Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 жніўня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Зусім побач з будынкам Вярхоўнага суду — у судзе Ленінскага раёну Менску працягваецца працэс дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава. Слухаюцца паказаньні абвінавачваных калегаў Клімава па будаўнічай фірме.

Пабываўшы ў зале паседжаньняў і паслухаўшы, што гавораць падсудныя, складваецца ўражаньне, што сьледчая група яўна перастаралася, шукаючы вінаватых у справе раскраданьня дзяржаўных сродкаў на будаўніцтве, што вяла фірма Андрэя Клімава.

Як вядома, абвінавачваньне грунтуецца на быццам бы фактах завышэньня коштаў будаўніча-мантажных працаў пад час узьвядзеньня элітнага жылога дому на вуліцы Лодачнай у Менску. А грашовую розьніцу паміж рэальным коштам і тым, што запісаны ў справаздачах, Клімаў і ягонае бліжэйшае атачэньне нібыта прысвойвалі сабе. Аднак калі ўсё гэта адбывалася менавіта так, як падаюць сьледчыя, то й спытаць, відаць, трэба найперш з тых людзей, якія ўзначальвалі будаўніцтва дома на Лодачнай.

Але сярод дзевяці падсудных ёсьць нямала людзей, якія да таго будаўніцтва аніякага дачыненьня ня мелі, працавалі на іншых аб'ектах, што ўзводзіла фірма Клімава, і ня несьлі матэрыяльнай адказнасьці за расход будаўнічых матэрыялаў, атрыманых ад дзяржавы.

Сёньня суд дапытываў адную з такіх абвінавачваных — інжынэра Ганну Шахаву. Гэтая жанчына тлумачыла судзьдзе Веры Тупік, што ў яе службовыя абавязкі ўваходзіла складаньне справаздачаў па расходу цэглы й рошчыны на будаўніцтве дому ў мікрараёне Уручча, а на вуліцы Лодачнай яна ніколі не была й ня ведае, што пісалася ў дакумантах на гэтым аб'екту. Паводле словаў спадарыні Шахавай, сьледчыя па незразумелых прычынах запісалі яе ў склад злачыннай групы, якой нібыта кіраваў Клімаў.

Падобныя меркаваньні выказваюць і іншыя падсудныя, якія ўжо далі паказаньні суду. Паводле іхных словаў, сьледчыя, што вялі справу, неаднаразова аказвалі на іх псыхалягічны ціск, прымушаючы да так званага "дабрахвотнага супрацоўніцтва са сьледзтвам". Аднак, амаль усе абвінавачваныя начале з Андрэем Клімавым даваць паказаньні супраць сябе адмовіліся. Як пажартаваў у кулуарах працэсу адзін з адвакатаў: "шчырае прызнаньне аблягчае дазнаньне й павялічвае тэрмін пакараньня".

Тое, што судовы працэс над Клімавым і ягонымі калегамі йдзе зусім ня так, як таго хацелася сьледчым, якія пад час папярэдняга дазнаньня карысталіся рознага роду недазволенымі прыёмамі, відавочна. І таму, відаць, не дарэмна ў пятніцу суд наведалі сьледчыя Салькоў і Алёшкін, якія мелі працяглую канфідэнцыйную гутарку з судзьдзёю Верай Тупік. Ня выключана, што судзьдзю таксама цікавяць мэтады працы гэтых сышчыкаў.

Суд пакуль апытаў толькі пяцёх зь дзевяцёх абвінавачваных. Паводле вызначанага спадарыняй Тупік рэгляманту працэсу, для апытаньня аднаго падсуднага адводзіцца цэлы дзень. Паколькі выступ Андрэя Клімава будзе самым апошнім, то гэта адбудзецца не раней за наступны панядзелак.

І яшчэ трохі аб умовах утрыманьня Клімава ды іншых абвінавачваных у судзе. Паводле словаў маці й грамадзкага абаронцы дэпутата Алы Пятроўны, дзякуючы намаганьням адвакатаў і лісту, скіраванаму ў суд кіраўніком кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ у Менску Гансам-Георгам Вікам, зьняволеных пачалі карміць гарачай ежаю.

Аднак, на шпацыры Андрэя Клімава пад час судовых перапынкаў па-ранейшаму не выводзяць. Знаходзячыся ў судзе, Клімаў ды іншыя зьняволеныя вымушаныя па некалькі гадзінаў праводзіць у цесных камэрах памерамі 1,5 на 2 мэтры. Відаць, у мэтах эканоміі бэнзыну спэцмашына робіць толькі адзін рэйс на дзень — з турмы ў суд і назад. таму Клімаў падоўгу сядзіць у падвальнай камэры, чакаючы, калі скончыцца судовае паседжаньне ў зьеяволеных, што праходзяць па іншых справах.

XS
SM
MD
LG