Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 жніўня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Больш за тры гадзіны цягнулася сёньня чарговае паседжаньне каардынацыйнае нарады апазыцыйных палітычных партыяў. Пад час яго выявіліся дзьве новыя праблемы, якія могуць істотна паўплываць на ход перамоўнага працэсу.

Як толькі пачалося паседжаньне, па прапанове партыі Беларускага Народнага Фронту, якую на гэты раз прадстаўлялі Лявон Баршчэўскі, Юрась Беленькі, Валеры Буйвал ды Юры Хадыка, адразу ж была паднятае пытаньне аб дадатку да агульнае плятформы апазыцыйных партыяў вельмі важнага й прынцыповага палажэньня, а менавіта, пад час падрыхтоўкі перамоўнага працэсу афіцыйныя ўлады мусяць спыніць усялякія дзеяньні, скіраваныя на аб'яднаньне нашае краіны з Расеяй. Нельга дапусьціць, каб у гэты час Беларусь зьнікла як самастойная краіна.

Фронтаўцы абгрунтавалі сваю прапанову дзьвюма новымі абставінамі. Па-першае, адпаведнасьцю заяве Сямёна Шарэцкага, і, па-другое, перамовамі паміж Сяргеем Лінгам і Ўладзімерам Пуціным, пад час якіх эканамічныя праблемы разглядаліся ў другім шэрагу, а на першае мейсца выйшлі так званыя "інтэграцыйныя" пытаньні.

Як жа ўспрынялі заяву Беларускага Народнага Фронту іншыя ўдзельнікі перамоваў, сярод якіх сёньня былі, да прыкладу, лібэрал-дэмакрат Сяргей Гайдукевіч, прадстаўнікі "Яблока" Вольга Абрамава й Аляксандар Фядута ды іншыя? Вось што кажа пра гэта Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) "...Гэтую прапанову ў прынцыпе прынялі прыхільна. Гэта мусіць быць адлюстравана ў дапрацаванай плятформе. І калі тэкст плятформы будзе ўжо ўзгоднены да наступнага паседжаньня канчаткова — яна будзе парафаваная кіраўнікамі партыяў".

Другая вельмі важная навіна — гэта вызначэньне тэрміну заканчэньня перамоваў. Чаму гэтая праблема надзвычай прынцыповая — зразумела. Калі час дыялёгу ня будзе абмежаваны, улады могуць скарыстацца з гэтага ды імітаваць "перамовы" бясконца. Пра тое, калі павінен скончыцца працэс перамоваў, распавядае Юры Хадыка:

(Хадыка: ) "АБСЭ прапануе скончыць іх да канца году... І нават па распараджэньню Лукашэнкі — да 1 сьнежня. На думку спадара Віка эканамічная сытуацыя ў краіне такая дрэнная, што зацікаўленасьць рэжыму Лукашэнкі ў атрыманьні міжнароднае падтрымкі будзе прымушаць яго йсьці насустрач той праграме, якая прапануецца 53-ма краінамі".

Але, перш чым скончыцца, перамовы павінныя пачацца. На думку ўдзельнікаў сёньняшняга паседжаньня, зараз усё залежыць не ад іх, а Лукашэнкі ды ягонай каманды. справа ў тым, што кіраўнік групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік, які прысутнічаў на паседжаньні, даў зразумець ягоным удзелнікам: без асабістай сустрэчы, а можа й некалькіх сустрэчаў, Віка й Лукашэнкі афіцыйна перамоўны працэс не распачнецца.

25 жніўня былі зацьверджаныя каардынатары 4-х экспэртавых групаў, якія будуць дапамагаць апазыцыі пад час перамоваў. Групу ў пытаньнях доступу да сродкаў масавае інфармацыі ўзначальвае прафэсар Пастухоў, у выпрацоўцы мэханізму рэалізацыі прынятых дамоўленасьцяў — прафэсар Хадыка, у праваабарончых пытаньнях і стварэньню адпаведнага палітычнага клімату перамоваў — спадар Бяляцкі, у канстытуцыйным і выбарчым праве — спадар Пліска.

Наступнае паседжаньне плянуецца правесьці ўв аўторак 31 жніўня а 15 гадзіне менскага часу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG