бо гэта будзе залежыць ад пастановы прэзыдыюму Рады, паседжаньне якой адбудзецца ў наступную суботу ў Нью-Ёрку".

XS
SM
MD
LG