Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 23 жніўня 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

Сумніўнай назваў старшыня арганізацыі "Праўная дапамога насельніцтву" Алег Волчак лічбу пацярпелых у выніку катастрофы на станцыі мэтро "Няміга" – 105 чалавек. Менавіта гэтую лічбу агучыў гэнэральны пракурор Беларусі Алег Бажэлка. Створаны бацькамі пацярпелых камітэт "Няміга-99" мае намер дазнацца праўду аб катастрофе ад дзяржаўных ворганаў і дапамагаць яе ахвярам.

З часу, што прайшоў пасьля трагедыі на станцыі мэтро "Няміга", адной з праблемаў, зь якой сутыкнуліся бацькі пацярпелых дзяцей, была адсутнасьць інфармацыі пра сапраўдныя падзеі 30 траўня. Зьвяртаючыся па інфармацыю, асобныя бацькі атрымоўвалі адмову.

Адмову арганізацыяў давядзецца фармуляваць пісьмова й аргумэнтавана. То й стала адной з падставаў дзеля ўстаноўчага сходу Цэнтру сацыяльнае абароны "Няміга-99", як паведаміў нашаму радыё старшыня арганізацыі "Праўная дапамога насельніцтву" Алег Воўчак:

(Воўчак: ) "Гэты Цэнтар, як было заяўлена пад час устаноўчага сходу, асноўнай задачаю бачыць дапамогу ахвярам трагедыі.

Каб яны мелі магчымасьць часьцей сустракацца, дзяліцца сваімі праблемамі і разам выходзіць са свайго становішча, калі знаходзяцца ў сытуацыі адсутнасьці інфармацыі.

Праз Цэнтар яны займеюць магчымасьць зьвяртацца ў розныя дзяржаўныя і калегіяльныя ворганы, дзе атрымаюць кампэтэнтны адказ паводле трагедыі".

Другой мэтаю будзе аказаньне сацыяльнай і псыхалягічнай дапамогі. Ня менш важнай задачаю сябры "Нямігі-99" разглядаюць стварэньне мэмарыялу ахвяраў трагедыі. Суразмоўца адказаў, што лічыць зьяву ўтварэньня Цэнтру нармальнай, паколькі Канстытуцыя дазваляе грамадзянам аб'ядноўвацца на падставе агульных інтарэсаў або мэтаў дзеля іхнага выкананьня, і ніякай "палітыкі" ў гэтым няма, як тое сябрам Цэнтру мкнуцца прыпісаць.

"Няміга-99", акрамя нематэрыяльнае дапамогі, ня выключана, зацікавіцца й матэрыяльнай.

(Воўчак: ) "Цэнтар, натуральна, будзе спрыяць стварэньню фонду дапамогі ахвярам трагедыі. Многія прадпрыемствы пералічваюць сродкі на рахункі міністэрства па надзвычайных сытуацыях і гарадзкога выканаўчага камітэту, але людзям невядома, куды накіроўваюцца гэтыя сродкі".

Прыкладна адначасова з абвяшчэньнем пра стварэньне "Нямігі-99" з вуснаў гэнэральнага пракурора Беларусі Алега Бажэлкі прагучала лічба афіцыйна прызнаных ахвяраў трагедыі на станцыі мэтро "Няміга" – 105 чалавек.

У свой час, паведамляючы пра колькасьць асобаў, што знаходіліся на мейсцы трагедыі або побач, была названая ледзь ня тысяча. Больш за 400 зьвярнуліся па мэдычную дапамогу ва ўстановы сталіцы. З часам лічба ператварылася ў 105 з улікам памерлых.

З гэтай нагоды Алег Воўчак лічыць:

(Воўчак: ) "Лічбы падаюцца нам некалькі сумніўнымі. У зьвязку з гэтым, у выніку сваёй дзейнасьці Цэнтар мае намер высьвятліць сапраўдную колькасьць пацярпелых".

Бліжэйшым часам сябры новага аб'яднаньня перададуць дакумэнты на рэгістрацыю ў міністэрства юстыцыі. Аб'яднаньне будзе мець статус гарадзкога.

XS
SM
MD
LG