Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 жніўня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Адной з умоваў дзеля пачатку перамоваў з уладамі апазыцыя вылучае вызваленьне палітычных зьняволеных. Вось ужо некалькі месяцаў праходзіць збор подпісаў за вызваленьне з турмы былога прэм'ер-міністра Міхала Чыгіра. Гэтая акцыя падзеленая як бы на дзьве часткі — у самой Беларусі й за ейнымі межамі.

Лета — самы горшы час дзеля правядзеньня падобных мерапрыемстваў. Палітыкі звычайна ў гэты час адпачываюць. Нездарма ж лета ў іх завецца "мёртвым сэзонам". Але акцыя пад назовам "Міжнародная супольнасьць за свабоду Міхала Чыгіра" працягваецца. Атрыманыя новыя подпісы палітычных дзяячоў з Казахстану і Азэрбайджану. Адбылося гэта пад час слуханьняў, што зарганізавала міжнародная Ліга правоў чалавека, на якіх разглядалася становішча са свабодамі асацыяцыяў у Азэрбайджане, Беларусі ды ў Казахстане. У падтрымку Чыгіра выступілі прадстаўнікі палітычнае апазыцыі з баку і Астаны. У прыватнасьці, былы прэм'ер ураду Казахстану Кажыгэльдзін.

Як лічыць Анатоль Лябедзька, які ўзначальвае акцыю па збору подпісаў за вызваленьне спадара Чыгіра за межамі Беларусі, "гэта вельмі прыемна, што ў нас ёсьць мажлівасьць кантактаў з палітычнай апазыцыяй у межах СНД, і тое, што яны выказваюць салідарнасьць, бо іхныя і нашыя праблемы вельмі блізкія".

Дарэчы, згаданая акцыя — ужо другая па ліку. А першай, як вядома, зьяўляецца збор подпісаў за вызваленьне з-за кратаў дэпутатаў Уладзімера Кудзінава ды Андрэя Клімава. За іхную свабоду ўжо выказаліся больш за 800 парлямэнтарыяў.

Што ж тычыцца акцыяў у падтрымку Міхала Чыгіра — тут вынікі пакуль больш сьціплыя: некалькі дзясяткаў парлямэнтарыяў і кіраўнікоў палітычных партыяў. Але ж трэба ўлічваць, што й збор гэтых подпісаў пачаўся значна пазьней.

(Карэспандэнт: ) "А што будзе далей з подпісамі?"

(Лябедзька: ) "Я не выключаю, што прыкладам, калі будзе ў будучыні судовы працэс над тым жа Міхалам Чыгіром, то мы гэтыя подпісы перададзім непасрэдна судзьдзям, якія будуць весьці гэтую судовую справу. Калі мы дойдзем да судовай справы. Я думаю, што ў бліжэйшы час — і гэта мая ініцыятыва — беларуская палітычная апазыцыя можа прапанаваць уладам як кампраміс, які датычыцца пытаньня палітычных вязьняў — наступную схэму, што... як крок з боку беларускіх уладаў, які сьведчыць аб іх жаданьні весьці перамоўны працэс — зьмяніць меру прэсячэньня Міхалу Чыгіру й выпусьціць яго на свабоду пад гарантыі палітычнае апазыцыі".

С пачаткам восені, акцыя, паводле словаў ейных арганізатараў, выйдзе на новы ўзровень. У прыватнасьці, магчымасьцямі міжнароднага форуму ў Польшчы хоча скарыстацца Станіслаў Багданкевіч і Станіслаў Шушкевіч, якія маюць намер працаваць на гэтым форуме. А Анатоль Лябедзька й Мечыслаў Грыб крыху пазьней выедуць на чарговую сэсію Парлямэнцкае асамблеі NATO.

XS
SM
MD
LG