Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 жніўня 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Пачаўся візыт у Менск дэлегацыі Рэспублікі Татарстан начале зь віцэ-прэм'ерам, міністрам эканомікі Кагодзіным. Сам па сабе візыт, улічвавючы ягоны фармат, ня выклікаў бы асаблівай цікавасьці, калі б ня той факт, што апошнім часам ва ўзаемаадносінах Беларусі з Татарстанам не паўстала пэўная напружанасьць.

Татарстан – адзін зь нямногіх буйных рэгіёнаў Расеі, які яшчэ не наведаў Аляксандр Лукашэнка. Праўда, прэзыдэнт Татарстану быў сёлета ў Менску й нават меў сустрэчу зь міністрам замежных справаў Беларусі Уралам Латыпавам. Але здарылася гэта неяк мімаходзь, на шляху Менцімера Шайміева з адпачынку на радзіму.

І хаця ў беларускім МЗС напярэдадні прыезду татарстанскае дэлегацыі паведамілі, што яго трэба разглядаць, у прыватнасьці, у якасьці падрыхтоўкі да афіцыйнага візыту Лукашэнкі ў Казань, дата візыту дагэтуль застаецца невядомай.

Ва ўмовах росту цэнаў на нафтапрадукты ў Расеі (а цана тоны нафты ўпершыню перавысіла мяжу ў 20 даляраў) цалкам зразумелая цікавасьць Беларусі да рэгіёну, які зьяўляецца адным з найбуйных пастаўшчыкоў паліва. Тэме паставак нафтапрадуктаў, дэфіцыт якіх войстра адчуваецца і ў Беларусі, галоўным чынам прысьвечаныя перамовы віцэ-прэм'ера Татарстану зь беларускімі віцэ-прэм'ерамі Латыпавым і Навіцкім. Улічваючы важнасьць тэмы, лягічна было б чакаць сустрэчы Кагодзіна і з Лукашэнкам, тым больш, што ён неаднойчы прымаў у сябе і асобаў значна меншага афіцыйнага рангу, уключаючы, напрыклад, шахматыстаў.

Аднак, палітыка Шайміева, які ўзначальвае перадвыбарны блёк "Уся Расея", апошнім часам ня надта стасуецца з афіцыйнай палітыкаю Менску. Дастаткова нагадаць, што Шайміеў пасьлядоўна выступае супраць плянаў аб'яднаньня Беларусі й Расеі на ўмовах, прапанаваных Лукашэнкам. Нядаўні канфуз, які здарыўся зь ініцыятываю дэпутата Дзярждумы Ганчара ў арганізацыі рэфэрэндуму наконт узьяднаньня дзьвюх дзяржаваў, зьвязваюць з процідзеньнем губэрнатараў – у тым ліку, не ў апошнюю чаргу, Шайміева і ягонага патэнцыйнага хаўрусьніка Лужкова.

Акрамя таго, у пытаньні канфлікту ў Косаве Татарстан заняў пазыцыю, мякка кажучы, адрозную ад палітыкі славянскага адзінства, якую прапагандуюць у Менску.

Тым ня менш, як вядома, бэнзынавы голад – "ня цётка", таму ў рэжыма Лукашэнкі проста няма выйсьця, як дамаўляцца з краінамі-вытворцамі нафтапрадуктаў на якім заўгодна ўзроўні.

А ад прапагандысцкіх размоваў наконт славянскага адзінства і ўзьяднаньня з Расеяй можна пакуль што і ўстрымацца.

XS
SM
MD
LG