Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 жніўня 1999 г.


Алена Радкевіч, Прага

Стаў вядомы новы склад міжпарлямэнцкае дэлегацыі Эўрапейскага Парлямэнту ў стасунках з Украінаю, Беларусьсю й Малдоваю. Цяпер узначальваць гэтую дэлегацыю будзе галяндзкі дэпутат Ян Марынус Віерсма, які ўваходзіць у групу Партыі эўрапейскіх сацыялістаў. Новаму кіраўніку 48 гадоў; чалавек, які будзе займацца Беларусьсю, зьяўляецца сябрам камітэту замежных справаў, правоў чалавека, пытаньняў бясьпекі і абароны, а таксама сябрам камітэту рэгіянальнае палітыкі. У Нідэрляндах ён уваходзіць у Партыю працы.

У кіраўніка дэлегацыі — да намесьнікі. Першы зь іх — швэд Андрэс Війкман: у Эўрапарлямэнце ён уваходзіць у хрысьціянска-дэмакратычную групу; сябра камітэту прамысловасьці, замежнага гандлю, дасьледваньняў і энэргетыкі. Яму 55 гадоў. І другая намесьніца — добра вядомая ў Беларусі дэпутатка Эўрапарлямэнту ад партыі Зялёных Нямеччыны Элізабэт Шродтэр — гэта другі ейны тэрмін у гэтай камісыі. Яна, як і кіраўнік дэлегацыі, займаецца ў Эўрапейскім парлямэнце пытаньнямі замежных справаў, правоў чалавека, абароны й бясьпекі, а таксама, рэгіянальнай палітыкі.

Дзеля таго, каб пазнаёміцца з новымі асобамі, якія будуць займацца пытаньнямі Беларусі ў Эўрапарлямэнце, мы затэлефанілі намесьніку старшыні дэлегацыі Андрэсу Війкману. Нашае пераше пытаньне было: "якімі ён бачыць мэты сваёй дзейнасьці на новай пасадзе?"

(Війкман: ) "галоўная мэта падобных дэлегацыяў — гэта палепшыць адносіны, павялічыць кантакты і ўзаемаразуменьне паміж сябрамі ЭўраЗьвязу і, у дадзеным выпадку, Украінай, Беларусьсю і Малдовай. А канчатковая мэта, безумоўна — гэта спрыяць, калі магчыма, вельмі блізкаму эканамічнаму й палітычнаму супрацоўніцтву".

(вядучая: ) "Наколькі спадар Андрэс Війкман знаёмы з сытуацыяй на Беларусі?"

(Війкман: ) "Я ведаю, што было выказана шмат занепакоенасьці наконт палітычнае сытуацыі і ў прыватнасьці на адрас палітыкі Вашага прэзыдэнта. Але паколькі я толькі што быў прызначаны ў гэтую дэлегацыю, я ж новаабарны дэпутат Эўрапарлямэнту — я мушу вывучыць лепш усю сытуацыю перад тым, як даваць Вам кваліфікаваныя адказы".

(вядучая: ) "Ці мае новая дэлегацыя ў сваіх бліжэйшых плянах наведаньне Беларусі?"

(Війкман: ) "Безумоўна, што на працягу наступных трох-пяці гадоў нашая дэлегацыя спаткаецца ў Беларусі".

(вядучая: ) "Якім аспэктам супрацоўніцтва зь Беларусьсю спадар Андрэс Війкман надаў бы большую перавагу?"

(Війкман: ) "Мой падыход да такіх праблемаў вельмі інтэграваны — нельга глядзець толькі на праблемы правоў чалавека ці толькі на эканамічныя праблемы. Трэба глядзець на палітыку, як на адзінае цэлае. Агульнае разьвіцьцё краіны — самае важнае. І я веру, што празь інтэнсыўны дыялёг мы зможам палепшыць сытуацыю ў Беларусі".

XS
SM
MD
LG