Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 жніўня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Днямі міністар нутраных справаў Беларусі падпісаў загад, паводле якога кіраўніку менскае міліцыі гэнэралу Барысу Тарлецкаму вынесеная вымова, а ягоны першы намесьнік палкоўнік Саланец звольнены з пасады. Такі, досыць нечаканы працяг атрымаў інцыдэнт на менскім стадыёне "Дынама" на мінулым тыдні, калі менская міліцыя вымушаная была ўтаймоваць маскоўскіх хуліганаў.

Крывавы інцыдэнт атрымаў адлюстраваньне на старонках прэсы — як расейскай, так і беларускай. Прычым некаторыя расейскія выданьні паднялі сапраўдны вэрхал — маўляў, як гэта так, што ў братняй Беларусі беспакарана зьбілі нашых хлопчыкаў? Да справы падключылася амбасада Расеі ў Беларусі, расейскае міністэрства замежных справаў.

Зразумела, што не даспадобы прыйшліся дзеяньні міліцыянтаў і Лукашэнку. І хаця міліцэйскае кіраўніцтва тлумачыла, што футбольны вандалізм цяпер распаўсюджаны ва ўсім сьвеце, і што менская міліцыя дзейнічала такім жа чынам, як і ейныя калегі ў іншых краінах, гэтыя аргумэнты не былі прынятыя да ўвагі. І сапраўды, з пазыцыі цяперашняга кіраўніцтва Беларусі дзеля братэрства й супрацоўніцтва ды інтэграцыйных працэсаў а ніў якім выпадку нельга крыўдзіць "старэйшых братоў", як бы па-хамску яны сябе не паводзілі.

Міліцыянты ж гэтага не ўлічылі, не паказалі патрэбнага палітычнага разуменьня справы, а таму й мусяць быць пакараныя. Вось чаму й быў вызвалены ад пасады першы намесьнік кіраўніка менскае міліцыі палкоўнік Сяргей Саланец, а ягоны шэф гэнэрал Барыс Тарлецкі атрымаў вымову.

Пакаралі й некаторых іншых міліцэйскіх чыноўнікаў. Дарэчы, мой добры знаёмы, маёр міліцыі, які таксама атрымаў вымову, распавёў у прыватнай гутарцы — расейскія фанаты з самага ранку туляліся па Менску, пілі танную, у параўнаньні з Масквою, гарэлку, задзіраліся зь менчукамі. Трэба было тады, як заўважыў маёр, папалохаць іх — даць дубінкаю колькі разоў, глядзіш, яны б і не высоўваліся пад час гульні.

А цяпер давайце параўнаем, каб пакараць міліцыянтаў на стадыёне — хапіла аднаго тыдня, а з часу трагедыі ў Мэтро "Няміга" прайшло ўжо тры месяцы, а вінаватыя ў трагедыі не названыя.

Паводле нашае інфармацыі, звольнены палкоўнік Саланец ужо зь 1 верасьня будзе працаваць у службе аховы амбасады Лукашэнкі. Такім чынам, у Маскву будзе адрапартавана, што адказныя за інцыдэнт на стадыёне пакараныя, а ў Менску ўсе зразумеюць, што пакаралі Саланца па-прэзыдэнцку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG