Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 жніўня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Візыт прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы ў Беларусь, які плянаваўся на пачатак верасьня, адкладаецца на няпэўны тэрмін...

Зь візытам кіраўніка Ўкраіны ў Беларусь адбываецц нешта, на першы погляд незразумелае. Спачатку было аб'яўлена, што Леанід Кучма прыедзе ў Беларусь і сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам. Потым зьявілася інфармацыя, што прэзыдэнт Украіны да Лукашэнкі не паедзе, а наадварот — запрашае беларускага лідэра прыехаць у Крым.

У сярэдзіне жніўня пляны зноў зьмяніліся. Афіцыйны Кіеў заявіў, што ў пачатку верасьня кучма й Лукашэнка ўсё ж такі сустрэнуцца ў Белавескай пушчы.

І вось, нарэшце, учора "Інтэрфакс" са спасылкаю на ўкраінскую амбасаду ў Менску паведаміў, што візыт украінскага прэзыдэнта пераносіцца на больш позьні тэрмін. У паведамленьні падкрэсьлена, што гэтае рашэньне прынятае паводле згоды абодвух бакоў.

Сёньня ва ўкраінскай амбасадзе мне адмовіліся падцьвердзіць ці абвергнуць інфармацыю аб пераносе візыту. У МЗС Беларусі сказалі, што праца над візытам вядзецца, але ягоны тэрмін пакуль ня вызначаны.

Чаму ў гэтай справе адбываюцца такія дзіўныя ваганьні? Чаму візыт украінскага прэзыдэнта ахутаны такой заслонаю сакрэтнасьці?

Тлумачэньняў гэтаму некалькі.

Заходнія краіны абвесьцілі, што пасьля 20 ліпеня ня лічаць Лукашэнку законна абраным легітымным прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. Кіеў, як і Масква, заявіў, што прызнае легітымнасьць беларускага лідэра й пасьля 20 ліпеня. Але адная справа — агульная заява такога кшталту, і зусім іншае — афіцыйны візыт прэзыдэнта Ўкраіны да калегі, легітымнасьць якога Захад не прызнае. Украіна, у адрозьненьні ад Беларусі, мае намер інтэгравацца ў эўрапейскія структуры, і таму наўрад ці гатовая кідаць Захаду наўпроставыя выклікі.

З другога боку, 31 кастрычніка ўкраінцы будуць абіраць новага прэзыдэнта. У нашага паўдзённага суседа ў разгары выбарчая кампанія і Леанід Кучма — адзін з галоўных яе удзельнікаў. Ня тое, каб адносіны зь Беларусьсю й стаўленьне да Лукашэнкі былі стрыжнямі ўкраінскіх перадвыбарчых баталіяў, але ў такой сур'ёзнай палітычнай гульні дробязяў не бывае. На ўсходзе Ўкраіны вельмі распаўсюджаныя "інтэграцыйныя" настроі. І таму прыязныя жэсты ў бок "інтэгратараў" могуць прынесьці дадатковыя галасы ўсходніх выбаршчыкаў.

Напачатку жніўня Леанід Кучма публічна заявіў, што выступае супраць далучэньня Ўкраіны да беларуска-расейскага хаўрусу. І ягоны візыт да Лукашэнкі плянаваўся, як нейкая процівага, "мікшаваньне" гэтае недвухсэновае заявы. Маўляў, Кучма супраць аб'яднаньня, але за добрыя стасункі з суседзямі.

У наяўнасьці супярэчлівыя матывы: паедзе Кучма да Лукашэнкі — сапсуе адносіны з аднымі, не паедзе — зь іншымі. Гэтымі супярэчнасьцямі, відаць, і тлумачацца ваганьні.

Ёсьць і яшчэ адзін момант. 10-11 верасьня ў Ялце адбудзецца сустрэча кіраўнікоў краінаў Балта-Чарнаморскага рэгіёну. Першапачаткова на яе быў запрошаны Аляксандар Лукашэнка, але як паведаміла беларуская інтэрнэт-газэта OPEN.BY, супраць гэтага рашуча выказаліся прэм'ер Нарвэгіі й прэзыдэнт Польшчы. Паводле зьвестак газэты, Аляксандар Квасьнеўскі нават заявіў, што не паедзе ў Ялту, калі там зьявіцца Лукашэнка. І ў Кіеве аддалі перавагу Квасьнеўскаму.

Непасрэдных падцьверджаньняў гэтае інфармацыі няма, але сёньня крыніцы ў МЗС Украіны паведамілі, што на Ялцінскім саміце Беларусь будзе прадстаўляць ці прэм'ер, ці міністар замежных справаў. У МЗС Беларусі гэтую інфармацыю камэнтаваць адмовіліся. Але, калі яна адпавядае рэчаіснасьці, то цалкам магчыма, што ініцыятыва ў адмене візыту ўкраінскага прэзыдэнта зыходзіла ня толькі й ня столькі ад яго, колькі ад Лукашэнкі, абражанага тым, што Кіеў ануляваў запрашэньне прыехаць на сустрэчу кіраўнікоў краінаў Балта-Чарнаморскага рэгіёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG