Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 18 жніўня 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Згода былога расейскага прэмьера Яўгена Прымакова ўзначаліць выбарчы сьпіс блёку "Айчына – Ўся Расея" на гэтым тыдні ўнесла пэўную яснасьць ў палітычны расклад сілаў напярэдадні парлямэнцкіх выбараў. Тым ня менш, некаторыя аналітыкі прадказваюць, што названы выбарчы блёк можа стаць ахвяраю раздораў паміж лідэрам "Айчыны" Юрыем Лужковым і іншымі рэгіянальнымі лідэрамі.

Агэнцыя "Ройтэр" у сваім аналітычным матэрыяле з Расеі прыходзіць да высновы, што стваральнікі блёку "Айчына – Ўся Расея" разглядаюць Думу на выбарах хутчэй не як заканадаўчы ворган, але як арэну дзеля заваёвы уласнае палітычнае папулярнасьці.

У адрозьненьне ад іх, экс-кіраўніку выведкі і экс-прэм'еру Прымакову, які кіраваў расейскім урадам у першыя, найбольш складаныя пасьля фінансавага крызысу месяцы і які быў звольнены Ельцыным, ня трэба шукаць шырокае папулярнасьці. Яна ў яго ёсьць.

Лічыцца, што Прымакоў можа прыцягнуць да супрацоўніцтва з блёкам некаторыя дробныя партыі, у тым ліку зь лягэру супернікаў. Размова можа йсьці ў прыватнасьці, пра Аграрную партыю, якая застаецца на дргуіх ролях пры кампартыі.

"Нам надакучыла быць у апазыцыі. Мы хочам адыгрываць канструктыўную ролю",– заявіў надоечы лідэр Аграрнае партыі Лапшын.

Дэпутат Думы Аляксей Падбярэзкін, выгнаны днямі з камуністычнай фракцыі за адступніцтва, разам з групаю аднадумцаў шукае цяпер кантактаў з блёкам Прымакова.

Хаця лідэр камуністаў Зюганаў абяцае, што ягоная партыя набярэ больш за ўсіх галасоў, многія экспэрты лічаць, што на іміджы КПРФ у цэлым адмоўна адаб'ецца імідж прыхільнікаў так званае жорсткае лініі – кшталту Ілюхіна й Макашова – вядомых сваімі антысэміцкімі выказваньнямі.

Паводле некаторых прагнозаў, камуністы, якія зазвычай зьбіралі блізу 35 адсоткаў галасоў, гэтым разам могуць страціць падтрымку паловы свайго электарату. Іхныя галасы могуць перайсьці да прыхільнікаў цэнтрысцкага блёку.

Самае вялікае пытаньне, аднак, палягае на тым, якім чынам Прымакоў і Лужкоў, якія абодва прэтэндуюць на прэзыдэнцкую пасаду на выбрах 2000 году, змогуць суіснаваць.

Прымакоў ужо выказаўся супраць увядзеньня пасады віцэ-прэзыдэнта, і гэта было ўспрыянта аналітыкамі як выпад у бок мэра Масквы Лужкова, які, паводле адпаведнага сцэнару мог бы прайсьці на прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці намесьніка больш сталага кандыдата. Некаторыя лічаць, што паміж асноўнымі кандыдатамі надта мала даверу. Акрамя таго, малаверагодна, што і Ельцын падтрымаў бы падобную палітычную камбінацыю.

Разнагалосьсі паміж палітычнымі лідэрамі, у кожнага зь якіх свае палітычныя погляды й сваё бачаньне будучыні Расеі, могуць прывесьці да таго, што выбарчы блёк разваліцца адразу пасьля выбараў у Думу.

Пакуль рэгіянальныя лідэры разглядаюць маскоўскі ўрад у якасьці каардынатара іхных інтарэсаў, прыхільнікі Лужкова й Прымакова хочуць, каб сталіца ажыцьцяўляла поўны кантроль над усёй краінаю.

Стваральнікі блёку як моцнае цэнтрысцкае сілы жадаюць збліжэньня й з права-цэнтрысцкімі групоўкамі. У ідэале ў ролі будучага прэм'ера ім бачыцца Сяргей Сьцяпашын. Сьцяпашын, дарэчы, ужо даў згоду балатавацца на выбарах у Думу ў адной з акругаў Санкт-Пецярбургу.

Аднак, у Крамля ёсьць свае пляны стварэньня правацэнтрыскага блёку. Новы прэм'ер Пуцін заявіў сёньня аб магчымасьці стварэньня альянсу, у які ўвайшлі б экс-прэм'еры Сьцяпашын, Чарнамырдзін і Кірыенка.

XS
SM
MD
LG