Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 жніўня 1999 г.


Вольга Караткевіч, Менск

Сёньня ў грамадзкім прэсавым цэнтры ў Менску адбылася дыскусія, незвычайная сваёй тэмаю і складам удзельнікаў. Беларуская Асацыяцыя Журналістаў, Дзяржаўны камітэт па друку, Зьвяз Журналістаў, рэдактары дзяржаўных газэтаў абмяркоўвалі тэму: "Адказнасьць інтэлігэнцыі за будучыню Айчыны". Фактычна, палеміка зьвялася да ролі журналістаў, і бакі, як і чакалася, засталіся кожны пры сваім бачаньні.

Паводле савецкай традыцыі, круглы стол выглядаў наступным чынам — прэзыдыюм з адмыслова запрошанымі: старшынём Дзяржаўнага камітэту па друку Міхалам Падгайным і прэзыдэнтам Беларускае Асацыяцыі Журналістаў Анатолем Гуляевым, прадстаўнікамі Зьвязу Журналістаў, а рэдактары й цікаўныя ўтварылі "круглы стол".

Ва ўступных словах, бакі, натуральна выяўлялі пазыцыю: Міхал Падгайны — дзяржаўную, Анатоль Гуляеў — незалежнай прэсы.

З дыскусіі вынікала, што доўгі пэрыяд Беларуская Асацыяцыя Журналістаў успрымалася, як апазыцыйнае ўтварэньне дзяржаўным утварэньням, навучаньне журналістыцы ў Беларускім Калегіюме — як выклік дзяржаўным і традыцыйным інстытуцыям, якія рыхтуюць журналістаў. Праграмы навучаньняў журналістаў, якія БАЖ праводзіць разам з заходнімі экспэртамі на аснове заходніх тэхналёгіяў, былы крытыкаваныя як перабольшаньне дэмакратычных традыцыяў заходняй прэсы, а дзяржаўная падтрымка дзяржаўных выданьняў падавалася як проста малая ў параўнаньні з грантаўскай.

Паўставала пытаньне, чаму Беларуская Асацыяцыя Журналістаў была запрошаная ў такую адыёзную кампанію? Вядома, што на неаднаразова ладжаных дэмакратычнымі арганізацыямі круглых сталах, перашых, ці нават другіх, асобаў з Дзяржаўнага камітэту па друку ці Зьвязу Журналістаў заўважана не было. Я гутару зь віцэ-прэзыдэнтам Беларускае Асацыяцыі Журналістаў Анатолем Гуляевым:

(Гуляеў: ) "З боку прадстаўнікоў Зьвязу Журналістаў прагучала, і бадай што ў першы раз, тое, што йснаваньне дзьвюх журналісцкіх арганізацыяў у Беларусі — гэта нешта заканамернае, гэтыя дзьве арганізацыі ня маюць паміж сабою варожасьці й ставяцца адная да адной з павагаю.

Мы спрабавалі давесьці, што журналістыка ня ёсьць адстойваньне нейкіх ідэалаў, ня ёсьць абарона краіны, ня ёсьць разьвіцьцё салідарнасьці ўсіх працоўных і гэтак далей — мы спрабавалі казаць пра тое, што журналістыка — гэта ёсьць свабоднае атрыманьне й распаўсюджаньне інфармацыі. І калі раней такога кшталту тэзысы выклікалі абурэньне ў людзей, бальшыня якіх раней працавала ў камуністычнай прэсе, то зараз гэта ня выклікала негатыўных эмоцыяў. Гэты просты тэзыс, які хавае камуністычную журналістыку — "авалодавае масамі".

(Карэспандэнтка: ) "Прафэсія журналіста — у тым, каб інфармаваць, але слушна было заяўлена з розных бакоў дыскусіі, што дэкляруецца адное, а на паперы, калі мы гартаем газэты — іншае. І як у дзяржаўнай прэсе, так і ў недзяржаўнай..."

(Гуляеў: ) "Я мушу з гэтым пагадзіцца, бо так яно і ёсьць. І як дзяржаўная прэса спрабуе ў адзін голас чарговыя памылкі ў эканоміцы й сацыяльнае палітыцы зрабіць перамогамі, так і недзяржаўная прэса залішне палітызаваная і насычаная адсоткаў на 90-95 негатыўнымі фактамі".

(Карэспандэнтка: ) "Свабоду слова прадстаўнікі Беларускае Асацыяцыі Журналістаў разглядаюць як магчымасьць свабоднага доступу да інфармацыі, да свабоднага распаўсюджваньня інфармацыі, да свабоднага атрыманьня інфармацыі з боку аўдыторыі. Крыху йнакш на гэта глядзяць з улікам адказнасьці перад дзяржаваю, а не перад чытачамі, прадстаўнікі дзяржаўных сродкаў масавае інфармацыі. Як бы Вы пракамэнтаравалі іхнае стаўленьне да свабоды слова ці іхнае бачаньне?"

(Гуляеў: ) "У сваім выступе я спрабаваў сказаць, што свабода — гэта, па-першае, ня нешта, што нам дала дзяржава, але тое, што нам увогуле належыць па праву, і па-другое, гэта тое, што мы заваявалі за тыя гады — з 85-га па 99-ты, тое, на што цяпер улады спрабуюць надзець аброць.

Таму, адказнасьць наша павінна быць, адказнасьць наша заўсёды ёсьць, але адказнасьць не перад уладамі, не перад тымі людзьмі, якія пры ўладзе, а адказнасьць перад Айчынаю. А адказнасьць перад Айчынаю — яна ў тым, каб даваць аб'ектыўную інфармацыю".

Наагул, мерапрыемства, назоў якога гучыць, як назоў дэкрэту аб адказнасьці інтэлігэнцыі за будучыню краіны, выглядала, як чарговая прапагандысцкая акцыя ў кантэксьце раскручваньня іміджу гатовасьці ўладаў да дыялёгу.

Паводле савецкай інэрцыі, журналісты, якія ў грамадзтве зь няўстойлівымі дэмакратычнымі традыцыямі зьяўляюцца носьбітамі ідэалёгіі, разглядаюцца не як інфарматары грамадзтва, а як піянэры зьменаў ці фундамант стабільнасьці дзяржавы. Тым ня менш абодва бакі задэкляравалі згоду з тэзаю: "Інтэлігэнтны чалавек — апанэнт да любой улады".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG