Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 жніўня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня міліцыя і невядомыя людзі ў цывільным правялі ператрус у штаб-кватэры "Грамадзянскага Форуму" — маладзёвае філіі Аб'яднанае Грамадзянскае партыі.

А 12 гадзіне дня ў офіс "Грамадзянскага Форуму" ў цэнтры Менску ўварваліся 5 чалавек: участковы інспэктар міліцыі, падатковы інспэктар, чалавек зь відэакамэраю і дзьве асобы ў цывільным. У памяшканьні знаходзіўся Сяргей Казлоўскі, рэдактар газэты "Маладзёвы праспэкт". Нідаючы аніякіх тлумачэньняў незапрошаныя госьці пачалі ператрус.

Праз паўгадзіны пасьля ягонага пачатку ў штаб-кватэру прыехаў старшыня "Грамадзянскага Форуму" Ўладзімер Навасяд. Ён спрабаваў высьвятліць у наведнікаў, на якой падставе яны ўварваліся ў памяшканьне, чаму адбіраюць чужыя рэчы. Паводле словаў спадара Навасяда, а ні ордэра на вобшук, а ні пастановы суду падана не было. Ён атрымаў "тлумачэньне": "гэта нашая справа — тут знаходзіцца антыпрэзыдэнцкая арганізацыя!".

Адабраньне рэчаў здымалася на відэастужку чалавекам у цывільным, які назваўся Сяргеем Верамейчуком.

Быў складзены пратакол адабраньня, у якім фігуравалі: газэта "Народны прэзыдэнт" — 700 асобнікаў, улёткі "законная ўлада — годнае жыцьцё" — 1000 асобнікаў, запрашэньне на народнае гуляньне, прысьвечанае заканчэньню прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі — 17 000 асобнікаў, сыстэмны дыск кампутара. Дарэчы, сыстэмны дыск сябры "Грамадзянскага Форуму" здолелі выхапіць і вынесьці.

Пратакол, паводле словаў Ўладзімера Навасяда, складаўся тры разы: паводле закону, яго мусяць падпісваць сьведкі. Асобы, якія праводзілі ператрус, запрашалі суседзяў, каб тыя паставілі свае подпісы ў якасьці сьведкаў. Але, калі суседзі даведваліся аб умовах ператрусу, яны адмаўляліся падпісваць пратакол. Натуральна, адмовіліся падпісаць пратакол і прадстаўнікі "Грамадзянскага Форуму".

Нязваныя госьці тлумачылі свае дзеяньні тым, што штаб-кватэра "Грамадзянскага Форуму" знаходзіцца ў прыватнай кватэры. А арэнда прыватнага жыльля пад офісы забароненая Грамадзянскім кодэксам.

Прадстаўнікі маладзёвае арганізацыі паведамілі, што пад час ператрусу чалавек у цывільным, які не назваўся, вёў зь імі цікавыя размовы, дэманструючы дасьведчанасьць у асабістых справах маладых палітыкаў — аднаму прапаноўваў дапамагчы аформіць пашпарт, другому — уладкавацца на працу. Дапытваўся: "дзе друкуецца газэта "Народны прэзыдэнт"?".

Адабранае было дастаўлена ў бліжэйшы аддзел міліцыі. Цікавая акалічнасьць — учора менавіта ў штаб-кватэры "Грамадзянскага Форуму" Беларуская тэлевізыя здымала інтэрвію з кіраўніком АГП Станіславам Багданкевічам аб пэрспэктывах перамоўнага працэсу.

Такія вось у нас перамовы атрымліваюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG