Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 17 жніўня 1999 г.


Алена Радкевіч, Прага

Больш як 300 чалавек загінула ў выніку землятрусу, які адбыўся мінулае начы ў Турцыі. Землятрус з эпіцэнтрам у горадзе Ізьміт непадалёк ад Стамбулу меў сілу 6,7 бала паводле шкалы Рыхтэра і спрычыніў значныя разбурэньні.

Паводле інфармацыі на гэты момант, у выніку землятрусу загінула 325 чалавек, аднак, выглядае, што гэта не канчатковая лічба, бо паведамленьні працягваюць паступаць. Паранена больш як 2,5 тысячы. Прынамсі 80 чалавек загінула ў гарадку Голцук — за 130 кілямэтраў на паўднёвы Ўсход ад Стамбулу.

У самім Стамбуле — горадзе з 12-мільённым насельніцтвам загінула прынамсі 40 чалавек і каля 500 паранена.

У эпіцэнтры землятрусу — гарадку Ізьміт — узьнік буйны пажар на мяйсцовым газавым тэрмінале. На ліквідацыю пажару кінутыя вайсковыя аддзелы ваенна-морскіх сілаў і пажарныя гэлікоптэры.

Сьледам за першым інтэсыўным землятрусам, які адбыўся а трэцяй гадзіне раніцы паводле мяйсцовага часу, да раніцы было адзначана яшчэ каля двухсот штуршкоў — у тым ліку сілаю ў 5 і 5,5 балаў.

Кіраўніцтва сэйсмалягічнае абсэрваторыі Басфорскага ўнівэрсытэту папярэдзіла грамадзянаў пра магчымасьць новых штуршкоў на працягу бліжэйшых сутак і рэкамэндавала тым, хто жыве ў дамох са слабай сэйсьмічнай устойлівасьцю, правесьці наступную ноч на вуліцы.

У гарадох пануе паніка. Людзі не заходзяць у дамы, шукаюць сваіх родных. У часе, калі грымнуў землятрус, бальшыня насельніцтва спала ў сваіх кватэрах — цяпер вядуцца пошукі пад заваламі. Часта можна чуць аднекуль з-пад абломкаў галасы, што клічуць на дапамогу.

Не хапае мэдыкамэнтаў і перавязачнага матэрыялу — у Ізьміце мэдыкі разьбівалі вокны ў аптэках, каб дастаць лекі. Да народу зьвярнуліся з заклікам здаваць кроў.

У раён землятрусу вылецелі прэм'ер-міністар Турцыі Бюлент Эджэвіт і ўрадоўцы.

За апошнія 100 гадоў у Турцыі, у якой больш за 90% тэрыторыі зніходзіцца ў сэйсьмічна небясьпечных зонах, адбылося 120 моцных землятрусаў. У выніку загінула каля 80 000 чалавек, амаль паўмільёна засталося без дамоў. Урон ад стыхійных бедзтваў складае мільярды даляраў.

Нядаўна мяйсцовы дэпартамант надзвычайных сытуацыяў распаўсюдзіў даклад, зь якога вынікае, што "ўсе раёны Турцыі знаходзяцца пад пагрозаю стыхійных бедзтваў: землятрусаў, апоўзьняў і абвалаў". У дакуманце адзначаецца, што найбольшую пагрозу для Турцыі ўяўляюць землятрусы. Пры гэтым, як зазначаецца, значная частка раёнаў Эгэйскага, Мармуровага й Чорнага мораў, а таксама цэнтральная, паўднёвая і паўжнёва-ўсходняя Анатолія зьяўляюцца "першаступеннымі зонамі рызыкі". такая ж характарыстыка дадзеная гэтым рэгіёнам і ў сувязі з магчымасьцю ўзьнікненьня ў іх абвалаў і апоўзьняў.

Самы буйны землятрус у турцыі ў гэтым стагодзьдзі — максымальны паводле шкалы Рыхтара — адбыўся 26 сьнежня 1939 году ва ўсходняй правінцыі Эрзінджан. Тады загінула каля 40 000 чалавек.

Апошнім разам Турцыю трэсла ў чэрвені 98-га, калі ў правінцыі Адана быў зафіксаваны падземны штуршок сілаю 6,3 бала. Стыхійнае бедзтва прывяло да гібелі 109 чалавек, 1200 было паранена.

Усяго ж за апошняе дзесяцігодзьдзе самыя разбуральныя землятрусы адбываліся: у 90-м годзе ў Іране (тады загінула 35 000, і паранена было каля 100 000 чалавек), у 93-м у Індыі (тады ахвярамі сталіся 22 000 чалавек, зруйнавана было 36 вёсак).

XS
SM
MD
LG