Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 жніўня 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

У тым, што ахвярамі магутнага землятрусу ў Турэччыне сталі дзясяткі тысячаў людзей, многія сродкі масавае інфармацыі вінавацяць ня толькі стыхію, але ж і дрэнна пабудаваныя дамы.

Дапамагчы Турэччыне ў пераадоленьні наступстваў бедства ўзяліся многія заходнія краіны. Аб гатовасьці дапамогі заявіла й Беларусь. Аднак, афіцыйныя ўлады ў Менску дагэтуль ня вядаюць, ці ёсьць сярод пацярпелых беларускія грамадзяне.

Паводле "Вашынгтон Пост", прамысловы цэнтар Ізьміт, які перажыў землятрус сілаю 7,4 балаў, уяўляў сабою жахлівае відовішча. Шматпавярховыя дамы, разбураныя да падмуркаў, сотні заблякаваных вуліцаў, ашалелыя ад страху й гора людзі, якія просяць аб дапамозе, пажар на нафтаперапрацоўчым заводзе, які доўні час не ўдавалася утаймаваць – усё гэта складалася ў жахлівую карціну катастрофы.

У раёне землятрусу – прынамсі, наймоцнага ў сучаснай гісторыі Турэччыны – апынулася амаль палова насельніцтва краіны. Паводле афіцыйных зьвестак, колькасьць чалавечых ахвяраў перавысіла 7000, 15 000 зьніклі бязь зьвестак.

Тыя, хто выжыў, засталіся без вады, электрычнасьці, сувязі, без мэдычнае дапамогі. Турцкая газэта "Гурыет" напісала, што землятрус трапіў у самае сэрца турэцкае эканомікі. Турэцкая прэса асудзіла архітэктараў ды будаўнікоў, на якіх ускладаецца віна за тое, што шмат дамоў так лёгка разбурыліся. І ня толькі ў Ізьміце, але і ў іншых гарадох, у тым ліку, Стамбуле.

У матэрыяле, апублікаваным у "Нью-Ёрк Таймс", прыводзіцца сьведчаньне жыхара аднаго з раёнаў 12-мільённага Стамбулу. Адчуўшы падземныя штуршкі, Амат Аматаглу ды ягоныя блізкія імгненна выскачылі з ложкаў і ўбачылі, як зруйнаваўся 27-павярховы будынак насупраць іхнага дому. Ягоны сын закрычаў: "Мячэць! Гэта мячэць!". Аднак, калі яны выйшлі вонкі пасьля землятрусу, то ўбачылі, што новы будынак мячэці застаўся цэлым, а некалькі пад'ездаў шматпавярховага дому ператварыліся ў сумесь скамечанага мэталу й друзу.

Аўкіляр, новы раён на захадзе Стамбулу, пацярпеў найбольш. Многія дамы тут разбураныя цалкам або часткова. Пры гэтым характар разбурэньняў ня быў выпадковым. Некаторыя найсучасныя будынкі, пабудааныя, нібыта з запасам трываласьці, ня вытрымалі штуршкоў і разваліліся. Мяйсцовыя экспэрты лічаць, што гэта здарылася таму, што будаўнікі, каб зрабіць будаўніцтва больш танным, дадавалі ў рошчыну цэмэнту надта шмат пяску.

У выніку міграцыі, новыя густанаселеныя раёны на ўскрайку Стамбулу расьлі цягам апошніх гадоў як грыбы. Сусед спадара Аматаглу па вуліцы, пяцідзесяцігадовы электрык гасан Гюнэй распавёў, што ён жыў у адной кватэры разам з сям'ёю свайго стрыечнага брата, якая прыехала з паўднёвага ўсходу Турэччыны тры гады таму. Сям'я з чатырох чалавек загінула ў аўторак раніцою.

Між тым, ужо ў пятніцу Стамбул пачаў вяртацца да нармальнага жыцьця. Гэты старажытны горад па-ранейшаму ня мае недахопу ў турыстах, якіх асабліва прыцягвае славутая мячэць – помнік архітэктуры XVI стагодзьдзя. Ейны будынак, дзякуючы майстэрству старадаўніх архітэктараў, ацалеў.

Сярод турыстаў у Турэччыне, як заўсёды апошнім часам, было даволі шмат грамадзянаў Беларусі. Аднак, у беларускім МЗС ня могуць назваць хаця б прыкладную колькасьць гэтых людзей. На брыфінгу ў чацьвер было паведамлена толькі, што на ўліку ў беларускай амбасадзе 143 чалавекі, зь іх 24 былі ў зоне сэйсьмічнай актыўнасьці.

XS
SM
MD
LG