Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 жніўня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Тэмаю № 1 у беларускім палітычным жыцьці застаюцца будучыя перамовы паміж уладаю і апазыцыяй. Напрыканцы мінулага тыдню Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня хоча весьці перамовы з дэпутатамі Вярхоўнага Савету й лідэрамі апазыцыйных партыяў. Ён мае намер сесьці за стол перамоваў толькі з тымі прадстаўнікамі апазыцы, хто канструктыўна крытыкуе ўладу. "Я ня веру аніводнае партыі, аніводнаму руху", — паміж іншага заявіў кіраўнік выканаўчае ўлады Беларусі. Сваю ацэнку гэтым выказваньням далі ў інтэрвію Радыё "Свабода" старшыня Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Станіслаў Багданкевіч і лідэр Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае Грамады Станіслаў Шушкевіч.

Вялікую незадаволенасьць ва ўладных колах выклікаў мэмарандум сямі палітычных партыяў аб наданьні Вярхоўнаму Савету права фармаваць дэлегацыю на перамовах з уладамі. Беларуская тэлевізыя і дробныя чыноўнікі заяўлялі, што мэмарандум ёсьць сьведчаньне нямогласьці партыяў.

Напрыканцы мінулага тыдня выказаў свае меркаваньні на гэты конт і Аляксандар Лукашэнка. Ён сказаў, што гэтыя спадары, якія анічога зь сябе не прадстаўляюць, шукаюць гнілую ці паўгнілую структуру, каб паказаць сябе.

На думку кіраўніка выканаўчае ўлады, апазыцыі як такой у Беларусі ня йснуе, бо йдзе бойка паміж Ганчаром і Шарэцкім; Ганчаром, Шарэцкім, Шушкевічам і Багданкевічам ды іншымі. Далей Лукашэнка заявіў: "уся гэтая галоўка палітычная сканцэнтраваная ў 30 дэпутатах — старых рэштках Вярхоўнага Савету. Мы не зьбіраемся ствараць аўтарытэт гэтай галоўцы і садзіцца зь імі за адзін стол. Я ўжо сядзеў з пазьнякамі, ганчарамі й шарэцкімі за адным сталом".

Калі разглядаць гэтую заяву фармальна, дык гэта ёсьць адмова весьці перамовы ня толькі зь сябрамі Вярхоўнага Савету, але й зь лідэрамі найбольш уплывовых палітычных партыяў. Нагадаем, што й Багданкевіч, і Ганчар, і Шушкевіч, якіх узгадваў кіраўнік выканаўчае ўлады, ёсьць лідэры палітычных партыяў. І калі Лукашэнка ня хоча весьці перамовы зь імі, дык не зразумела — зь кім ён зьбіраецца іх весьці наогул?

Але самі кіраўнікі партыяў успрынялі заяву Лукашэнкі даволі спакойна. Вось што заявіў у інтэрвію Радыё "Свабода" старшыня Аб'яднанае Грамадзянскае партыі, сябра Вярхоўнага Савету Станіслаў Багданкевіч:

(Багданкевіч: ) "Мы ведаем Лукашэнку. І ведаем, што ён можа зрабіць дзьве супрацьлеглыя заявы ў дзень. Ён жа заявіў адмысловай групе АБСЭ, што ён гатовы да палітычных перамоваў з палітычнай апазыцыяй — было сказана літаральна так.

Я хацеў бы адзначыць, што са 199 дэпутатаў — у "палаце" толькі 110. Мая партыя мае фракцыю 22 чалавекі. Памножце гэта на 30 000 выбаршчыкаў, якія прадстаўляе кожны дэпутат — гэта 600 000 чалавек. А ня 2,5 тысячы чалавек, якія зьяўляюцца сябрамі Аб'яднанае Грамадзянскае партыі. Заява Лукашэнкі — гэта чыстая прапаганда.

У мяне вельмі мала ілюзыяў наконт таго, што мы зможам весьці перамовы з Лукашэнкам. Ён жа ўвесь час прамаўляе маналёгі. І відаць, думае, што будзе працягваць маналёгі й на перамовах з апазыцыяй".

А дэпутат Вярхоўнага Савету, лідэр Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч пракамэнтаваў заяву Лукашэнкі наступным чынам:

(Шушкевіч: ) "Шукаць нейкі здаровы сэнс у выступах грамадзяніна Лукашэнкі, які незаконна прысвоіў сабе правы прэзыдэнта пасьля 21 ліпеня, мне здаецца — усё цяжэй і цяжэй.

З аднаго боку рэжым аб'яўляе, што ён зацьвердзіў дэлегацыю для вядзеньня перамоваў. І пасьля гэтага сам жа ж грамадзянін Лукашэнка аб'яўляе аб тым, што ён перамовы весьці ня будзе — ён лічыць апазыцыю неканструктыўнай і г.д.

Неканструктывізм выяўляецца з боку рэжыму, які пацярпеў поўны крах. Можна езьдзіць і гаварыць усялякія глупствы, прывабліваць да сябе людзей, якія пазбаўленыя крыніцаў інфармацыі... Але крах будзе яшчэ большым. І калі ён вядзе сябе да краху, то відавочна, што будзе значна горшы варыянт за варыянт перамоваў.

І цяпер — пра апазыцыю. Апазыцыя якраз вельмі канструктыўна цяпер дзейнічае. Няма аніякіх пярэчаньняў паміж бальшынёю ўплывовых партыяў. Яны выпрацавалі аднолькавы падыход. Даверылі фармаваньне дэлегацыі Вярхоўнаму Савету. Сваім мэмарандумам яны папрасілі Вярхоўны Савет так паступіць.

Вярхоўны Савет зьбярэцца на сэсыю й зацьвердзіць гэтую дэлегацыю. Іншымі словамі, мы дзейнічаем у адпаведнасьці з дамоўленасьцямі з АБСЭ і выконваем патрабаваньні АБСЭ.

Мы доўга спрачаліся, дыскутавалі — як гэта лепей зрабіць? І выпрацавалі пэўную праграму.

Зь ёю спачатку пагаджаўся ўрад. Калі ўрад убачыў, што на перамовах мы пакажам — што сабою які бок уяўляе, ён гэтага забаяўся. І Лукашэнка аб'явіў аб тым, што ён гэтага баіцца. Аніякае іншае заявы зь ягонага боку фактычна не было".

(Карэспандэнт: ) "Вы лічыце, што гэта ўжо канчатковая адмова ад перамоваў?"

(Шушкевіч: ) "Казаць пра нейкія канчатковыя вынікі й шукаць нейкую лёгіку ў выступах "прэзыдэнта" — гэта, ведаеце, справа псыхіятраў. Таму што пярэчаньняў у гэтых выступах так шмат, што гэта можа быць чарговым блефам — як ён спачатку "арыентаваўся на Расею", а пасьля ён "арыентаваўся на Захад", а пасьля — ізноў "на Расею". І дзе ў яго праўда, а дзе хлусьня — вельмі цяжка ўявіць... І ён сам, я баюся, не разумее пад час выступу — што гаворыць..."

(вядучая ў студыі Алена Радкевіч: ) "Юры, вось зараз улада вельмі шмат увагі надае гэтым перамовам. І афіцыйная тэлевізыя... і Лукашэнка ўжо ня ў першы раз узгадвае ў сваіх публічных прамовах... Ці гэта сьведчыць з твайго пункту погляду, што ўлады сапраўды занепакоеныя гэтымі перамовамі? Якім магчымым вынікам перамоваў яна можа быць так занепакона?"

(Дракахруст: ) "Мне падаецца — тое, што адбываецца зараз — і заявы чыноўнікаў, і газэтная кампанія, і заявы самаго Лукашэнкі — гэта пэўная падрыхтоўка да перамоваў, гэта спроба дэмаралізаваць свайго суразмоўцу, гэта спроба раскалоць сваіх суразмоўцаў, пасварыць міжсобку. І на мой погляд, пакуль — ні больш за тое.

У гэтым выпадку я згодны са сваімі суразмоўцамі ў тым, што гэтая заява Лукашэнкі наўрад ці азначае, што ён ужо зараз адмаўляецца ад перамоваў. Ён проста спрабуе запалохаць апазыцыю, ён спрабуе адразу заняць больш моцную пазыцыю на перамовах. Але мне падаецца, што пакуль ён не адмаўляеца ад іх".

(Радкевіч: ) "І ўсё ж такі — якіх вынікаў гэтых перамоваў можа апасацца Лукашэнка?"

(Дракахруст: ) "Адзін вынік, якога ён баіцца — гэта посьпех перамоваў. Бо нават калі, прыкладам, на перамовах бакі дамовяцца аб правядзеньні вольных выбараў у палату прадстаўнікоў "нацыянальнага сходу", то, магчыма, для Лукашэнкі гэта можа стаць небясьпечным.

Так, мы ўсе ведаем, якія паўнамоцтвы палаты прадстаўнікоў і г.д. Але! Ёсьць такая заканамернасьць, якая тычыцца сыстэмаў дыктатарскага тыпу, што калі ў іх узьнікае нейкі чужародны элемэнт, то сыстэма можа вельмі хутка пасыпацца. Вельмі хутка!

І магчыма, ён баіцца менавіта гэтага — што, так бы мовіць, аддасі палец — адхопяць руку, а можа й галаву. Гэта адзін момант.

А другое, чаго ён, магчыма, баіцца — гэта тое, што ўсё ж такі, відаць, ад пачатку гэтага году Захад, у тым ліку й Злучаныя Штаты Амэрыкі, абраў шлях перамоваў. Яны вырашылі, што трэба пасадзіць у Беларусі бакі за стол перамоваў, каб яны да чагосьці дамовіліся. І вось калі перамовы будуць усё ж такі сарваныя, прычым, сарваныя бокам улады — ну магчыма, будзе нейкі іншы шлях... Магчыма, будзе нейкая іншая праграма Захаду для Беларусі. І якой яна будзе — пакуль невядома. Магчыма, Лукашэнка баіцца менавіта гэтае нявызначанасьці, бо мы ўжо шмат разоў чулі ад яго заявы наконт таго, што вось "была Югаславія — наступнай будзе Беларусь!" Гэта, магчыма, і лукаўства зь ягонага боку, а магчыма — і сапраўдная боязь..."

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG