Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 жніўня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Аб'яднаная Грамадзянская партыя абвінавачвае менскія гарадзкія ўлады ў стварэньні перашкодаў у правядзеньні публічных акцыяў. Гэтак АГП расцаніла той факт, што ўлады Менску свавольна пераносяць мейсцы правядзеньня пікетаў і ўводзяць усё новыя абмежаваньні для пікетоўцаў. Сёньня дзеля вырашэньня гэтае праблемы мусілі былі сустрэцца кіраўнік сталічнае арганізацыі АГП экс-міністра абароны Беларусі Павал Казлоўскі ды віцэ-мэр Менску Віктар Чыкін.

Аб'яднаныя дэмакраты пратэстуюць супраць свавольства менскіх гарадзкіх уладаў. Асабліва актыўную пазыцыю заняла менская гарадзкая арганізацыя. Яе кіраўнік, былы міністар абароны Павал Казлоўскі прыйшоў сёньня ў гарадзкі выканаўчы камітэт, каб у асабістай размове з намесьнікам старшыні Віктарам Чыкіным высьветліць, чаму гарадзкія ўлады парушаюць заканадаўства аб правядзеньні публічных акцыяў.

Цярпеньне дэмакратаў скончылася, калі ў чарговы раз іхная заяўка на правядзеньне пікету аказалася скажоная. Гэтак, згодна з рашэньнем гарадзкога выканаўчага камітэту, пікет, што быў анансаваны на вуліцы Маскоўскай, дазволілі праводзіць у другім баку горада — на вуліцы Гарадзкі Вал. Прычым, толькі ў 50 мэтрах ад прыпынку гарадзкога транспарту. Усяго, паводле інфармацыі Паўла Казлоўскага, у жніўні гэткім чынам былі сапсаваныя 5 пікетаў АГП.

Павал Казлоўскі патлумачыў, што не задавальняе яго ды ягоных калегаў па партыі:

(Казлоўскі: ) "Галоўны сэнс у правядзеньні пікету — гэта масавасьць людзей, якія ўбачаць тыя патрабаваньні, якія выстаўляе партыя на сваіх лёзунгах, у тых матэрыялах з патрабаваньнямі да ўлады, з незадавальненьнем дзеяньнямі ўлады й г.д., якія мы раздаем людзям, што праходзяць побач пікету. Таму, калі пікет загнаць у нейкі тупік, дзе два п'яных мужыка прыйшлі здаваць бутэлькі — сэнсу ў такога пікету, безумоўна, аніякага ня будзе".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы мяркуеце, чаму ўлады вырашылізьмяніць мейсца правядзеньня пікетаў? Якой мэты яны дасягаюць?"

(Казлоўскі: ) "Безумоўна, гэта спроба зьнізіць эфэкт акцыі. Менш узьдзеяньня на людзей — для іх [уладаў] гэта лепей. Мы ж на сваіх пікетах праводзім асьветніцкую працу сярод насельніцтва, бо людзі не разумеюць, чаму мы дрэнна жывем, чаму мізэрныя заробкі. Мы падымаем на пікетах тыя праблемы, якія хвалююць сёньня нашае насельніцтва. Я за Менск кажу, таму што мы — менская гарадзкая партыйная арганізацыя".

(Карэспандэнт: ) "Вось Вы прыйшлі сёньня да Чыкіна, каб высветліць, чаму робяцца гэтыя зьмены. І які вынік вашага наведваньня?"

(Казлоўскі: ) "Вынік дрэнны — была дамоўленасьць, што ён прыме нас, і мы паставім тыя праблемы, якія паўсталі з правядзеньнем гэтых акцыяў. Чыкіна на мейсцы не аказалася".

Заўважу, што прычыны, з-за якіх не адбылася заплянаваная сустрэча з намесьнікам старшыні гарадзкога выканаўчага камітэту Чыкіным, дэлегатам ад АГП так і не былі патлумачаныя. Памочнік Чыкіна, спадар Астахаў сказаў толькі, што ягонага шэфа няма, і паабяцаў перадаць яму ўсе просьбы візытэраў, а сам ён ня ведае, чаму былі зьмененыя мейсцы правядзеньня пікетаў. На гэта чыноўніку было заяўлена, што дзеяньні гарадзкога выканаўчана камітэту выглядаюць правакацыяй, разьлічанай на тое, каб сарваць перамоўны працэс паміж уладаю і апазыцыяй, які з такімі цяжкасьцямі зараз наладжваецца.

"У верасьні мы заплянавалі правядзеньне дзясяткаў пікетаў у розных раёнах Менску",-- паведаміў Павал Казлоўскі. Паводле ягоных назіраньняў, інтарэс грамадзтва да падобных акцыяў павялічваецца. Лёзунгі апазыцыі знаходзяць сярод людзей усё шырэйшы водгук, чаго й баяцца гарадзкія ўлады.

"Мы не пакінем гэтую праблему невырашанаю і будзем дамагацца, каб кожная заяўка на пікетаваньне задавальнялася ўладамі ў адпаведнасьці зь ейным зьместам", — сказаў Павал Казлоўскі.

XS
SM
MD
LG