Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 жніўня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня, цягам побыту ў Вілейцы, Аляксандар Лукашэнка выказаў сваё стаўленьне да стварэньня расейскага перадвыбарнага блёку "Айчына — Уся Расея". Ён таксама выказаўся наконт пэрспэктываў падпісаньня новае хаўруснае беларуска-расейскае дамовы.

Кіраўнік Беларусі мае звычай выказваць сваё стаўленьне да ўсіх падзеяў, што адбываюцца ў хаўруснай краіне. Надоечы, прыкладам, ён публічна выказваў шкадаваньні з прычыны адстаўкі габінэту Сьцяпашына. А сёньня лукашэнка камэнтаваў стварэньне перадвыбарнага блёку "Айчына — Уся Расея", які ачолілі былы прэм'ер Яўген Прымакоў і маскоўскі мэр Юры Лужкоў.

Хаця варта адзначыць, што гэтыя ацэнкі гучалі даволі супярэчліва. З аднаго боку кіраўнік дзяржавы паведаміў, што навогул негатыўна ставіцца да стварэньня перадвыбарных блёкаў. Будаваньне іх шкодзіць Расеі,-- заявіў ён і дадаў, — не заганяйце прэзыдэнта Ельцына ў кут!

Тое ж самае Лукашэнка гаварыў і на мінулым тыдні, камэнтуючы адстаўку Сьцяпашына, калі прыгадваў нейкія сілы ў Расеі, якія нясуць ня меншую адказнасьць за стан справаў у краіне, чым прэзыдэнт, але спрабуюць усю адказнасьць пакласьці на Ельцына.

З другога боку, сёньня кіраўнік Беларусі заявіў, што будзе падтрымліваць Прымакова й Лужкова, дзе б яны не знаходзіліся. Ён назваў Яўгена Прымакова сваім настаўнікам, Юрыя Лужкова — асабістым сябрам. Разам з тым, Лукашэнка негатыўна паставіўся да таго, што экс-прэм'ер Расеі ўзначаліў новаствораны блёк. Я хацеў бы, каб Прымакоў стаяў па-над блёкамі, — сказаў Лукашэнка. На ягоную думку, людзі й да выбараў, і пасьля іх будуць паважаць Прымакова, чым бы той не займаўся.

Кіраўнік Беларусі спрабуе дагадзіць абодвум бакам расейскае палітычнае бойкі. Ён выказаўся супраць стварэньня блёку, каб зрабіць прыемнае гаспадару Крамля. Горкі досьвед навучыў Лукашэнку, што адкрыты канфлікт зь Ельцыным ні да чаго добрага не прыводзіць. Разам з тым, у яго знайшлося шмат цёплых словаў для кіраўнікоў блёку — Прымакова й Лужкова. Хто ведае, можа менавіта адзін зь іх у будучым годзе заменіць Ельцына ў Крамлі. Да таго ж палітычныя погляды "Айчыны — Усёй Расеі" хаця б у тым, што тычыцца беларуска-расейскае інтэграцыі, даволі блізкія да поглядаў Лукашэнкі.

Яшчэ гэтай вясною людзі, блізкія да каманды прэзыдэнта Беларусі, казалі, што афіцыйны Менск вырашае — на які блёк зрабіць стаўку пад час думксіх выбараў у Расеі. Крыніцы паведамлялі, што пры гэтым улічваліся ўрокі выбараў 1995 году, калі Лукашэнка ставіў на "Кангрэс рускіх абшчынаў", які з трэскам прайграў.

Сёньняшняя заява беларукага лідэра можа азначаць, што зараз ён вырашыў падтрымаць блёк Прымакова--Лужкова. Ён, дарэчы, як бачым, ужо дае Прымакову тэхналягічныя парады, як змагацца за пасаду прэзыдэнта. Прапанова быць па-над блёкамі вельмі нагадвае перадвыбарны лёзунг самога Лукашэнкі "Я ня зь левымі, я ня з правымі — я з народам!"

Сёньня кіраўнік дзяржавы выказаўся й наконт пэрспэктываў падпісаньня новае хаўруснае дамовы, сказаўшы, што ад яго тэрмін падпісаньня не залежыць. Ён дадаў, што беларускі бок гатовы пачакаць год-паўтара, калі будуць узгодненыя ўсе нюансы, і бакі прыйдуць да таго, каб падпісаць дамову аб аб'яднаньні дзьвюх краінаў.

Яшчэ некалькі тыдняў таму сьцьвярджалася, што адпаведная дамова будзе падпісаная ў гэтым верасьні. Зараз назвалі іншы тэрмін — праз год-паўтары. Відаць Лукашэнка канчаткова зрабіў выснову, што аб'яднаньне адкладаецца да таго часу, калі ў Расеі будзе новы прэзыдэнт.

XS
SM
MD
LG