Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 жніўня 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Ня менш за 15 мільярдаў даляраў так званых "брудных грошай" з Расеі, як паведамляе амэрыканская газэта "USA Today", было на працягу апошніх пяці гадоў адмыта праз два Нью-Ёркскія банкі.

Зь лёгкай рукі амэрыканскіх журналістаў увесь гэты вялізны фінансавы скандал атрымаў назву "Рашэнгэйт". У гэтым выразны намёк на вядомую сканадальную гісторыю "Ўотэргэйт", у выніку якой у адстаўку вымушаны быў падаць прэзыдэнт ЗША Рычард Ніксан. І цяпер амэрыканскія сродкі масавае інфармацыі высоўваюць сур'ёзныя абвінавачваньні ў бок адміністрацыі прэзыдэнта Клінтана і, асабіста, у бок віцэ-прэзыдэнта Эла Гора, які рыхтуецца да ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году. Але аб усім па парадку.

Скандал з адмываньнем расейскіх грошай, частка зь якіх, як лічаць экспэрты, бясспрэчна паходзіць з крыніцаў расейскага крымінальнага сьвету, можна без перабольшваньня назваць міжнародным. Сваю заклапочанасьць ў зьвязку з новай фінансавай афераю выказалі і амэрыканскія ўлады. Іх асабліва непакоіць той факт, што частка гэтых "брудных" грошай – гэта фінансавыя сродкі (каля 200 млн. даляраў), якія Міжнародны Валютны Фонд пазычыў Расеі ў выглядзе ільготных крэдытаў.

Першая інфармацыя аб гэтым фінансавым скандале зьявілася на старонках амэрыканскага друку прыблізна тыдзень таму. Але расейскія афіцыйныя ўлады адрэагавалі на яе маўчаньнем. Учора, аднак, Уладзімер Усьцінаў, які выконвае абавязкі гэнэральнага пракурора Расеі, паабяцаў пачаць у гэтай справе афіцыйнае расьследваньне таксама і ў Расеі.

Сярод галоўных падазроных: сам прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын і ягоная дачка Тацяна, якая займае пасаду дарадчыка расейскага прэзыдэнта. Амэрыканская прэса высоўвае абвінавачваньні таксама супроць былога віцэ-прэм'ера й міністра фінансаў Анатоля Чубайса, былога першага віцэ-прэм'ера Алега Саскаўца, іншага былога міністра фінансаў Аляксандра Ліўшыца й кіраўніка "Онексим" банку Ўладзімера Патаніна, які таксама кароткі час займаў пасаду віцэ-прэм'ера расейскага ўраду.

У артыкуле газеты "USA Today" гаворыцца, што цяжка паверыць, каб прэзыдэнт Ельцын мог ня ведаць пра апэрацыю "адмываньня брудных грошай". Праўда, ельцынская адміністрацыя ў адмысловай заяве ахарактарызавала ўвесь гэты скандал, як правакацыю з боку палітычных праціўнікаў расейскага прэзыдэнта.

Факты, аднак, упартая рэч. Італьянская газета "Кар'ерэ деля сэра" паведаміла, да прыкладу, пра іншы аспэкт гэтага скандалу. У 1994 годзе італьянская фірма "Мабітэкс" перавяла на швайцарскі рахунак кіраўніка справамі прэзыдэнцкае адміністрацыі Паўла Барадзіна 1 млн. даляраў на кішэнныя выдаткі сям'і Ельцына пад час ягонага візыту ў Вугоршчыну. Абедзьве дачкі Ельцына Алена й Тацяна атрымалі ад Барадзіна, піша "Кар'ерэ деля сэра" крэдытныя карткі "visa", каб плаціць за закупы ў Вугоршчыне.

Дырэктар маскоўскага бюро нашае радыёстанцыі Савік Шустар зьвярнуўся да самога Паўла Барадзіна з просьбаю выказацца на гэтую тэму.

(Барадзін: ) "Аніякіх рухаў на гэтых рахунках а ні паводле плацёжнага даручэньня, а ні па карткам, не адбываецца. Майго подпісу там няма. Я думаю, што гэта чарговая палітычная замоўная справа. Незразумела, чаму ў гэтай справе так актыўна ўдзельнічаюць расейскія праваахоўныя ворганы.

Мэта тут адна – пакінуць грошы расейцаў у Швайцарыі. Сёньня ў Швайцарыі маюць свае рахункі жыхары Амэрыкі, якія і так маюць свае надзейныя банкі, і жыхары Нямеччыны, Ангельшчыны, Францыі, Арабскіх Эміратаў ды іншых краінаў. І незразумела – чаму йдзе такая прапаганда ў справе Расеі?

І ўсё гэта адбываецца напярэдадні выбараў прэзыдэнта. Гэта чыста палітычная замова, дзеля таго, каб высунуць сябе. Маўляў, вось мы змагары з карупцыяй. І па другое, мэта тут – пашкодзіць Расеі, таму, што калі там і ёсьць нейкія расейскія грошы, яны пойдуць у бюджэт Швайцарыі".

На пытаньне: "ці сам Барадзін мае нейкія асабістыя рахункі ў Швейцарыі?", кіраўнік справаў расейскага прэзыдэнта адказаў:

(Барадзін: ) "У мяне ж аніякіх грошай няма, так што блякаваць тут няма чаго. Я ведаю, хто замовіў гэтыя матэрыялы, хто стаіць за імі. Я ведаю, колькі за іх заплацілі. Але мне гэта нецікава. Я ніколі ў жыцьці ні з кім не ваяваў. А з гэтымі падонкамі, тым болей".

Сытуацыя Паўла Барадзіна незайздросная. Ён праходзіць у якасьці падазронага як ў расейскім, так і ў швайцарскім расьследваньні. Але сам ён лічыць, што гэта ўсё правакацыі ягоных палітычных праціўнікаў. Вось, як ён тлумачыць сытуацыю:

(Барадзін: ) "Узаемаадносіны са спадаром Паколі былі адлюстраваныя ў адмысловай дамове, якая была заключана паміж упраўленьнем справамі прэзыдэнта Расейскае Фэдэрацыі ды фірмаю "Мабітэкс". Тамака дакладна адзначана, што калі нашая дэлегацыя прыбывае ў Швайцарыю, дык гэтую дэлегацыю ўтрымлівае спадар Паколі, а калі спадар Паколі наведвае Расею, дык усё аплочвае расейскі бок: гатэлі, харчаваньне, самалётнае абслугоўваньне – усё. Такая была дамоўленасьць паміж намі – кіраўніцтвам справамі расейскага прэзыдэнта – і фірмаю "Мабітэкс".

Я ніколі ня быў а ні ў пракуратуры Швайцарыі, а ні ў судзе Швайцарыі. Я ведаю, што ёсьць справа ў расейскай пракуратуры ўжо 10 месяцаў. Мяне выклікаў сьледчы як сьведку. Мы размаўлялі на працягу 40 хвілінаў. Калі б нешта там было, мне б даўно прад'явілі абвінавачваньне.

Мне цяжка ацаніць працу італьянскіх журналістаў. Я дакладна разумею, што гэта звычайная замова, палітычная замова. Я ведаю, што падобныя матэрыялы прапанаваліся й расейскім газэтам, але яны адмовіліся іх друкаваць. Яны разумелі, што такім чынам можна было трапіць пад суд. А вось перадрукаваць са швайцарскай, францускай, італьянскай прэсы – гэта калі ласка. Гэта проста анэгдот, гэта трызненьне".

Ключавая фігура ў справе расьсьледваньняў злоўжываньняў у Крамлі – Філіп Туровэ – абвінаваціў асабіста Барыса Ельцына ў хабарніцтве, паведамляе сёньня італьянская газэта "Кар'ерэ деля сэра":

"Філіп Туровэр ўжо чатыры разы выступаў у якасьці сьведкі на допытах у Расеі й Швайцарыі. Ён заявіў, што за Паўлам Барадзіным – кіраўніком справамі прэзыдэнта, якога абвінавачваюць у атрыманьні хабару ад касаварскага бізнэсмэна Паколі, стаіць сам Ельцын. "Калі Барадзін больш ня будзе патрэбны, ён выкінецца праз вакно, як ягоны папярэднік – кіраўнік справамі ЦК КПСС Крушына", – сказаў Філіп Туровэр. Крушына, дарэчы, займаў той самы кабінэт, што й Барадзін цяпер. Туровэр, які мае падвойнае ізраільска-гішпанскае грамадзянства, зьвяртае ўвагу на тое, што ў Расеі некалькі гадоў працуюць будаўнічыя фірмы зь Італіі, Францыі, Фінляндыі, Турцыі… І раптам, важны кантракт перадаецца маленькай швайцарскай фірме з капіталам усяго 100 тысячаў франкаў. Фірме, якая належыць Паколі".

У сёньняшнім нумары "Кар'ерэ деля сэра" таксама зьмешчана абвяржэньне Крамля адносна таго быццам Ельцын мае замежныя банкаўскія рахункі, а таксама абвяржэньне Барадзіна і Паколі. У чацьвер газэта надрукавала інтэрвію з былым расейскім пракурорам Скуратавым, які абвінавачвае Крэмль у перашкодах сьледзтву.

Швайцарскі магістрат арыштаваў дакумэнты, якія сьведчаць пра далучанасьць Ельцына й ягонае сям'і да схэмы, паводле якой у якасьці выплаты фігуруе каля мільёна даляраў.

Газэта "Інтэрнэшнл Геральд Трыб'юн" прыгадвае ў зьвязку з "Рашэнгэйтам" таксама асобу былога расейскага прэм'ера Віктара Чарнамырдзіна, які выразна скарыстаў фінансава з прыватызацыі расейскага газавага манапаліста – кампаніі "Газпром". Чарнамырдзін, які сам зьяўляецца алігархам, – піша газэта, – не аднойчы падазраваўся ў сувязях з арганізаванай злачыннасьцю. І тут рыкашэтам можа быць заплямленая рэпутацыя віцэ-прэзыдэнта ЗША Эла Гора, які на працягу некалькіх гадоў быў разам з Чарнамырдзіным сустаршынём супольнае расейска-амэрыканскае камісыі ў справе эканамічнага супрацоўніцтва.

Гор быў і застаецца гарачым прыхільнікам фінансаваньня расейскіх рэформаў. І вось цяпер выяўляецца, што мільёны даляраў пайшлі на фінансаваньне не рэформаў, а мафіі. Больш таго, сам расейскі Цэнтральны банк паводзіў сябе ў некаторых выпадках як мафія. Ён пастаянна выкарыстоўваў атрыманыя ад МВФ пазыкі на суму больш за 20 мільярдаў даляраў дзеля фінансавых спэкуляцыяў на міжнародных рынках.

Паводле амэрыканскае прэсы, галоўным каардынатарам адмываньня грошай зьяўляецца Сямён Магілевіч, чалавек, які ад 1993 году фігуруе ў дакумэнтах ФБР як адзін зь лідэраў "расейскае мафіі". Толькі ён праз сваю фірму ў Нью-Ёрку адмыў каля 10 мільярдаў даляраў.

У наступным месяцы плянуюцца адмысловыя слуханьні ў гэтай справе ў Кангрэсе ЗША. І гэта невыпадкова. Сума брудных грошай, якая трапіла ў Амэрыку з Расеі – рэкордная за ўсю гісторыю Злучаных Штатаў.

Некаторыя кангрэсмэны выступаюць у зьвязку з апошнім скандалам за прыпыненьне ўсіх фінансавых кантактаў з Расеяй, а кангрэсмэн Джым Ліч пракамэнтаваў сытуацыю вельмі сьцісла: "У Расеі была пабудаваная не дэмакратыя, а клептакратыя".

Прыгадаю, што клептаман – гэта злодзей, які крадзе з прычыны псыхічнага захворваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG