Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 жніўня 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Сёньня падкамісія ААН у правох чалавека ў Жэневе вярнулася да сытуацыі ў Беларусі. Паміж беларускімі прадстаўнікамі й астатнімі сябрамі падкамісіі, як звычайна, разгарнулася дыскусія.

Як паведаміў у тэлефоннай гутарцы каардынатар беларускае грамадзкае ініцыятывы "Хартыя'97" Андрэй Саньнікаў, на разгляд падкамісіі быў вынесены праект рэзалюцыі з улікам парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі за мінулы год. Нагадайма, што ў рэзалюцыі, прынятай летась, ды й раней, у спэцыяльным дакладзе ААН, утрымліваліся, мякка кажучы, несуцяшальныя высновы аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, прыводзіліся шматлікія факты сыстэматычнага парушэньня іх. За год сытуацыя не палепшылася. І таму большасьць сяброў падкамісіі выступалі за тое, каб адлюстраваць рэальны стан справаў у рэзалюцыі.

Аднак, напярэдадні галасаваньня нечакана выступіў з заяваю прадстаўнік беларускага МЗС у Жэневе Станіслаў Агурцоў. У гэтай заяве ўлады Беларусі фактычна ўзялі на сябе вялікі стос абавязкаў – па-першае, запрасіць у Менск спэцыяльнага дакладчыка ААН у справе правоў чалавека, а таксама рабочую групу, якая займаецца фактамі незаконных затрыманьняў і затрыманьняў па палітычных матывах. Па-другое – цягам году зрабіць усё неабходнае дзеля ўступленьня ў Раду Эўропы й падпісаць Эўрапейскую канвэнцыю правоў чалавека. Па-трэцяе – прыняць шэраг законаў, неабходных дзеля рэальнага забесьпячэньня грамадзянскіх правоў. І нарэшьце, самае галоўнае – улады абавязаліся правесьці ў наступным годзе свабодныя дэмакратычныя выбары, забясьпечыўшы роўны доступ усіх да прэсы, адсутнасьць цэнзуры й забесьпячэньне права на правядзеньне мірных дэманстрацыяў.

На самой справе пералік абавязкаў Беларусі яшчэ большы. І акрамя таго, улады абавязаліся падаць праз год поўную справаздачу ва ўсіх пытаньнях.

Сябры падкамісіі ААН, якія спачатку выказвалі адрозныя меркаваньні наконт рэзалюцыі, урэшьце вырашылі яе не прымаць.

Аднак, падкрэсьліў у размове з Радыё "Свабода" Андрэй Саньнікаў, насамрэч гэта накладае на Беларусь яшчэ большую адказнасьць. І такую ж думку выказалі іншыя міжнародныя экспэрты. Бо, калі ўзятыя на сябе абавязкі ня будуць выкананыя, гэта прывядзе да вельмі сур'ёзных наступстваў.

І ў гэтым выпадку рэзалюцыя ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі будзе куды больш жорсткай, чымся тая, якую плянавалася прыняць сёньня.

XS
SM
MD
LG