Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 жніўня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Правядзеньне выбараў застанецца адной з галоўных тэмаў будучых перамоваў і пры тым прынцыпова важна ня толькі "у які ворган" будуць праводзіцца гэтыя выбары, але й "па якім заканадаўстве" яны будуць праходзіць. У зьвязку з гэтым дэпутаты палаты прадстаўнікоў актыўна працуюць над праектам беларускага выбарчага Кодэксу. Сёньня распрацоўшчыкі праекту зарганізавалі ў Менску круглы стол, пад час якога дэманстравалі журналістам першаыя вынікі сваёй заканатворчай дзейнасьці.

Арганізатары гэтага мерапрыемства сабралі за адным сталом даволі стракатую кампанію. Калі намесьнік старшыні камісіі палаты ў дзяржаўным будаўніцтве Мікалай Лазавік і чыноўнікі з цэнтру заканапраектавай дзейнасьці пры прэзыдэнце Эрык Чыслаў і Сьвятаслаў Караткевіч зьяўляліся непасрэднымі распрацоўшчыкамі новага выбарчага Кодэксу, то якое дачыненьне маюць да стварэньня гэтага дакумэнту сталы прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры розных ворганах СНД Сяргей Посахаў і былы шэф "Славянскага Сабору" Мікалай Сяргееў — зразумець было цяжка. І Сяргееў, і Посахаў цяпер займаюцца праблемамі Беларусі ў рамках "садружнасьці", і таму іхныя выступы на круглым стале насілі хутчэй аматарскі, а не прафэсійны характар.

Зрэшты, аніякіх новых ідэяў адносна ўдасканаленьня выбарчага Кодэксу ва ўдзельнікаў круглага сталу не было, у чым адразу ж і прызнаўся Мікалай Лазавік. Гэты дэпутат завучана паўтарыў палажэньні Канстытуцыі аб тым, што выбары ў Беларусі зьяўляюцца дэмакратычнымі, наўпроставымі й таемнымі. А канстытуцыйныя асновы нашае выбарчае сыстэмы ўлічваюць як міжнародныя нормы, так і нацыянальныя традыцыі.

Тым ня менш, паводле словаў спадара Лазавіка, выбарчае заканадаўства няспынна ўдасканальваецца. Дэпутат палаты сьцьвярджаў, што ўдасканаленьня патрабуюць такія палажэньні выбарчага Кодэксу як забесьпячэньне празрыстасьці працэсу галасаваньня, захаваньне міжнародных стандартаў у разнабаковым інфармаваньні насельніцтва аб хадзе выбарчага працэсу. А таксама, адпаведны падыход выбарчых камісіяў да асобаў і біяграфіяў кандыдатаў у дэпутаты й прэзыдэнты.

Але на пытаньне, як можна называць праект Кодэксу дэмакратычным, калі ў ім ёсьць палажэньне аб забароне ўдзелу ў выбарах кандыдатаў, што прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці, якое аўтаматычна выключае з выбарчага працэсу амаль усіх лідэраў апазыцыі, Мікалай Лазавік адказаць ня здолеў. Ён тоькі зазначыў, што камісія ў распрацоўцы праекту Кодэксу неаднойчы прапаноўвала апазыцыйным партыям накіроўваць да іх свае прапановы, аднак апазыцыянэры супрацоўнічаць з дэпутатамі палаты адмовіліся. Таму пакуль камісія толькі прыслухоўваецца да прапановаў грамадзкіх арганізацыяў, юрыстаў, а таксама да парадаў кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску.

Да якіх канрэтна прапановаў АБСЭ прыслухаліся распрацоўшчыкі выбарчага Кодэксу, Мікалай Лазавік не ўдакладніў. Але дадаў, што яны шмат у чым падобныя на патрабаваньні апазыцыі, выкладзеныя ў плятформе палітычных партыяў на перамовах з уладамі.

Прэзыдэнцкія юрысты з цэнтру заканадаўчай дзейнасьці сьледам за Лазавіком запэўнілі прысутных, што новы выбарчы Кодэкс будзе вельмі дэмакратычным і з праўнага боку — амаль беззаганным. Усе гэтыя распрацоўшчыкі ў адзін голас сьцвярджалі, што будуць удасканальваць свой заканапраект. А калі на перамовах улады з апазыцыяй будуць прынятыя нейкія новыя рашэньні адносна выбараў, то рабочая група ў выпрацоўцы Кодэксу прывядзе свой праект у адпаведнасьць з гэтымі пагадненьнямі.

Мікалай Сяргееў, як дырэктар беларускага прадстаўніцтва Маскоўскага інстытуту краінаў СНД, спрабаваў давесьці, што беларускае выбарчае права — ледзь ня самае дэмакратычнае на ўсёй постсавецкай прасторы. Але ж з самымі нечаканымі прапановамі выступіў Сяргей Посахаў. Паводле ягоных словаў, калі й рабіць выбарчы Кодэкс больш дэмакратычным, то ў яго трэба ўнесьці палажэньні, згодна зь якім прэзыдэнт Беларусі можа выстаўляць сваю кандыдатуру не на два, як цяпер, а на тры, чатыры й болей тэрмінаў. ПРы гэтым Сяргей Посахаў спаслаўся на станоўчы й дэмакратычны прыклад Казахстану й Туркмэністану, дзе заканадаўствы не абмяжоўваюць тамтэйшых прэзыдэнтаў толькі дзьвюма кадэнцыямі. А ўсе дыскусіі адносна будучага перамоўнага працэсу Посахаў назваў лямантам апазыцыянэраў і заклікаў улады весьці перамовы не з апазыцыяй, а з шырокай грамадзкасьцю.

Карацей — сабраліся, пагаварылі й разышліся. Прычым, падобна на тое, што кожны з удзельнікаў круглага сталу добра разумеў, што ад іхных словаў і дзеяньняў канчатковае прыняцьцё выбарчага Кодэксу залежыць мала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG