Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 жніўня 1999 г.


Мікола Лаўранюк, Беласток

Тым часам лідэры беларускае апазыцыі: старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Сямён Шарэцкі й старшыня Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк сустрэліся ў Беластоку. "Gazeta Wyborcza" назвала гэты факт "беларускай сустрэчай у вярхох". Увогуле польскія сродкі масавае інфармацыі адвялі шмат увагі гэтай сустрэчы.

Афіцыйнай прычынаю прыезду Сямёна Шарэцкага зь Вільні ў Беласток была ахвота пазнаёміцца з умовамі жыцьця беларускае нацыянальнай мяншыні ў Польшчы й асабліва зь яе сродкамі масавае інфармацыі. Аднак журналісты згодна ацанілі, што галоўным пунктам яго пабыўкі была доўгая размова за закрытымі дзьвярыма рэдакцыі беларускага тыднёвіка "Ніва" зь Зянонам Пазьняком.

Пасьля яе абодва палітыкі сказалі, што толькі абменьваліся поглядамі наконт сытуацыі ў Беларусі. Не было між імі аднак размовы аб супрацоўніцтве. "Не намерваемся а ні ствараць эміграцыйнага ураду", – згодна яны заявілі, "а ні гаварыць з Аляксандрам Лукашэнкам аб перадачы ўлады", – дадаў Сямён Шарэцкі, – "бо пасьля дваццатага ліпеня ён ніякі не прэзыдэнт, а звычайны грамадзянін Рэспублікі Беларусь. А якая можа быць размова з узурпатарам?!"

На імправізаванай прэсавай канфэрэнцыі Сямён Шарэцкі сказаў, што беларуская апазыцыя гуртуецца вакол такіх вартасьцяў, як змаганьне з рэжымам, свабодная дэмакратычная Бацькаўшчына, эканоміка якой будзе пабудавана на прынцыпах свабоднага рынку. Беластоцкая штодзёнка "Кур'ер паранны" азагаловіла выказваньне Шарэцкага "Беларусь хоча ў Эўропу".

Зянон Пазьняк сказаў, што ня бачыць рэальных шанцаў на аб'яднаньне ўсяе беларускае апазыцыі, бо дзеліцца яна на тых, хто змагаецца за незалежную Рэспубліку Беларусь і тых, каго адкінулі ад карыта. У адных і другіх зусім розныя інтарэсы, і няма між імі зыходных пунктаў.

Польскія журналісты пыталіся лідэраў беларускае апазыцыі, ці іх прыезд на Беласток зьвязаны з канцэсыяй беларускаму прыватнаму радыё "Рацыя"? Яны адказалі, што ў аніякім выпадку, нават не сустракаліся з кіраўніцтвам гэтага радыё. Аднак, і Зянон Пазьняк, і Сямён Шарэцкі станоўча ацанілі й тое, што ў Беластоку ствараецца беларускае радыё. У сёньняшняй сытуацыі важная кожная крыніца інфармацыі для Беларусі і пра Беларусь. Таму нельга не вітаць гэтай ідэі.

Радыё "Рацыя", нагадаю, якое ў Беластоку стварае Беларускі Зьвяз у Польшчы й менская суполка, атрымала канцэсыю ў пачатку жніўня. Згодна з польскімі законамі, першую перадачу мусіць выпусьціць ў эфір на працягу трох месяцаў. Гэта значыць, да лістападу бягучага году.

XS
SM
MD
LG