Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 жніўня 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Нягледзячы на этнічныя сутычкі ў Косаве, а таксама акцыі пратэсту супраць корпусу міратворцаў, камандаваньне NATO ў Эўропе лічыць сваю місыю тут увогуле пасьпяховай.

Група альбанцаў нядаўна зьвярнулася да прадстаўнікоў NATOўскага кантынгэнту ў Прышціне, каб паказаць сэрба, які, на іх думку, удзельнічаў у этнічных чыстках падчас NATOўскай авіякампаніі. "Гэта прагрэс, – адзначае прадстаўнік брытанскіх сілаў палкоўнік Робін Годжс, – бо яшчэ шэсьць тыдняў таму яны б забілі яго".

Прадстаўніцтва NATOўскага камандаваньня ў Эўропе гэтак сама схільнае бачыць у Косаве прыкметы далейшае стабілізацыі. Этнічныя альбанцы вяртаюцца на працу, якой яны ня мелі дзесяткі гадоў. Альбанская музыка гучыць кожны вечар на цэнтральных вуліцах сталіцы. Карэспандэнт "Асашэйтэд Прэс" апісвае адно зь вясельляў, якому ён быў сьведкам: як прынята ў такіх выпадках, гучна сыгналячы, картэж ехаў па горадзе, прычым на першай машыне лунаў альбанскі сьцяг , які нейкі час быў забаронены.

Аднак, нягледзячы на прыкметы ўмацаваньня агульнае бясьпекі ў правінцыі, атакі ды акцыі пратэсту супраць саміх міратворцаў працягваюцца. Так, у нядзелю быў абстраляны нямецкі вайсковец, які спыніў некалькіх мужчынаў для праверкі дакумантаў у мястэчку Зьюм. Вайсковец застаўся жывы толькі дзякуючы бронекамізэльцы.

Сёньняшняя амэрыканская "Нью-Ёрк Таймс" апісвае таксама праблемы, зь якімі сутыкаецца расейскі вайсковы кантынгэнт, разьмешчаны ў пасёлку Малішава. У гэтым адносна стабільным раёне яны адчуваюць дыскамфорт. І ня толькі таму, што нават тутэйшыя дзеці сустракаюць іх крыкамі "Расея капут" і сымбалічным жэстам – складзенай з двух пальцаў літараю "V" (Victory) – нагадваючы пра альбанскую перамогу над сэрбамі, расейскімі хаўрусьнікамі. Вайскоўцы праводзяць фактычна бяссонныя ночы – бо амаль заўсёды спрацоўвае ахоўная сыгналізацыя, усталяваная вакол лягеру. Нядаўна яны знайшлі й коўдру, пакінутую ў схованцы – як мяркуе расейскае камандаваньне, гэта магла быць засада снайпэра. Раней расейскі вайсковец ужо быў паранены снайпэрам.

Косаўская вызвольная армія адмаўляецца супрацоўнічаць з расейскім кантынгэнтам. "Расейцы прыйшлі супраць нашае волі, і мы будзем супраць гэтага, хаця й мірным шляхам", – заяўляе адзін з кіраўнікоў Вызвольнае арміі Косава, які назваўся проста Мустафа.

На працягу выхадных таксама зафіксаваныя некалькі выпадкаў нападаў на сэрбаў . Два зь іх былі параненыя ў горадзе Косаўска Мітравіца і адвезеныя ў шпіталь французкімі вайскоўцамі. Некалькі нападаў адбылося і ў амэрыканскім сэктары. У зьвязку з гэтым, як паведамляецца, падазраваныя альбанцы зарыштаваныя.

Прадстаўніцтва NATO мяркуе, што ўсё ж агулам маштабы беспарадкаў і беззаконьня зьмяншаюцца. Дадаткова, як паведаміў канадзкі маёр Лавоі, прыбылі яшчэ 5 тысячаў міратворцаў. Да таго ж адзначаецца пэўны прагрэс і ў наладжваньні NATOўскай службы выведкі. Маёр Лавоі паведаміў, што зараз у большых маштабах праводзіцца агляд дамоў – як сэрбскіх жыхароў, так і альбанскіх – з тым, каб выявіць магчымае знаходжаньне прыхаванае зброі. Лавоі адзначае, што людзі сталі больш адкрытымі, пачалі размаўляць і прызнаваць незаконнасьць захоўваньня пальнае зброі.

І, урэшце, як адзін зь негатыўных бакоў нармалізацыі, рэпарцёры адзначаюць тэндэнцыю да этнічнага разьмежаваньня. Мястэчкі, што былі пераважна сэрбскімі, зараз становяцца цалкам сэрбскімі, мястэчкі, што былі пераважна альбанскімі, становяцца цалкам альбанскімі.

XS
SM
MD
LG