Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 жніўня 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Агляд міжнароднае прэсы: пераходны пэрыяд у Косаве й Сэрбіі, наступствы катастрофы ў Турцыі і сытуацыя ў Расеі застаюцца тэмамі асноўнае ўвагі міжнароднага друку.

Існуе погляд, што народы на Балканах проста асуджаныя забіваць і рэзаць адзін аднаго. З гэтай згадкі пачынае сёньня свой камэнтар у "Інтэрнэшнл Геральд Трыб'юн" журналіст Дэ Мело, які прысутнічаў у Югаславіі пад час вайсковае апэрацыі NATO. Дэ Мело заўважае, што пашырэньне такога перакананьня якраз зьяўляецца камнем перашкоды на шляху да міру. У прыватнасьці, дасягнуць міру ў Косаве, на думку гэтага журналіста, хаця і цяжка, але не немагчыма. У распадзе былое Югаславіі, піша аўтар, этнічныя разыходжаньні не былі асноўнай прычынаю. Канфлікт быў спароджаны эканамічным упадкам, а таксама жаданьнем некаторых палітыкаў дасягнуць улады ці павялічыць яе любым коштам. Такім чынам было скарыстанае і этнічнае пытаньне. Дэ Мело падсумоўвае, што, нягледзячы на сваю анахранічнасьць, менавіта ідэя мультыэтнічных Балканаў можа быць выйсьцем з пэрыяду войнаў.

Другая нямецкая газэта "Ды Вэльт" ацэньвае сёньня пазыцыі войскаў KFOR у Югаславіі. Як піша газэта, вельмі хутка вызваліцелі тут ператварыліся ў нежаданых акупантаў, і галоўным чынам таму, што міжнародны корпус разглядаецца як перашкода абвяшчэньню альбанскае незалежнасьці. На думку "Ды Вэльт", самым паказальным тэстам будучых стасункаў паміж KFOR і албанцамі ёсьць сытуацыя ў мястэчку Арахавец, дзе супраць волі мяйсцовых альбанцаў, разьмешчаны расейскі міратворчы корпус.

Даволі крытычны камэнтар сёньня зьмясьціла "Інтэнэшнл Геральд Трыб'юн" пра міжнародную дапамогу Турцыі. Ягоны аўтар – Уры Аўверы, кіраўнік ізраільскага мірнага руху "Гуш Шалом" – лічыць, што акцыя неадкладнае ўсясьветнае дапамогі была правалам, гэткім жа вялікім, як і сама катастрофа. Аўверы адзначае, што дапамога не прыйшла ў першыя гадзіны. І праз неарганізаванасьць, адсутнасьць каардынаванага камандаваньня тысячы людзей не былі ўратаваныя. Аўтар падкрэслівае, што сьветная супольнасьць мусіць быць лепш падрыхтаваная да магчымых катастрофаў і гэтым самым разьлічыцца са сваёй даўняй гуманітарнай запазычанасцю. На думку Аўверы, пад час катастрофаў адмысловыя каманды мэдыкаў і выратавальнікаў, сфармаваныя паводле вайсковых прынцыпаў, мусяць быць гатовыя дзейнічаць неадкладна.

І, нарэшце, побач са сьветнымі катастрофамі, друк не пакідае увагай сур'ёзны лякальны канфлікт.

Камэнтатар нямецкае "Зюдойчэ Цайтунг" сёньня параўноўвае падзеі ў Дагэстане з чачэнскай вайною 94–96-га гадоў і адзначае істотную розьніцу ў расейскай тактыцы. На ягоную думку, зараз расейцы бяруць прыклад з NATO – як выйграваць. Так, Расея пайшла на беспрэцэдэнтавую ў гісторыі краіны акцыю паветраных абстрэлаў – з разьлікам нанесьці як найбольшыя страты дагэстанскім паўстанцам, нягледзячы на тое, што гэтая акцыя паставіла пад вялікую пагрозу й расейскія войскі. Нямецкі журналіст адзначае, што чачэнскія паўстанцы мелі падтрымку свайго народу, але мусульманскія паўстанцы ў Дагэстане цяпер разьлічваюць на падтрымку больш шырокае мультыэтнічнае папуляцыі, тых трох дзясяткаў народнасьцяў, якія зараз жывуць у рэспубліцы, і якіх яны абяцаюць вызваліць з расейскага ярма.

І, урэшце, што найбольш істотна, на думку "Зюдойчэ Цайтунг", гэта тое, што страта Дагэстану для Расеі будзе больш цяжкім ударам за страту Чачэніі. І гутарка ня толькі пра незьлічоныя прыродныя багацьці гэтага рэгіёну, але й тое, што з адпадзеньнем Дагэстану можа спрацаваць закон так званага развалу шэрагу даміно.

XS
SM
MD
LG