Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 жніўня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сямён Шарэцкі сёньня прапанаваў Вярхоўнаму Савету прызначыць на пасаду прэм'ер-міністра Міхала Чыгіра. У адмысловым прадстаўленьні на адрас Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі падкрэсьлівае, што яму пераходзяць паўнамоцтвы прэзыдэнта паводле артыкула 105 Канстытуцыі Беларусі. Але разам з тым ён падпісвае гэты дакумэнт як старшыня Вярхоўнага Савету. Тым часам міжнародныя арганізацыі ды заходнія дзяржавы дасюль ня вызначылі свайго стаўленьня да таго факту, што з 21 ліпеня паўнамоцтвы прэзыдэнта пераходзяць да старшыні Вярхоўнага Савету.

Паводле словаў некаторых заходніх дыпляматаў, зьяўленьне звароту Станіслава Шушкевіча, Івонкі Сурвілы й Радзіма Гарэцкага, стала для іх нечаканасьцю. 21 ліпеня і ЗША, і Эўрапейскі Зьвяз заявілі, што больш ня лічаць Аляксандра Лукашэнку дэмакратычна абраным легітымным прэзыдэнтам Беларусі. У той жа час яны далікатна абыходзілі пытаньне аб тым, ці лічаць яны кіраўніком Беларусі старшыню парлямэнта Сямёна Шарэцкага.

Канстытуцыя 94-га году прадугледжвае, што ў выпадку адсутнасьці законнага прэзыдэнта, ягоныя абавязкі мусіць выконваць кіраўнік парлямэнту. Але пасьля 21 ліпеня заходнія дыпляматы ў прыватных размовах давалі зразумець, што дзяржавы, якія яны прадстаўляюць, наўрад ці прызнаюць часовым кіраўніком дзяржавы асобу, якая ня мае аніякай улады.

Але тады йснавала нейкая блытаніна — было незразумела: ці Шарэцкі аўтаматычна стаў паводле Канстытуцыі 94-га году часовым кіраўніком дзяржавы, ці ён або Вярхоўны Савет мусяць прыняць нейкае рашэньне на гэты конт. Але зварот трох вядомых грамадзкіх дзяячоў, які зьявіўся на мінулым тыдні, як кажуць, паставіў пытаньне рубам.

Яшчэ больш адназначнай стала сытуацыя на гэтым тыдні, калі Сямён Шарэцкі зьвярнуўся да Вярхоўнага Савету з прапановаю прызначыць Міхала Чыгіра старшынём ураду. У гэтым звароце ужо сам спадар Шарэцкі сьцьвярджае, што, згодна з Канстытуцыяй, да яго перайшлі паўнамоцтвы прэзыдэнта, і менавіта ў гэтай якасьці ён зьвяртаецца да парлямэнту з прапановаю прызначыць прэм'ера.

У гэтых варунках заходнія дзяржавы будуць вымушаныя вызначыцца — ці яны лічаць спадара Шарэцкага часовым прэзыдэнтам Беларусі, ці — не.

У амэрыканскай амбасадзе пазыцыю Злучаных Штатаў у гэтым пытаньні мне выкласьці адмовіліся. Крыху больш шматслоўным быў дарадца пасланьніка амбасады Францыі Сэрж Лаўроў (Францыя, нагадаем, зараз старшынюе ў Эўрапейскім Зьвязе). Спадар Лаўроў заявіў, што амбасада ведае аб тым, што спадар Шарэцкі ўсклаў на сябе паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы. Ён дадаў, што адбудуцца кансультацыі паміж сябрамі Эўрапейскага Зьвязу й будзе выпрацаваная агульная ўзгодненая пазыцыя. Францускі дыплямат адмовіўся сказаць, калі будзе выпрацаванае гэтае рашэньне і якім яно можа быць. Пакуль,-- падкрэсьліў Сэрж Лаўроў,-- пазыцыя Эўрапейскага Зьвязу застаецца нязьменнаю.

Ня будзем перадвызначаць рашэньне Амэрыкі й Эўропы, але варта адзначыць, што палітычна рашэньне спадара Шарэцкага не пазбаўленае рызыкі. Як сказаў мне ў прыватнай гутарцы адзін заходні дыплямат, прызнаньне ўрада ў выгнаньні магчыма толькі ў выпадку, калі краіна стала ахвяраю замежнай агрэсіі, што ня мае мейсца ў дачыненьні да Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG