Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 жніўня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Старшыня банкаўскага камітэту палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША заявіў учора, што ў верасьні ў Кангрэсе пройдуць слуханьні наконт падазрэньняў, што расейскі крымінал выкарыстоўваў Банк Нью-Ёрку дзеля адмываньня грошай арганізаванай злачыннасьці.

Скандал, які разрастаецца з кожным днём, пачаўся 19 жніўня, калі на першай паласе газэты "Нью-Ёрк Таймс" быў апублікаваны сэнсацыйны матэрыял пад загалоўкам "Актыўнасьць банку выклікае падазронасьць ў сувязях з расейскай злачыннасьцю". У дасьледваньні, праведзеным журналістамі, ідзе размова пра аўтарытэтны й магутны Банк Нью-Ёрку з капіталам 67 мільярдаў даляраў, які займае 15-е мейсца сярод усіх амэрыканскіх банкаў.

Паводле дадзеных амэрыканскае пракуратуры, з кастрычніка мінулага да сакавіка гэтага года праз адзін з рахункаў банку было пераведзена 4 мільярды дзьвесьце мільёнаў даляраў. Усяго ж, як лічаць сьледчыя, праз банк было адмыта каля 10 мільярдаў даляраў.

Міністар фінанасаў Расеі Міхал Касьянаў на прэсавай канфэрэнцыі ў сераду заявіў, што расейскі ўрад ня мае дачыненьня да гэтых апэрацыяў, якія называюць патэнцыйна найбуйнейшым выпадкам адмываньня грошай, што быў калі-небудзь выкрыты ў Злучаных Штатах. "Я ня маю аніякай інфармацыі, што Расея мае штосьці агульнае з гэтай праблемаю, так што ўраду няма неабходнасьці ўмешвацца ў гэтую сытуацыю" – сказаў Касьянаў.

Старшыня банкаўскага камітэту Кангрэсу рэспубліканец Джым Ліч сьцвярджае, што цяпер галоўнае пытаньне ў тым, ці стаў банк ненаўмысна ахвяраю падману або дабрахвотна садзейнічаў гэтым апэрацыям.

Праваахоўныя ворганы ЗША, Расеі ды Вялікай Брытаніі зараз дасьследуюць дзейнасьць Канстантына Кагалоўскага, які працаваў прадстаўніком Расеі ў МВФ у 1992–1995 гадах, а пасьля стаў адным з кіраўнікоў банку "Менатэп". Цяпер ён віцэ-прэзідэнт нафтавай кампаніі "Юкас". Ягоная жонка, Наташа Гурфінкель-Кагалоўская, кіруе ў банку Нью-Ёрку ўсходнеэўрапейскім аддзелам. Банк часова адхіліў ад працы Гурфінкель ды супрацоўніцу лёнданскай філіі, таксама былую савецкую грамадзянку Люсі Эдвардс. Брытанская паліцыя нават правяла ў доме Эдвардс вобшук.

Варта адзначыць, што муж Эдвардс – таксама выхадзец з былога СССР, Пітэр Бэрлін, зьяўляецца кіраўніком кампаніі Бэнекс, праз рахунак якой і праходзілі падазроныя мільярды. Як паведамілі ўчора сьледчыя, на рахункі гэтай фірмы, якая падазраецца ў сувязях з арганізаванай злачыннасьцю, быў накладзены арышт: на адным з рахункаў знаходзілася 16 мільёнаў даляраў, на іншым – 4 мільёны.

Спасылаючыся на дакумэнты ФБР, газэта "Юэсэй Тудэй" паведамляе, што большасьць з адмытых праз банк грошай маюць паходжаньне ад эўрапейскай сеткі прастытуцыі, заводаў па вырабу зброі ў Вугоршчыне, а таксама распродажу ювелірных вырабаў і мастацкіх твораў, якія калісьці належылі расейскім гэбраям.

XS
SM
MD
LG