Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 25 жніўня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Суд Ленінскага раёну Менску працягвае разглядаць крымінальную справу вядомага бізнэсмэна, дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава і ягоных калегаў у будаўнічай фірме, якія абвінавачваюцца ў раскраданьні дзяржаўных сродкаў. Апошнія чатыры дні суд слухае паказаньні намесьніка Клімава па малым прадпрыемстве Леаніда Ваўковіча.

Нагадаю, што старшыня на працэсе, судзьдзя Вера Тупік два тыдні таму сама вызначыла такі парадак допыту падсудных, згодна якому спачатку паказаньні даюць тыя абвінавачаныя, што, на думку сьледзтва, найменш вінаватыя ў інкрымінаваных злачынствах, пазьней — тыя, хто вінаватыя больш, і ўрэшце самым апошнім дапытаюць Андрэя Клімава.

Дзеля выступу кожнаму зь дзевяці падсудных адводзіўся адзін дзень і, такім чынам, усе назіральнікі за хадою працэсу чакалі, што чарга Клімава даваць паказаньні наступіць у панядзелак. Аднак, звыклы парадак працэсу паламаў зьняволены намесьнік Андрэя шасьцідзесяцігадовы Леанід Ваўковіч.

Папярэдняе сьледзтва, а таксама некаторыя падсудныя спрабавалі абвінаваціць спадара Ваўковіча ў тым, што ён асабіста даваў указаньні завышаць у справаздачах аб'ёмы выкананых будаўнічых работаў, а грошы, з'эканомленыя ў выніку гэтых махінацыяў, дзяліў між сябрамі так званае злачыннае групы.

Таму й ня дзіўна, што Леанід ваўковіч надзвычай добра падрыхтаваўся да дачы паказаньняў. І вось ужо зь мінулай пятніцы ён скрупулёзна абвяргае кожны, нават самы дробны, пункт паданага абвінавачваньня. нават прафэсыйныя адвакаты, што праводзяць абарону падсудных у працэсе Клімава, выказваюць сваё захапленьне юрыдычнымі здольнасьцямі Ваўковіча. Адвакаты ня выключаюць, што выступ намесьніка Андрэя Клімава перад судом будзе працягвацца яшчэ 1-2 дні.

Гэтая акалічнасьць, паводле словаў удзельнікаў працэсу, ня вельмі падабаецца судзьдзе Тупік і пракурору Радкевіч, якія ў апошнія дні пачалі прыкметна нэрвавацца, з-за таго, што Ваўковіч зацягвае працэс. Аднак, і спыніць выступ Ваўковіча, не задаўшы яму ўсіх пытаньняў, судзьдзя таксама ня можа.

А тым часам абаронцы Андрэя Клімава падалі судзьдзе Тупік хадайніцтва, у якім прасілі прыпыніць працэс на некалькі дзён, каб галоўны падсудны мог таксама адпаведна падрыхтавацца да дачы паказаньняў. Але гэтае хадайніцтва судзьдзя не задаволіла, спаслаўшыся на тое, што ніхто й нішто не перашкаджае Клімаву рыхтавацца да будучага выступу перад судом у турме.

Матывацыя судзьдзі даволі спрэчная, паколькі Андрэй кожны дзень да 6 гадзінаў вечару знаходзіцца ў судзе й вельмі стамляецца. "Увечары ён ужо проста ня ў стане знаёміцца з дакумэнтамі абвінавачваньня" — гавораць абаронцы Клімава. Свае паказаньні суду дэпутат хутчэй за ўсё пачне даваць у наступны панядзелак.

XS
SM
MD
LG