Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 жніўня 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Югаслаўскія ўлады заклікалі правесьці надзвычайную сэсію Рады бясьпекі ААН, з тым, каб вярнуцца да разгляду сытуацыі ў Косаве. Падставаю для гэтага звароту стала знойдзеная магіла, якая, паводле заявы югаслаўскага ўраду, сьведчыць пра масавае забойства сэрбаў.

Магіла была знойдзеная на ўсходзе правінцыі Косава паміж дзьвюма альбанскімі вёскамі. Мяйсцовыя сяляне заўважылі тут дрэнна прыхаваныя целы ахвяраў і часткі вопраткі. Паінфармаваныя пра гэта амэрыканскія вайскоўцы 24 ліпеня знайшлі ў магіле прынамсі 15 целаў. У сераду камандаванне NATOўскага кантынгенту ў Косаве ў сваёй заяве адзначыла, што прынамсі чацьвёра з пахаваных былі сэрбамі.

Учора на гэтую заяву адрэагаваў югаслаўскі ўрад. Так, міністар замежных справаў Жывадзін Ёванавіч абвінаваціў амэрыканскія аддзелы KFOR, на чыёй тэрыторыі магіла была знойдзеная, што гэты факт ад 24 ліпеня хаваўся ад міжнароднае супольнасьці.

Яшчэ больш рэзка выказаўся ўчора ў сваім выступе прэзыдэнт Мілошавіч. Ён заявіў, што амэрыканцы ўступілі ў хаўрус з забойцамі, наркадзялкамі й тэрарыстамі з Арміі вызваленьня Косава.

Прыводзячы гэтыя словы Мілошавіча, "Асашэйтэд Прэс" адзначае, што яны прагучалі пасьля сустрэчы Мілошавіча з палітычнымі лідэрамі краіны, якія заклікалі яго да адстаўкі. Аднак Мілошавіч яшчэ раз паспрабаваў павярнуць грамадзкія настроі ў Сэрбіі на сваю карысьць. Ён заявіў, што апазыцыя, якая патрабуе ягонае адстаўкі, дзейнічае супольна з амэрыканцамі супраць косаўскіх сэрбаў.

У сваю чаргу, апазыцыйны лідэр Зоран Джынджыч зьвярнуўся з заклікам да Захаду прыняць спэцыяльны плян , каб абараніць тых нямногіх сэрбаў, якія яшчэ застаюцца ў Косаве, ад нападаў альбанцаў і паспрыяць вяртаньню сюды сэрбскіх уцекачоў.

Між тым, інфармацыя пра раскрытае масавае захаваньне застаецца супярэчлівай. Лічбы пахаваных ахвяраў удакладняюцца. Паводле сёньняшняй "Нью-Ёрк Таймс", якая спасылаецца на NATOўскія крыніцы, сярод ахвяраў могуць быць і альбанцы, забітыя ў часе вайны, і сэрбы, забітыя пазьней.

Прадстаўнік Гаагскага трыбуналу Паўль Рысьлі выказаў меркаваньне, што два са знойдзеных целаў – могуць быць астанкамі сэрбаў, якія зьніклі бязь вестак пасьля ўвядзеньня кантынгэнту NATO ў правінцыю. Аднак, гаворыць Рысьлі, гэтыя дапушэчньні зробленыя толькі на падставе апісаньняў адзеньня ахвяраў. У сваёй учорашняй заяве прадстаўніцтва NATO ў Прышціне, між тым, ўжо не пацвердзіла , што сярод ахвяраў былі чацьвёра сэрбаў.

XS
SM
MD
LG