Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 жніўня 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Актывісты барысаўскае арганізацыі Беларускае Сацыял-дэмакратычнае партыі Народная Грамада праводзяць своеасаблівую акцыю грамадзянскага непадпарадкаваньня, як яны кажуць, нелегітымным беларускім уладам. Сутнасьць акцыі палягае ў тым, што актывісты Народнае Грамады адмаўляюцца падпарадкоўвацца інстытутам дзяржаўнае ўлады. Так, учора й сёньня супрацоўнікі барысаўскага гарадзкога аддзелу нутраных справаў шукалі сяброўку мяйсцовае філіі Народнае Грамады Алесю Ясюк.

Учора а другой палове дня нарад міліцыянтаў завітаў на кватэру жыхара Барысава Уладзімера Ясюка дзеля таго, каб заарыштаваць ягоную жонку, маці чатырох малагадовых дзяцей, трыццацігадовую Алесю Ясюк.

Муж адказаў ахоўнікам парадку, што Алесі дома няма, што яна ад раніцы зьехала з гораду, а куды, дакладна ён ня ведае. У адказ спадар Уладзімер пачуў наступнае: маўляў, "вашая жонка не зьяўляецца паводле выклікаў а ні на гарвыканкамаўскую адміністрацыйную камісыю, а ні ў суд, а ні ў міліцыю. Яна апошнім часам за удзел у недазволеных палітычных акцыях мае ў агульнай колькасьці чатыры з паловаю мільёна рублёў штрафаў, але не выплочвае іх, хаця ўсе тэрміны даўно мінулі". Натуральна, прагучала папярэджанне: "Калі толькі спадарыня Ясюк будзе й надалей хавацца ад ворганаў нутраных справаў, яе ўсё роўна знойдуць і пакараюць".

Як заявіла мне сёньня раніцаю Алеся Ясюк, яна ні ад каго не хаваецца, проста ўчора езьдзіла на вёску да родзічаў, але а ні ў міліцыю, а ні ў суд, а ні ў пракуратуру, а ні ў выканкам дабрахвотна йсьці не зьбіраецца, бо, як і ўсе барысаўскія сацыял-дэмакраты, лічыць, што пасьля 20 ліпеня Аляксандар Лукашэнка ўжо ня ёсьць дэмакратычна абраным прэзыдэнтам, але чалавекам, які ўзурпаваў вышнюю дзяржаўную ўладу. Таму, паводле меркаваньня Алесі Ясюк ды ейных аднапартыйцаў, сёньня незаконныя і ўсе астатнія структуры выканаўчае ўлады, а таксама судовая і пракурорская сыстэма, бо яе чыноўнікаў прызначае Аляксандар Лукашэнка.

Паколькі аб сваім грамадзянскім непадпарадкаваньні ўладам барысаўская філія БСДП Народная Грамада адкрыта паведаміла яшчэ ў адмысловай заяве 8 жніўня, то Алеся Ясюк лічыць: "Думаю, што трэба трымаць слова".

І тутэйшыя сацыял-дэмакраты гэтае слова трымаюць.

Радыё Свабода паведамляла ўжо пра тое, што 13 жніўня ў Цэнтральны РАУС сталіцы не зьявіўся, каб атрымаць пакараньне за удзел ў антылукашэнкаўскіх гуляньнях па Менску 21 ліпеня, актывіст БСДП Зьміцер Абрамовіч, а 16 жніўня – праігнараваў позву ягоны старэйшы брат, кіраўнік партыйнае філіі Аляксандар Абрамовіч.

Праігнаравала выклік на гарвыканкамаўскую камісыю па справох непаўнагадовых і шаснаццацігадовая актывістка "Маладой Грамады" Надзея Грачуха, у зьвязку з чым згаданая камісыя паставіла яе на адмысловы ўлік, дзе значацца так званыя "цяжкія падлеткі".

XS
SM
MD
LG