Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 жніўня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Да традыцыйных тэмаў заходняе прэсы апошніх тыдняў – сытуацыя ў Косаве, наступствы землятрусу ў Турцыі – сёньня дадалася тэма расейска-кітайскага зьбліжэньня ў зьвязку з самітам краінаў "Шанхайскае пяцёркі"…

Нямецкая "Зюдойчэ Цайтунг" крытыкуе ваганьні міратворчых сілаў KFOR у Косаве ў дачыненьнях зь "дзёрзкімі", як піша газэта, косаўскімі альбанцамі.

Камэнтатар газэты Штэфан Ульрых называе "прыніжальным спэктаклем" процістаяньне ў горадзе Арахавец паміж сіламі KFOR і групаю касавараў, якія блякуюць разьмяшчэньне ў горадзе расейскіх міратворцаў. Гэтая сытуацыя, піша Ульрых, дае альбанцам сыгнал, што "нахабства будзе ўзнагароджанае". "Як доўга ААН і NATO будуць дазваляць альбанцам дыктаваць умовы апэрацыі?" – рытарычна запытваецца Ульрых.

Ён жа ўхваляе рашучасьць аўстрыйскае паліцыі, якая арыштавала ў Вене гэнэрала Маміра Таліча, начальніка штабу басьнійскіх сэрбаў, асуджанага Гаагскім трыбуналам без публічнага абвяшчэньня пра вырок. Рэзалюцыя ААН заклікае ўсе дзяржавы аказваць неадкладную дапамогу Гаагскаму трыбуналу ў затрымцы і ў арышце асуджаных. "Гэта якраз тое, што зрабіла Аўстыя, ўсталяваўшы прыклад для ўсіх іншых краінаў" – адзначае нямецкі журналіст.

Сусьветны друк працягвае аналізаваць вынікі ды ўрокі спусташальнага землятрусу ў Турцыі. Турэцкі журналіст Мехмед Алі Біранд, у "Інтэрнэшнл Гэральд Трыб'юн" заўважае, што ён бачыць ў землятрусе магчымасьць дзеля замірэньня. Гэта, на думку журналіста, давёў аб'ём і характар міжнароднае дапамогі: "Вечны супернік Турцыі – Грэцыя – пакінула ззаду сваю варожасьць і даслала выратавальнікаў. Злучаныя Штаты мабілізавалі свае шпітальныя транспартныя сродкі. Ізраіль забясьпечыў найбуйнейшы аб'ём дапамогі. Спачуваньне й любоў разьліліся па ўсім сьвеце". "Усё гэта, – піша Біранд, – узьняла дух турэцкага народу, але гэтага недастаткова. Эўропа мусіць паказаць сваю веліч ды ініцыятыўнасьць ды інтэграваць Турцыю ў Эўропу. Сёньня трэба пакінуць ззаду непаразуменьні й залячыць раны".

Пэўную ўвагу міжнароднае прэсы прыцягнулі й апошнія заявы прэзыдэнта Расеі Ельцына, зробленыя ім пад час саміту кіраўнікоў краінаў гэтак званае "Шанхайскае пяцёркі" ў сталіцы Кыргызстану. "Я ў сваёй баявой форме, гатовы ў бой, асабліва з заходнікамі" – сказаў Ельцын у аэрапорце Бішкеку. Прэзыдэнты Расеі ды Кітаю правялі ў Бішкеку сустрэчу сам-насам, пасьля якой гаварылі аб стварэньні шматполюснага сьвету. Сёньняшняя "Дэйлі Тэлеграф" адзначае, што далейшая самаўпэўненасьць NATO, пашырэньне альянсу на Ўсход і акцыя ў Югаславіі насьцярожвае Пекін і Маскву й прымушае былых праціўнікаў зьбліжацца. Пазыцыя Кітая становіцца галоўным аргумэнтам Расеі ў процістаяньні й некаторых спрэчных праблемах з Захадам. Абедзьве дзяржавы ймкнуцца стварыць стратэгічны альянс, хаця б дзеля таго, каб засмуціць і выбіць з каляіны Амэрыку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG