Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 жніўня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Агляд прэсы. Адразу некалькі падзеяў, у якасьці асноўных тэмаў дня, патрапілі ў поле зроку заходніх сродкаў масавае інфармацыі. Найперш – гэта тэма наступстваў землятрусу ў Турэччыне…

"Нью-Ёрк Таймс" – нядзеля. Адна з асноўных навінаў – землятрус у Турэччыне, які забраў жыцьці 40 тысячаў чалавек. Газэта адзначыла цяжкасьці ў справе ліквідацыі наступстваў навалы, да якіх, перад усім, належыць неарганізаванасьць выратавальнікаў. Некалькі наступных гадоў – піша газэта – дасьледнікі будуць высьвятляць, што было натуральным і што было штучным у пытаньні сьмерці людзей. Натуральным быў сам землятрус, пры якім заўсёды гінуць людзі, а штучнымі – дрэнныя канструкцыі дамоў, парушэньні правілаў будаўніцтва, а таксама незвычайная непадрыхтаванасьць краіны да прыродных катастрофаў. Гэтая непадрыхтаванасьць настолькі моцная, што яна магла пацягнуць за сабою непрыемныя палітычныя наступствы.

У камэнтары, зьмешчаным у газэце "Ўол-стрыт Джорнал", Асла Айдынтасбас сказала, што нацыя на нейкі час сьхіліць галаву ад гора й сораму, бо забойца – ня толькі прырода, але таксама й сквапнасьць падрадчыкаў, і няпраўнасьць, і дзяржаўная негатовасьць да прадказальных прыродных катастрофаў.

Нарвэская "Афтэн Постэн" піша пра складанасьці жыцьця ў Сэрбіі і сэрбскай правінцыі Косава. У рэдакцыйным артыкуле газэта паведамляе, што колькасна вялікая югаслаўская апазыцыя не баіцца гаварыць адкрыта, але яна расколатая і гэты раскол можна вытлумачыць тым, што некаторыя сэрбы сьхільныя за дробным ня бачыць вялікага. Сярод апазыцыянэраў існуе пэрсанальная канкурэнтавасьць і варожасьць, што выразна паказвае на тое, што Сэрбія ня мае культуры дэмакратыі.

Карэспандэнт "Нью-Ёрк Таймс" Стывен Элэнджэр згаджаецца з тым што цьвердзіць нарвэскі пэрыёдык і аналізуе бялградзкія навіны, зь якіх вынікае, што "лідэр "Сэрбскага руху Адраджэньня" Вук Дражкавіч і ягоная ўплывовая жонка Даніка знаходзяцца на палітычным раздарожжы. Але цяпер яны раптоўна сталі менш радыкальнымі за іхных прыхільнікаў. Узятыя імі абавязкі выгнаць Мілошавіча выклікаюць пытаньні. Пара, якая кантралюе бялградзкую апазыцыю, дзеля дасягненьня сваёй мэты – атрыманьня палітычнай ўлады – ужывае любыя сродкі й стараецца з аднаго боку трымаць угоды з уладамі, а з другога – ісьці да фундамантальных дэмакратычных зьменаў. Гэтую альтэрнатыву паміж апазыцыяй і супрацоўніцтвам крытыкі называюць апартунізмам. Людзі ж пытаюцца, ці мара Дражкавічаў – толькі ўлада?

Дацкая "Бэрлінске Тыдэдэ" піша, што бялградзкая апазыцыя згодная толькі ў пытаньні адстаўкі Мілошавіча, але многія баяцца, што сэрбскае вайсковае кіраўніцтва зможа зманапалізаваць выбары дзеля перамогі Мілошавіча. У сваім рэдакцыйным артыкуле газэта заклікае, каб Захад выразна паказаў, якія падзякі атрымае Сэрбія, калі рэжым будзе скасаваны. Апрача гэтага, газэта заўважае, што пры расколе ў апазыцыі варта было б стварыць раскол і ў стане прэзыдэнта Мілошавіча.

"Ўашынгтон Пост" задае пытаньне: ці можа Расея захаваць сваю зьменшаную фэдэрацыю у той час, як некалькі тысячаў мусульманскіх незалежнікаў у Дагэстане кінулі ёй выклік. Гэтыя людзі вельмі матываваныя, яны ваююць на знаёмай мясцовасьці, і слаба ўзброеныя ды кепска накормленыя расейскія салдаты, якіх прывезьлі ў гэтыя горы – яны не зацікаўленыя ані ў перамозе, ані ў абароне. Калі б Расея магла правесьці палітычна-эканамічныя рэформы – піша газэта – бальшыня ейных народаў пажадалі б застацца ў ейным складзе. Але, як эканамічны развал і карупцыя будуць працягвацца, Дагэстан праз пару гадоў можа стаць знакам канца.

XS
SM
MD
LG