Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 24 жніўня 1999 г.


Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

На гэтым тыдні ў Магілеўскай вобласьці пачаліся адразу дзьве акцыі пратэсту рабочых – у вабласным цэнтры і ў Бабруйску. Прычына іх правядзеньня аднолькавая – запазычанасьці ў заробках. Рабочыя ўпэўненыя, што далей трываць жыцьцё бяз грошай проста немагчыма. Ім ня толькі няма за што адправіць дзяцей у школу 1 верасьня, але й папросту няма за што іх карміць.

Хваляваньні на арэндавым прадпрыемстве "Інвэст-Дом" пачаліся яшчэ на мінулым тыдні. Рабочыя арматурнага цэху запатрабавалі ад адміністрацыі тэрмінова разьлічыцца зь імі за чэрвень. Учора кіраўніцтва "Інвэст-Дому" паабяцала ў бліжэйшыя дні выплаціць супрацоўнікам даўгі па заробкам. Дзьвесьце чалавек, якія працуюць на прадпрыемстве, задаволіліся гэтым абяцаньнем і ў панядзелак прыступілі да працы. Гэтага ня сталі рабіць толькі чатыры рабочыя арматурнага цэху, які быў ініцыятарам акцыі пратэсту. Сярод тых, хто аддае перавагу не абяцаньням, а рэальным грашовым знакам, зь якімі можна пайсьці ў краму – шматдзетныя бацька й маці.

Арэндавае прадпрыемства "Інвэст-Дом", якое вырабляе сілікатныя блёкі дзеля панэльнага домабудаваньня, зараз працуе толькі на дзясятую частку сваіх магутнасьцяў. Прадукцыя "Інвэст-Дому" не карыстаецца папулярнасьцю, ды й жыльля будуецца зараз вельмі няшмат. Таму, нажаль, мяркуецца, што непрыемнасьці для працоўнага калектыву гэтага прадпрыемства яшчэ толькі пачынаюцца.

На Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў учора ня выйшаў на працу ўвесь калектыў – дзьве тысячы чалавек. Патрабуюць свае заробкі за чэрвень і ліпень і бяз грошай ня будуць працаваць, пра што адміністрацыя завода была паінфармавана ў мінулую пятніцу на агульным сходзе працоўнага калектыву. Людзі настроены рашуча, і таму дырэктар прадпрыемства тэрмінова ад'ехаў у Менск на Трактарны завод, які вінны бабруйчанам сто мільярдаў рублёў.

Але нават калі грошы ўдасца атрымаць, то гэта толькі на пэўны час здыме праблему запазычанасьцяў па заробкам, бо завод трактарных дэталяў і агрэгатаў мае стамільярдавую запазычанасьць перад энэргетыкамі і паўтрыльёны рублёў вінны бюджэту.

Гэта, так бы мовіць, першыя ластаўкі рэзкага пагаршэньня становішча ў сфэры прамысловае вытворчасьці. Пра тое, што сытуацыя сапраўды крытычная, сьведчыць і той факт, што цяпер на паседжэньні на эканамічныя тэмы з удзелам прамыславікоў і прадстаўнікоў ўлады журналістаў катэгарычна ня пушчаюць.

Як, да прыкладу, на апошнюю сумесную нараду прэзыдыюмаў Магілеўскае асацыяцыі прамыславікоў і прадпрыймальнікаў і вабласнога Савету дэпутатаў, дзе абмяркоўвалася фінансавае становішча прадпрыемстваў.

У ліпені адбылося рэзкае падзеньне аб'ёмаў вытворчасьці, і па меркаваньню магілеўскіх эканамістаў, у дадатак да старой прычыны неадпаведнасьці афіцыйнага й рэальнага курсаў беларускага рублю дадалася яшчэ адная: уведзены кіраўніцтвам краіны рэнтавы збор ці "падатак на бартэр".

Зараз адмысловая рабочая група з магілеўскіх прамыславікоў і прадстаўнікоў улады рыхтуе зварот да ўраду і парлямэнту з просьбаю тэрмінова скасаваць гэты падатак. У гэтым звароце будуць разьлікі па буйнейшаму прадпрыемству Магілеўскае вобласьці, вытворчаму аб'яднаньню "Хімвалакно", якое, паводле папярэдніх дадзеных, толькі за ліпень ад рэнтавага збору панесла страты ў памеры дзьвесьце мільярдаў рублёў.

Прамыславікі ўвогуле моцна зьдзіўленыя. У той час, як яны няспынна просяць кіраўніцтва краіны аб стварэньні спрыяльных умоваў дзеля аднаўленьня й развіцьця вытворчасьці (ад чаго ў рэшце рэшт выйграе і бюджэт), прэзыдэнт, урад і парлямэнт быццам бы ймкнуцца канчаткова пахаваць і без таго паўмёртвую прамысловую вытворчасьць.

XS
SM
MD
LG