Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 жніўня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня ў Менску аднавіўся працэс над былым міністрам сельскае гаспадаркі Васілём Лявонавым, якога абвінавачваюць у хабарніцтве, крадзяжы дзяржаўнае маёмасьці й службовых злоўжываньнях.

Сёньня ўвесь дзень суд зачытваў матэрыялы абвінаваўчага заключэньня, якія, як лічыць сьледзтва, даводзяць, што Васіль Лявонаў на пасадзе міністра сельскае гаспадаркі Беларусі займаўся злоўжываньнямі й хабарніцтвам. У прыватнасьці, сьледзтва сьцьвярджае, што экс-міністар скарыстаўся сваім службовым становішчам, каб пралябаваць камэрцыйныя інтарэсы фірмы "РостІнвэст", кіраўнік якой, нехта Пракаповіч, быў асабістым знаёмым Лявонава. Аказваецца, экс-міністар дапамог гэтай фірме стаць пераможцам у конкурсе на пастаўку ў Беларусь фуражнага зерня на суму 60 мільярдаў рублёў па коштах 1995 году. Сьледзтва сьцьвярджае, што гэтай паслугаю Лявонаў аддзячыў фірме за тое, што ейныя супрацоўнікі бясплатна пабудавалі яму катэдж у вёсцы Прылукская Слабада Менскага раёну.

Таксама былі агалошаныя матэрыялы аб махлярстве фірмы "РостІнвэст" з нафтапрадуктамі аб'яднаньня "Нафтан" — што таксама быццам бы стала магчымым з дапамогаю Лявонава. Сума гэтай угоды яшчэ больш унушальная — 2 мільёны даляраў.

І нарэшце, быў зачытаны эпізод з атрыманьнем былым міністрам мэблі ад акцыянэрнага таварыства "Расьсвет", якая была выраблена на бабруйскай фабрыцы "Фандок". Заплаціла за гэтую мэблю гаспадарка "Расьсвет", а Лявонаў атрымаў яе ў свой катэдж бясплатна, што зьяўляецца хабарам — сьцьвярджае сьледзтва.

Дарэчы, на працэсе неаднаразова паўтараецца, што Лявонаў сябе вінаватым у паданых абвінавачваньнях ня прызнаў і на сьледзтве адмовіўся ад дачы паказаньняў. Ці загаворыць экс-міністар у судзе, стане вядома хутка — днямі мусяць пачацца допыты сьведкаў і Лявонаў таксама будзе мець магчымасьць задаваць пытаньні.

І яшчэ цікавы момант сёньняшняга працэсу — ужо на самым пачатку працэсу судзьдзям прыйшлося разьбірацца, чаму падсуднага Лявонава пад час працэсу ня кормяць абедам. Высьветлілася, што йснуе інструкцыя міністэрства нутраных справаў, згодна зь якой на працягу 10 дзён ад пачатку суду падсуднага не забясьпечваюць абедам, калі ён застаўся ў будынку да вечара. Адпаведна, пазбаўляецца рыштант і шпацыру на сьвежым паветры, бо ў судах дзеля гэтага няма ўмоваў.

Адвакаты Лявонава лічаць такія абмежаваньні незаконнымі, а прадстаўнік Гэльсынскага камітэту, грамадзкі абаронца Барыс Звозкаў увогуле параўнаў падобную практыку з катаваньнем і прапанаваў суду зрабіць адмысловае вызначэньне ў адрас міністэрства нутраных справаў. Суд параіўся, аднак, хадайніцтва адхіліў. Заяўлена, што разьбірацца ў законнасьці інструкцыяў міністэрства нутраных справаў — не ягоная кампэтэнцыя, і ўвогуле, гэтая праблема ня мае дачыненьня да справы.

XS
SM
MD
LG