Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 жніўня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Шырокая апазыцыя ў Югаславіі адмаўляецца аб'яднаць свае сілы ў справе барацьбы супраць прэзыдэнта Мілошавіча…

Ув апошнія выхадныя павялічыліся рознагалосьсі паміж двума асноўнымі лідэрамі югаслаўскае апазыцыі у пытаньні стратэгіі адхіленьня ад улады прэзыдэнта Мілошавіча, што ўзмацніла пазыцыю апошняга. На думку Вука Дражкавіча – лідэра "Сэрбскага руху Адраджэньня" – дзеля зьмены ўлады трэба правесьці датэрміновыя выбары. У сваю чаргу, Дэмакратычная партыя Сэрбіі начале з Зоранам Джындзічам дамагаецца, каб выбары праходзілі толькі пасьля адстаўкі Мілошавіча й стварэньня пераходнага ўраду. Пры гэтым Джындзіч лічыць, што як падрыхтоўку да выбараў, так і самі выбары мусяць быць пад кантролем міжнародных назіральнікаў. Ён цьвердзіць, што пакуль Мілошавіч пры ўладзе, свабодныя і сумленныя выбары ў Югаславіі па простаму немагчымыя.

Гэткім чынам, на прапанову Зорана Джындзіча аб'яднаць намаганьні апазыцыі, Вук Дражкавіч адказаў адмоваю і нават выкрэсьліў ідэю магчымага будучага супрацоўніцтва зь іншымі апазыцыйнымі Мілошавічу сіламі. Больш таго, лідэр "Сэрбскага руху Адраджэньня" абвінаваціў свайго палітычнага канкурэнта ў падштурхоўваньні Югаславіі да грамадзянскай вайны. Паводле Дражкавіча, Джындзіч дэстабілізуе краіну.

Тым часам Зоран Джындзіч у часе інтэрвію незалежнай агэнцыі навінаў "Бэта" сказаў, што ён хацеў бы працаваць толькі з тымі, хто хоча як найхутчэй пазбавіцца рэжыму Мілошавіча. "Мы не шукаем супрацоўніцтва толькі з "Сэрбскім рухам Адраджэньня", мы шукаем супрацоўніцтва з усімі, хто хацеў бы, каб Мілошавіч пакінуў сваю пасаду", – падкрэсьліў Джындзіч і дадаў, што цяпер палітыка ўжо робіцца не ў габінэце, а на вуліцах і плошчах.

Гэтая думка падцьвярджаецца й тым, што, паводле заходніх сродкаў масавае інфармацыі, на апошні масавы мітынг апазыцыйных сілаў у Бялградзе выйшлі каля 150 тысячаў чалавек (паводле дзяржаўнае югаслаўскае газэты "Палітыка" – толькі 25 тысячаў). Гэты мітынг быў найбольшай акцыяй апазыцыі цягам апошніх трох гадоў. У часе акцыі ейныя ініцыятары – апазыцыйнае аб'яднаньне "Зьвяз дзеля зьменаў" і група незалежных эканамістых – ізноў заклікалі стварыць пераходны ўрад і прапанавалі усім дэмакратычным сілам падпісаць стабілізацыйны пакт. Аднак Вук Дражкавіч, які таксама выступаў на мітынгу, скрытыкаваў гэтыя прапановы й назваў іх непрадуманымі і безадказнымі.

Аднак, гэта не перашкодзіла апазыцыйнаму "Зьвязу дзеля зьменаў" папярэдзіць Мілошавіча, што калі той да сярэдзіны верасьня не падасьць ув адстаўку – у Бялградзе пройдзе чарговы масавы мітынг пратэсту. У часе прэсавае канфэрэнцыі, якая адбылася адразу пасьля маніфэстацыі, Зоран Джындзіч заявіў, што аніякія кампрамісы з уладаю – немагчымыя.

Тым часам нарастае напружанасьць у югаслаўскай правінцыі Косава, дзе лідэр косаўскіх сэрбаў Мамчыла Трайкавіч выступіў зь ідэяй стварэньня на гэтай тэрыторыі сэрбскіх анкляваў. Прадстаўнікі прыўладнае сацыялістычнае партыі Югаславіі скрытыкавалі гэтую прапанову, а прадстаўнік адміністрацыі ААН у Косаве Бэрнар Кушнер паабяцаў разгледзіць яе як найхутчэй. Ув адказ на гэта косаўская рэгіянальная арганізацыя Сацыялістычнае партыі абнародвала заяву, паводле якой Кушнер плянуе зьмясьціць косаўскіх сэрбаў у гета.

А пакуль тое, перадавы аддзел расейскіх міратворцаў, які кіраваўся ў места Арахавец, каб пераняць кантроль гэтага населенага пункту ад нідэрлянскіх вайскоўцаў, быў спынены мяйсцовымі альбанцамі і ўрэшце павярнуў назад. Альбанскае насельніцтва Арахаўца моцна пратэстуе супраць дыслякацыі расейскага войска на тых падствах, што Расея заўсёды была хаўрусьніцаю Сэрбіі. Апрача гэтага альбанцы цьвердзяць, што расейскія наёмнікі, якія ваявалі на баку сэрбаў, бралі актыўны ўдзел у этнічных чыстках альбанскага насельніцтва.

XS
SM
MD
LG