Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 жніўня 1999 г.


Ліяна Бурцава, Прага

Пасьля ўікэнду няспыннага бамбаваньня расейскімі паветранымі сіламі ісьлямскія паўстанцы ў паўдзённым рэгіёне Расеі – Дагэстане – вымушаныя былі пакінуць некалькі вёсак, якія раней кантралявалі.

Лідэр чачэнскіх партызанаў у Грозным паведаміў, што яны адвялі свае войскі з Батліхскага раёну й перагрупоўваюць іх. Магамэт Тагаеў, кіраўнік паўстанцаў, заявіў: "Усе аддзелы былі разьвернуты ў іншыя рэгіёны для выкананьня іншых загадаў".

Ісьлямскія паўстанцы прыйшлі ў Дагэстан з Суседняй Чачэніі 16 дзён таму й паспрабавалі стварыць незалежную Ісьлямскую дзяржаву ўздоўж расейскае каўкаскае мяжы.

Спадар Тагаеў сказаў, што атрымаў загад свайго камандзіра Шаміля Басаева пакінуць Батліхскі рэгіён, і зрабіў гэта за 24 гадзіны. Аднак расейскія вайскоўцы кажуць, што 100 чалавек паўстанцаў засталося ў дагэстанскай вёсцы Танда.

Расейцы абстралялі Танду, галоўны баявы пункт паўстанцаў з аглядам на расейскія пазыцыі, у нядзелю. Самалёты зрабілі больш за 80 захадаў, таксама патрапіўшы ў суседнія вёскі Ансаха і Рахата.

Дзень адводу паўстанцкўх войскаў супаў з апошнім тэрмінам барацьбы, абвешчанай расейцамі. Уладзімір Пуцін, новы расейскі прэм'ер-міністар і яўны пераемнік Ельцына, паабяцаў завяршэньне канфлікту пасьля двух тыдняў з моманту свайго прызначэньня на пасаду 9 жніўня.

Учора расейскі вайсковы сьпікэр у дагэстанскай сталіцы Махачкале паведаміў, што апошнія налёты пацягнулі больш за 600 ахвяраў з боку паўстанцаў. Расейцы ж згубілі ня больш за 50 чалавек.

Але спадар Басаеў заявіў, што расейцы маюць "катастрафічныя" страты, а паўстанцы захапілі яшчэ дзьве вёскі. Спадар Басаеў, натхняльнік маскоўскае паразы 1994–1995 гадоў, поўны рашучасьці выгнаць расейцаў з Паўночнага Каўказу.

Інфармацыя аб тым, што на самой справе адбываецца там, застаецца вельмі прыблізнай, бо амаль што ніхто з журналістаў там не прысутнічае – Дагэстан ужо больш года застаецца забароннай зонаю з нагоды таго, што амаль кожны замежнік, які прыяжджае ў Каўкаскі рэгіён, у выніку трапляе ў рукі марадзёраў, што спадзяюцца атрымаць нейкія грошы.

Так ці йнакш, але адступленьне й вывад войскаў паўстанцаў наўрад ці азначае завяршэньне канфлікту. Расейскія палітыкі прызнаюць, што, магчыма, наканаваная доўгая барацьба супраць дзьвюх тысячаў паўстанцаў.

Палітычны аналітык Фонду імя Карнэгі Мікалай Пятроў лічыць, што канфлікт можа скончыцца даволі хутка, але ягоных рэцыдываў пазьбегнуць немагчыма. Сытуацыя ў Дагэстане будзе заставацца небясьпечнай і ў будучыні. Прадстаўнік расейскага міністэрства абароны заявіў, што ўікэндаўскія налёты былі спробаю падавіць супраціў паўстанцаў артылерыяй перад тым, як будуць ўведзеныя наземныя фармаваньні.

Нягледзячы на рыторыку, некаторыя назіральнікі лічаць, што Крэмль пакуль што не сьпяшаецца завяршыць канфлікт. Хаўрус Прымакова й Лужкова загнаў Ельцына ў палітычны кут напярэдадні сьнежаньскіх парлямэнцкіх выбараў.

І цяперашняя дагэстанская вайна выглядае спосабам пераключыць ўвагу з будучых выбараў да праблемаў захаваньня дзяржаўнае бясьпекі.

XS
SM
MD
LG