Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 жніўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Кіраўнік урадавае дэлегацыі ў перамовах з апазыцыяй Міхал Сазонаў пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, заявіў, што ўрадавы бок мае намер весьці дыялёг выключна ў межах прэзыдэнцкай рэдакцыі Канстытуцыі 96-га году. Прадметам перамоваў, паводле Сазонава, павінны стаць умовы парлямэнцкіх выбараў у "нацыянальны сход", сфармаваны Аляксандрам Лукашэнкам.

Апошняя заява прадстаўніка Лукашэнкі Міхала Сазонава й сьпікэра Шарэцкага ставіць пад сумнеў далейшы лёс перамоваў паміж уладай і апазыцыяй, якія могуць завершыцца, так і ня пасьпеўшы распачацца.

Функцыі будучага парлямэнту павінны стаць, паводле вэрсіі апазыцыі, галоўным пытаньнем на перамовах улады й апазыцыі. Дэлегацыя апазыцыянэраў патрабуе наданьня заканадаўчаму воргану функцыяў, якія б адпавядалі эўрапейскім стандартам. Паводле вэрсіі Аляксандра Лукашэнкі, пытаньне пра будучы парлямэнт – "нацыянальны сход" ужо вырашана на рэфэрэндуме 96-га году, і пакуль Аляксандар Лукашэнка лічыць, што пытаньне з парлямэнтам вырашана раз і назаўсёды.

Пра гэта пасьля сустрэчы з Лукашэнкам 21 жніўня абвесьціў кіраўнік урадавае дэлегацыі на перамовах Міхал Сазонаў. Ён паведаміў, што аніякіх перамоваў з апазыцыйнымі партыямі ня будзе, а будзе, паводле вэрсіі Лукашэнкі, дыялёг з шырокай беларускай грамадзкасьцю.

Акрамя гэтага Сазонаў, праз словы спасылаючыся на Лукашэнку, заявіў, што дыялёг магчымы толькі ў межах прэзыдэнцкае рэдакцыі Канстытуцыі, і абмяркоўваць можна толькі новы выбарчы кодэкс і ўмовы выбараў у "нацыянальны сход". Аляксандар Лукашэнка не зьбіраецца абмяркоўваць пытаньне пашырэньня функцыяў будучага парлямэнту.

На практыцы гэтая заява Лукашэнкі Сазонаву азначае, што перамовы з апазыцыяй могуць спыніцца, не пасьпеўшы распачацца, і, калі гэта адбудзецца, уся адказнасьць за зрыў перамоўнага працэсу будзе ўскладзеная на Аляксандра Лукашэнку. Менавіта так адкаментаваў сытуацыю кіраўнік апазыцыйнае дэлегацыі Анатоль Лябедзька.

Рэакцыі прадстаўнікоў АБСЭ на апошнія заявы Сазонава-Лукашэнкі пакуль няма. Да апошняга кіраўнік кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік заяўляў, што новы беларускі парлямэнт мусіць валодаць функцыямі большымі за "нацыянальны сход".

Разам з тым лідэр Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Станіслаў Багданкевіч сёньня правёў сустрэчу з амбасадарам Нямеччыны ў Беларусі спадаром Вінкельманам. Пад час сустрэчы лідэр АГП паведаміў, што ягоная партыя ня будзе ўдзельнічаць у перамовах і, адпаведна, у выбарах у выпадку, калі пытаньне функцыі будучага парлямэнту абмяркоўвацца ня будзе.

Як паведаміў нашаму радыё спадар Багданкевіч, нямецкі амбасадар заявіў яму, што Нямеччына таксама не разглядае выбары ў "нацыянальны сход" як выхад з канстытуцыйнага крызысу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG