Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 жніўня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

За ўчыненыя ўчора непарадкі пад час футбольнага матчу паміж нацыянальнымі зборнымі Беларусі й Расеі менская міліцыя затрымала 62 расейскіх фанатаў. Супраць хуліганаў узбуджаныя крымінальныя справы.

Нагадаю, што разагрэтыя алькаголем прыкладна трыста расейскіх заўзятараў зарганізавалі ўчора на трыбуне менскага стадыёну "Дынама" бойку з прыхільнікамі беларускае каманды. Асноўную частку беларускае групы заўзятараў складалі сябры "Маладога Фронту" ды іншых дэмакратычных маладзёвых арганізацыяў. Падразьдзяленьні АМАПу й спэцназу атачылі расейскіх хуліганаў колам, але тыя нават спрабавалі ўчыніць бойку й зь сіламі правапарадку.

Усе гэтыя бясчынствы заезжых балельшчыкаў адбываліся на вачах Аляксандра Лукашэнкі, які назіраў за гульнёй з супрацьлеглай трыбуны. Ня выключана, што менавіта кіраўнік дзяржавы даў загад затрымаць расейцаў-хуліганаў. Прынамсі аддзеламі АМАПу й спэцназу, што наводзілі парадак у "расейскім" сэктары, кіравалі людзі з прэзыдэнцкай службы аховы.

У атачэньні міліцыі расейцы знаходзіліся на стадыёне яшчэ прыкладна паўтары гадзіны пасьля заканчэньня матчу. Потым іх пасадзілі ў аўтобусы й разьвезьлі па міліцэйскіх пастарунках. Там, прагледзеўшы апэратыўны відэазапіс бясчынстваў, ахоўнікі парадку затрымалі 62 найбольш актыўных удзельнікаў бойкі, а астатніх адвезьлі на вакзал.

Але на той момант на падыходах да чыгуначнай станцыі сабралася некалькі тысячаў разьюшаных прыхільнікаў беларускае зборнай, якія прагнулі адпомсьціць крыўдзіцелям. Дайшло нават да сутычак паміж беларускімі заўзятарамі і АМАПам. Таму міліцыянты былі вымушаныя нават спыніць адыходзячы цягнік Гомель—Масква, упіхнулі ў яго небаракаў-расейцаў і такім чынам выратавалі іх ад расправы. Астатнія ж хуліганы ўсю ноч правялі ў пастарунках, а раніцаю імі заняліся сьледчыя.

Як паведаміў нашаму радыё пракурор Ленінскага раёну Менску Аляксей Стук, чатыры расейцы ўжо прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці. Ім інкрымінуецца: нанясеньне цялесных пашкоджаньняў жаўнерам спэцназу нутраных войскаў і супраціўленьне работнікам міліцыі.

Паводле словаў спадара Стука, ня выключана, што крымінальныя справы будуць заведзены й на некаторых іншых расейскіх грамадзянаў. На 58-х гасцей складзены адміністратыўныя пратаколы, і іх лёс будзе вырашаць суд. Сярод затрыманых расейскіх гасьцей было й дзевятнаццаць непаўнагадовых, якіх, на думку пракурора, хутчэй за ўсё зьмесьцяць ў дзіцячы прыёмнік.

Аляксей Стук станоўча ацаніў дзеяньні міліцыянтаў па спыненьню непарадкаў, але лічыць, што ў будучыні ўладам трэба больш пільна падыходзіць да падобных заезжых заўзятараў.

Лёсам сваіх затрыманых суграмадзянаў цікавяцца й супрацоўнікі амбасады Расейскае Федэрацыі ў Менску. Як паведаміў нам часовы павераны ў справах Расеі ў Беларусі Вячаслаў Каваленка, амбасада падтрымлівае кантакты зь беларускім міністэрствам замежных справаў і праваахоўнымі ворганамі па справе фанатаў-хуліганаў. Паводле словаў спадара Каваленкі, расейскія дыпляматы будуць рабіць усё, каб дапамагчы сваім суайчыньнікам. Але тое, што расейцы хуліганілі й парушылі беларускія законы, на думку дыплямата, відавочна. А за гэта трэба несьці адказнасьць.

Тым часам некаторыя назіральнікі ў Менску ўжо пачалі выказваць меркаваньні, што расейскія хуліганы могуць стаць нават прадметам гандлю паміж афіцыйнымі Менскам і Масквою. Вось што думае на гэты конт непасрэдны сьведка непарадкаў на стадыёне прафэсар Юры Хадыка: "Я думаю, што падставы да затрыманьня былі. Вы ведаеце, традыцыйна маскоўская публіка – гэтыя аматары футболу – вядуць сябе з парушэньнямі нормаў цывілізаваных паводзінаў, ну і ўчора там кідалі бутэлькі, шашкі падпальвалі. Ці будзе гэты выпадак прадметам гандлю – ну, я ня думаю, па праўдзе кажучы, у Масквы куды больш складанейшыя праблемы зараз – як у Дагэстане, чым група хуліганаў," – лічыць спадар Хадыка.

У сталічнай управе нутраных справаў тым часам гавораць, што аніякага палітычнага падтэксту ў затрыманьні расейцаў нямя. На думку міліцыянтаў, затрыманыя ўчынілі крымінальныя і адміністратыўныя правапарушэньні, і незалежна ад сваёй нацыянальнасці й дзяржаўнай прыналежнасьці мусяць несьці адказнасьць у адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам.

XS
SM
MD
LG